Шырокую вядомасць сядзіба набыла ў 1850- 1870-ых гг. вялікай калекцыяй твораў прафесійнага і народнага мастацтва, сабранай на працягу многіх гадоў Міхалам Тышкевічам. Да найбольш каштоўных належалі калекцыя вайсковых даспехаў XVI–XVII стст., збор жывапісу, старажытнага фаянсу, фарфору і шкла, а таксама калекцыя манет, прададзеная пазней Эмерыку Чапскаму ў Станькава (Дзяржынскі р-н).
У 1770-ых гг. літоўскі падскарбі Антоній Тызенгаўз пабудаваў для караля Станіслава Аўгуста ў наваколлі Горадні дзве блізкія па архітэктурнай трактоўцы сядзібкі, назваў іх імёнамі манарха «Станіславова» і «Аўгустова». Апошняя знаходзілася за 3 км ад горада на левым беразе Нёмана. У нязменным стане яна захоўвалася да першай сусветнай вайны, калі расейскае войска, адыходзячы ад Горадні, спаліла сядзібу.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтае канфіскаванае расейскім урадам каралеўскае ўладанне перайшло ў прыватную ўласнасць. Кацярына II аддала Аўгустова генералу графу Маўрыкію дэ Ланці за яго заслугі ў час турэцка-расейскай вайны. У 1819 г. граф завяшчаў маёнтак, які налічваў з лесам, лугамі і фальваркамі каля 12 000 га, свайму пляменніку Патрыку О'Брыну — англійскаму капітану. Пасля яго смерці ўладанне перайшло да сына Аляксандра, а з 1908 г. засталося за ўдавой Габрыэляй Радавіцкай. У 1921 г. маёнтак быў падзелены на дзве часткі: сядзіба дасталася сыну палкоўніка расейскай арміі Цярэнцію О'Брын дэ Ланці, а карчма і фамільная капліца — брату Маўрыкію, які перабудаваў карчму на добрую панскую сядзібу.
Мяркуюць, што праект сядзібы распрацаваў італьянскі дойлід Джузепе дэ Сака ці Фрэдэрык Накс. Узведзены пры Антонію Тызенгаўзу сядзібны дом ў Аўгустове ўяўляў сабой невялікі аднапавярховы будынак з мансардай у цэнтры. Будынак накрываў высокі чатырохсхільны дах над бакавымі крыламі і паўкруглы над сярэдняй двухпавярховай часткай. Сярэдняя трохвосевая частка фасада вылучалася двухпавярховым рызалітам, падножжа якога складалася з пакрытай рустам аркады. Верх рызаліта, расчлянёны трыма арачнымі вокнамі і тасканскімі пілястрамі, атрымаў багаты дэкор у стылі Людовіка XVI. Панелі над вокнамі мелі ляпныя аздобы ў выглядзе выгнутых пад прамым вуглом раслінных узораў. Фрыз над пілястрамі быў набраны з трыгліфаў і метоп. Пасярэдзіне лучковага франтона, ахопленага прафіляваным карнізам, бачылася авальнае акно, абкружанае гірляндай з каронай. Ад авала разыходзіліся кветкавыя арнаменты. Больш сціпла выглядалі плоскасныя бакавыя часткі галоўнага фасада. Над нішамі на даху мясціліся круглыя люкарны. Галоўным акцэнтам паркавага фасада стаў сярэдні трохгранны рызаліт, крапаваны пілястрамі і дэкарыраваны фрызам. Тром высокім арачным дзвярам, якія вялі на паркавую тэрасу, наверсе адпавядалі высокія простакутныя вокны. Кветкавымі гірляндамі былі дакарыраваны і надаконныя панелі. Невялікі трохкутны, ахоплены карнізам франтон запаўняў авальны вянец з ніспадаючымі кветкавымі гірляндамі, у сярэдзіне якога памяшчаліся каралеўскія ініцыялы з каронай. Усе элементы дэкору, пафарбаваныя ў белы колер, выразна вылучаліся на жоўтым фоне атынкаванага фасада.
Першапачаткова сядзіба ўключала каля дзесяці памяшканняў, анфіладна размешчаных у два рады. У цэнтры на першым і другім паверхах меліся дзве вялізныя парадныя залы. Рызалітная частка дома з боку ўезда складалася з сярэдняга невялікага хола, правага крэдэнса і левай паўкруглай дубовай лесвіцы, якая вяла на другі паверх. Па правы і левы бакі рызаліта на фронту змяшчаліся па два жылыя пакоі. З хола праход вёў у прасторны паркавы авальны салон (у мінулым бальная зала). Яго ўпрыгожваў плафон на падугах і ўзорысты паркет. Сцены пакрываў фрэскавы роспіс, які імітаваў лёгкія драпіроўкі з бахрамой колеру бардо. Залу ацяпляў просты камін з вапняку, зроблены ў XIX ст. Да першай сусветнай вайны на сценах салона захаваліся два алейныя партрэты імператрыцы Кацярыны II, прыпісваемыя пэндзлю І.X. Лампі, і партрэт Паўла І невядомага мастака. Мэбля чырвонага дрэва і дванаццацісвечныя бронзавыя жырандолі адносіліся да стылю ампір. Некаторыя пакоі былі абсталяваны вельмі старой мэбляй, прывезенай з Італіі. У доме знаходзіліся творы з фарфору і серабра, цудоўная бібліятэка і фамільны архіў. З правага боку ад салона размяшчаўся другі простакутны салон. З плафона звісала дванаццацісвечная сярэбраная люстра. Па левы бок ад авальнага салона ішлі два жылыя пакоі з простакутнымі кафлянымі печамі XIX ст. У кабінеце стаяў камін накшталт каміна авальнага салона. Другі паверх меў адзіную тэатральную залу, да бакавых дзвярэй якой уздымалася лесвіца.