Двухаконны кабінет, вытрыманы ў светла-зялёных танах з маляванымі карнізамі і прафіляванымі філёнгавымі панелямі, вянкамі з гірляндамі на супрапортах, прылягаў да вестыбюля з левага боку. У кабінеце меліся вуглавая кафляная печ, дзве пары бібліятэчных шафаў у стылі Людовіка XVI, гадзіннік таго ж стылю, польскі гербавы габелен XVIII ст., старая зброя, чатыры фамільныя партрэты.
Авальная бальная зала, накрытая купалам, таксама была дэкарыравана грызайльным роспісам з выявамі каланад, карнізаў і іншых архітэктурных дэталяў. Пад купалам цягнуўся маляваны круг кесонаў, а плафон з выявай Фартуны афармляў, верагодна, вядомы мастак Антон Смуглевіч. Асаблівую цікавасць уяўляў паркет, набраны з некалькіх гатункаў ясеню, выкладзены ў выглядзе аграмаднай зоркі. Зала абагравалася цёплым паветрам з падвальных грубак. З бальнай залы направа дзверы вялі ў вялікі салон у тры акны, названы «блакітным» з-за колеру сцен, якія чляніліся пазалочанымі арнаментальнымі рамамі, запоўненымі фрэскамі на алегарычную тэматыку, змешчанымі ў авальныя медальёны. Плафон салона, таксама вытрыманы ў блакітным тоне, меў авальнае абрамленне з белымі разеткамі па вуглах, з сярэдзіны звісала вялікая драўляная пазалочаная люстра ў стылі Людовіка XV. Міжаконныя прасценкі «блакітнага» салона займалі дсве вялізныя люстры XVIII ст. У куце знаходзіўся багата прафіляваны камін са штучнага мармуру, упрыгожаны ў верхняй частцы вазай з гірляндай. Другі кут займала печ. На сценах салона віселі фамільныя партрэты.
Наступная ў анфіладзе апартаментаў зала ў паўночным кірунку насіла назву «каралеўскай» і калісьці служыла спальняй Станіславу Аўгусту. Жоўтыя сцены пакоя з бардзюрам і фрызам наверсе ў тэхніцы грызайль упрыгожвалі гратэскавыя арнаментныя матывы. Пара калон падзяляла памяшканне на дзве часткі. Частка спальні некалі мела абіўку чырвонай адамашкай, з якой быў зроблены і балдахін над аграмадным ложкам. У час маскоўскага паходу ў гэтай пасцелі спаў Напалеон. Важны элемент інтэр'ера каралеўскага пакоя — белая акруглая кафляная печ у выглядзе канеліраванай калоны, завяршалася вазай з полымем і гірляндамі. Лакіраваныя, як і ва ўсім палацы, філёнгавыя дзверы пакрывала пазалочаная разьба. У пакоі стаяла мэбля ў стылі Людовіка XVI і віселі дзве выявы Божай Маці і партрэт Пятра Вялікага.
Побач з «каралеўскай залай» знаходзіўся «кабінет Напалеона», абіты шпалерамі пастэльных таноў, з акруглай кафлянай печчу, на сценах віселі фамільныя партрэты. Пазалочанае люстра ў стылі Людовіка XVI, французскія гравюры, бронзавыя кандэлябры дапаўнялі абсталяванне кабінета.
Да бальнай залы злева далучаўся «чырвоны» салон, таксама абіты адамашкай. Тут знаходзіўся камін са штучнага мармуру з пазалочанай кансоллю, мармуровай плітой і вузкім люстрам у стылі Людовіка XVI. Сцены ўпрыгожвалі фамільныя партрэты Ціханавецкіх. У салоне стаяў гадзіннік Буля з кансоллю, дэкарыраванай бронзай, старая алейная лямпа з кітайскага фарфору, сеўрскі бронзавы гадзіннік XVIII ст., італьянская мармуровая ваза, калекцыя фігурак саксонскага фарфору, слуцкія паясы.
Заслугоўвала ўвагі наступная ў анфіладзе спальня, падзеленая, як і «каралеўская» зала, калонамі на дзве часткі, дзе стаялі два ложкі, вісела люстра ў стылі Людовіка XVI, італьянская пастэль з выявай Божай Маці. Пад сафітам прабягаў пазалочаны бардзюр. Абіты шпалерамі будуар адрозніваўся выдатным паркетам, набраным з 36 гатункаў рознакаляровага дрэва, які параўноўваўся з паркетамі каралеўскага замка ў Варшаве.
Фамільны архіў, які захоўваўся ў палацы, утрымліваў дакументы з XV ст. У 1916 г. з набліжэннем фронту каштоўны збор бачэйкаўскага палаца быў пагружаны ў тры вагоны і вывезены да Масквы, дзе і загінуў.