Палац займаў цэнтр восевай паркавай кампазіцыі, расцягнутай на 850 м у кірунку ўсход — захад. З усходняга боку пры ўездзе да сядзібы на плошчы 6,2 га стаяў мяшаны лес, расчлянёны прамымі алеямі, якія стваралі перад палацам своеасаблівы квадратны курданёр. Ад палацавага газона яго адмяжоўвала перпендыкулярная да палаца пад'яздная алея, высаджаная таполямі і завершаная так званым «паляўнічым домікам», які сваім выглядам нагадваў дробнапамесную панскую сядзібу з калонным порцікам. Перад яго аднапавярховым будынкам пад чатырохсхільным дахам размяшчаўся абшырны газон і мураваная брама з двух пілонаў, завершаных вазамі.
У сярэдзіне простакутнага двара перад палацам была разбіта авальная клумба, абкружаная стрыжанымі піхтамі. У яе цэнтры знаходзіўся сонечны гадзіннік з высокім абеліскам. З боку ўезда па абодва вуглы двара стаялі маленькія домікі, у адным з якіх жыў архітэктар, кіраўнік будаўнічых работ, у другім размяшчалася капліца. Па баках палаца стаялі вялікія аднапавярховыя флігелі з гонтавымі дахамі.
Асноўная рэгулярная частка парка з заходняга боку за палацам спускалася тэрасамі да луга, канала і ракі. З паўднёвага боку да парка далучаўся вялікі сад. З поўначы — гаспадарчыя будынкі і сажалка. Бліжэй да ракі былі збудаваны аранжарэя і цяпліца, двухпавярховы дом садоўніка, накрыты высокім чатырохсхільным дахам. За 20 м на поўдзень ад палаца знаходзіўся стары лямус, прыстасаваны пазней пад більярдную. Квадратны ў плане, ён меў дах ў кітайскім стылі з увагнутымі схіламі, па перыметры будынак абкружала калонная галерэя. Галоўная алея парка пераходзіла ў канал, выкапаны ў 1843 г.
Ёсць версія, што ў бачэйкаўскім архіве захоўваўся праект парка, падпісаны вядомым французскім паркабудаўніком А. Ленотрам, знішчаны ў час першай сусветнай вайны. Другая гіпотэза нагадвае пра сувязь кампазіцыі парка з садамі Пецяргофа. Рэгулярны парк, закладзены з заходняга боку палаца, меў чатыры тэрасы, па якіх цягнуліся падстрыжаныя алеі, абмяжоўваючы яго жывым плотам. У сярэдняй частцы пасадкі адсутнічалі. Ліпавы лабірынт, створаны па манаграмах ІС (Юзаф Ціханавецкі) і АС (Ганна Ціханавецкая), надаваў парку своеасаблівасць.
На мяжы XVIII–XIX стст. у Бачэйкаве разгарнулася прамысловая вытворчасць. Тут выраблялі тканіны і шкло, існавалі збройныя і мэблевая майстэрні пад кіраўніцтвам англійскіх майстроў, а саміх рабочых адсылалі на вучобу ў Парыж і Лондан. Першая сусветная вайна пашкодзіла палацава-паркавы ансамбль. Палац і некаторыя будынкі загінулі ў ліхалецці Другой сусветнай вайны. Захаваліся толькі «паляўнічы» домік і фрагмент парка, а таксама дом садоўніка.
У вёсцы Бранчыцы (Салігорскі р-н Менскай вобл.) мелася вядомая па інвентары 1682 г. сядзіба шляхціца сярэдняй рукі. У яе арганізацыі прасочваецца не столькі рэпрэзентацыйны накірунак, колькі гаспадарчая мэтазгоднасць. Вялізнае падвор'е ўключала сядзібны дом са службовымі будынкамі. Дом уладальніка размяшчаўся ў цэнтры сядзібнага комплексу і ўяўляў сабой аднапавярховы простакутны ў плане аб'ём з тарцовым алькежам. Тыльным фасадам дом выходзіў у сад. Унутраная планіроўка арганізоўвалася па баках сенцаў і ўключала пяць жылых пакояў. Побач з домам знаходзіўся пограб, тры свірны, адзін з якіх двух'ярусны з традыцыйнай галерэяй на галоўным фасадзе. Непадалёку стаялі стайня і тры флігелі. Гаспадарчы фальварак мясціўся адасоблена і ўключаў жылы дом, сыраварню, вялікую ў выглядзе квадратнага карэ абору, гумно з токам, адрыну, хлявы, саладоўню, бровар і іншыя пабудовы. Пры сядзібе працавалі майстэрня для адбельвання палатна, лазня і млын. Усе драўляныя будынкі былі трактаваны ў традыцыях народнага дойлідства, якія надалей знайшлі ўвасабленне ў рэпрэзентацыйным сядзібна-паркавым будаўніцтве. Сядзіба не захавалася.
Маёнтак Брынёў (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) набыў у канцы XVIII ст. Антон Нестар Кіеневіч, падкаморы наваградскі. З 1890 па 1917 г. маёнтак знаходзіўся ў валоданні Гераніма Кіеневіча (1866–1925). У сядзібе ішло насычанае культурнае жыццё. Тут пастаянна праводзіліся паэтычныя вечары, у хатнім тэатры ставіліся напісаныя гаспадаром п'есы, адбываліся паляванні ў навакольных лясах.
У канцы XIX ст. у Брынёве, дзе мелася маленькая сядзіба на фальварку, адразу пасля шлюбу Геранім Кіеневіч пачынае будаўніцтва вялікай панскай сядзібы. Аднак работы спыніліся з-за першай сусветнай вайны. Сядзібны дом складаўся з трох падковападобна размешчаных карпусоў. Галоўны з іх — адзінаццацівосевы аднапавярховы будынак з двухпавярховым трохвосевым цэнтральным рызалітам і невялікім чатырохкалонным порцікам перад ім. Цэнтральны ўваход быў вырашаны двухкалонным парталам.