Унутраная прастора дома ўключала каля 20 рознай велічыні пакояў: прасторны вестыбюль, галоўную залу, сталоўку, абсталяваныя мэбляй у стылі бідэрмеер, заснаваным на штучным адраджэнні стыляў мінулых эпох. Дом ацяпляўся кафлянымі грубкамі і двума камінамі. Цікавасць уяўлялі бібліятэка ў 3000 тамоў, калекцыя насякомых каля 10 000 экземпляраў, нумізматычная калекцыя ў 746 манет, экспазіцыя старажытных сякер каменнага веку з навакольных курганоў, а таксама збор шклянога посуду XVIII ст.
Парка пры сядзібе не было, яго замяняў вялізны пладовы сад, абкружаны з чатырох бакоў ліпавымі і арэхавымі алеямі. Перад домам знаходзіўся адкрыты кветнік з клумбамі і рабаткамі.
Маёнтак Анінск размяшчаўся ў Полацкім ваяводстве (Себежскі р-н Пскоўскай вобл.) у маляўнічай мясцовасці на беразе возера Малая Альбята. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай сядзіба з першапачатковай назвай Воліна перайшла да расейскага арыстакрата Бакуніна. Аднак неўзабаве ў 1798 г. маёнтак у яго адкупіў полацкі падваявода Траян Корсак ці яго сын Еўзебіюш (себежскі маршалак). Менавіта тады паселішча атрымала новую назву ад імя Анеліі, старшай дачкі Еўзебіўша Корсака. Асноўнай рэзідэнцыяй Корсакаў яшчэ з XV ст. з'яўлялася сядзіба Дзярновічы ў тым жа Полацкім ваяводстве, секвестраваная царскім урадам. Паводле легенды, прычынай канфіскацыі Дзярновіч стаў канфлікт Траяна Корсака з расейскім афіцэрам, які дазволіў сабе непаважліва паставіцца да жонкі ўладальніка маёнтка і быў выкінуты праз акно. Пасля Еўзебіюша Анінск атрымаў у спадчыну яго сын Пётр, паўстанец 1831 г., таксама себежскі маршалак. У 1914 г. яго сын Браніслаў пакінуў маёмасць сваёй дачцэ Марыі Янкоўскай.
Траян Корсак набыў Анінск з невялікім мураваным сядзібным домам, на месцы якога збудаваў новы драўляны дом, значна большы, які праіснаваў да рэвалюцыі 1917 г. Сядзіба вядома па мемуарных успамінах уладальнікаў і па двух малюнках. На адным з іх, выкананым каля 1915 г. У. Корсакам, паказаны дом з боку ўезда, на другім, больш ранейшым, Напалеона Орды, — з боку парка і возера. Увогуле дом не атрымаў выразнай стылёвай характарыстыкі, але ў аб'ёмнай пабудове меў усе рысы традыцыйнай сядзібы памешчыка сярэдняй рукі XIX ст. Простакутны ў плане аднапавярховы будынак у цэнтры меў двухпавярховую пяцівосевую частку пад двухсхільным дахам. Вынасная тэраса галоўнага фасада трымалася на чатырох масіўных слупах з вісячымі бакавымі аркатурамі і ажурнай трыльяжнай агароджай. Пад тэрасу вялі бакавыя пандусныя ўезды для экіпажаў. Другая тэраса на тыльным фасадзе была ўзнята на аркадзе. Дом, накрыты гонтавым дахам, чляніўся на фасадах простымі простакутнымі вокнамі і выглядаў даволі сціпла. Унутраная планіровачная арганізацыя дома невядома. З гаспадарчых будынкаў на панскім двары існавалі свіран, лядоўня і бровар.
Перад домам быў разбіты вялізны газон. За правым флігелем цягнуўся пладовы сад, абкружаны лесам з прагулачнымі сцежкамі і цудоўным возерам. Каля мастка на ўзгорку стаяла гранёная капліца. Тут жа, на возеры, высаджаны ліпамі востраў, які служыў месцам для адпачынку і прагулак. На завароце адной з алей размяшчалася фамільная грабніца ў выглядзе архаічнага свяцілішча з гранітным крыжам. Участак плошчай 10 га займаў так званы «новы сад».
Старажытны маёнтак Арэхаўна (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.) з'яўляўся ўласнасцю Корсакаў. Дзісненскі староста Баркалап Корсак каля 1574 г. аддаў свае зямельныя ўладанні ў пасаг дачцэ Еве — жонцы Багдана Саламярэцкага. У 1591 г. яны прадалі Арэхаўна Лашмінскім, якія валодалі ім да 1693 г., калі маёнтак выкупіў Крыштаф Шчыт. Адна з пяці дачок Юзафа Шчыта адкупіла ў сясцёр сядзібу ў 1781 г. і стала адзінай уладальніцай Арэхаўна. У далейшым маёнтак атрымаў у спадчыну менскі кашталян Шымон Забела. У першай палове XIX ст. уладанне перайшло да яго малодшага сына Юзафа, які ў 1834 г. фундаваў у вёсцы царкву. Апошнім уладальнікам Арэхаўна быў Уладзіслаў Забела (1870–1932). На пачатак XX ст. ад сядзібы-крэпасці засталіся толькі равы і валы, засыпаныя падвалы і падземныя калідоры.