Выбрать главу

Падобныя памеры і класіцыстычную трактоўку меў і левы корпус сядзібы з порцікам у сярэдняй частцы галоўнага фасада. З двара карпусы аб'ядноўваліся абшырнай тэрасай з балюстрадай і двухбаковымі лесвіцамі, якія спускаліся да парку.

Вайчызнаўская сядзіба

Да сярэдзіны XIX ст. маёнтак Вайчызна (Бераставіцкі р-н Гарадзенскай вобл.) з'яўляўся маёмасцю Юндзілаў. Віктар Юндзіл (1792–1862) усе свае ўладанні падзяліў паміж дзецьмі. Вайчызна дасталася дачцэ Тэрэзе, жонцы Рычарда Карыбут-Дашкевіча.

Стаўшы ўладальнікам Вайчызны Рычард Дашкевіч зажыў ва ўжо існаваўшым тут старым драўляным доме — аднапавярховым, дзесяцівосевым, узнесеным на высокі мураваны фундамент будынку. Па вуглах яго галоўнага фасада выступалі ганкі, аформленыя дзвюма парамі калон на высокіх пастаментах. На натуральным фоне зрубленых з буйных брусоў, неатынкаваных сцен дома вылучаліся пабеленыя ліштвы акон і калон. Дом накрываў даволі высокі чатырохсхільны гонтавы дах, прарэзаны двума простакутнымі слыхавымі вокнамі.

Прасторныя парадныя апартаменты мелі шпалерную абіўку і паркетную падлогу. У адным з салонаў стаяла высокая белакафляная печ, па-мастацку распісаная краявідамі ў стылі мадэрн. Арнамент з гірлянд, мужчынскі партрэт, два крылатыя грыфоны ў завершы таксама аздаблялі печ. На каміне з цёмнага мармуру, які знаходзіўся ў зале, стаяў мужчынскі беламармуровы бюст, вісела высокае люстра ў разной раме. Інтэр'еры ўпрыгожвалі фамільныя партрэты, усходнія дываны, саксонскі фарфор, хрусталь і серабро.

Сядзіба размяшчалася сярод прыгожага парка. Адкрытая прастора перад домам была занята абшырным дваром з акруглым газонам, абсаджаным дрэвамі. Месца на ўскраіне парка займаў стары мураваны свіран.

Варончанская сядзіба

У другой палове XVIII і да пачатку XX ст. у вёсцы Варонча (Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.) існаваў сядзібна-паркавы ансамбль, аснову якога складаў панскі дом і два бакавыя флігелі, якія стваралі парадны двор з круглым газонам. Архітэктурны комплекс сядзібы дапаўняўся касцёлам, скарбніцай, броварам, гаспадарчымі будынкамі ў атачэнні пейзажнага парка. Сядзіба сфармавалася ў часы караля Станіслава Аўгуста апошнім навагрўдскім ваяводам Юзафам Несілоўскім, які добраўпарадкаваў Варончу цудоўнымі па сваёй архітэктуры будынкамі. Пасля смерці ваяводы ў Варончы ў 1814 г. яго сын, генерал польскага войска, памяняў маёнтак на ўладанне генерала Фларыяна Кабылінскага ў Польшчы. Дачка Кабылінскага графіня Раствароўская ў 1844 г. прадала маёнтак Антону Мерзееўскаму. Апошнімі ўладальнікамі Варончы сталі Любанскія. Цалкам сядзіба зруйнавана ў гады другой сусветнай вайны, захаваліся толькі бровар і касцёл, фрагменты парка.

Найранейшая выява сядзібы належыць пэндзлю мастака Н. Орды, які напісаў сваю акварэль у 1876 г. Сядзібны дом быў узведзены ў 1787 г. і ўяўляў сабой аднапавярховы простакутны ў плане драўляны будынак пад высокім мансардавым гонтавым дахам. Архітэктурна-стылёвая трактоўка помніка мела пераходны характар ад барока да класіцызму: барочная пластычнасць даху і яго авальных люкарнаў суседнічала са строгасцю класічнай ордэрнай сістэмы, яе порцікамі і пілястрамі. Рытм гарызантальна ашаляваных фасадаў стваралі простакутныя вокны і прасценачныя пілястры. Уваходы ў парадную і жылую часткі, вылучаныя двума чатырохкалоннымі порцікамі з мансардамі над імі, накрывалі двухсхільныя дахі. Памяшканні параднай і жылой паловы дома звязваліся паміж сабою анфіладна. Парадная частка ўключала вялікую залу, прыхожую, гасціную, кабінет і іншыя памяшканні (у некаторых сцены і столь былі ўпрыгожаны роспісам, кафлянымі печамі і мармуровымі камінамі). Жылая частка складалася з некалькіх спальняў, алькова і каморы. Пад домам знаходзіўся лабірынт скляпеністых падвалаў.

Прысядзібны касцёл святой Ганны быў узведзены ў 1781 г. (па іншых звестках у 1809 г.) Юзафам Несілоўскім. Тут прыняў хрышчэнне вядомы беларускі паэт Ян Чачот. Храм ўяўляў сабой мураваную трохнефавую базіліку таксама ў сімбіёзным барочна-класіцыстычным стылі. Галоўны фасад з шасцікалонным порцікам, завершаны антаблементам, фланкіравалі дзве трох'ярусныя купальныя вежы з трохкутным франтонам паміж імі. У інтэр'еры — роспіс на архітэктурныя матывы (захаваўся ў алтарнай частцы).

Размешчаная непадалёку ад дома мураваная скарбніца з'яўлялася творам архітэктуры ампіру. Была збудавана па тыпу гарадской ратушы: над аднапавярховым простакутным у плане будынкам з паўвальмавым гонтавым дахам узвышалася чатырохгранная вежа з курантамі і завяршальным шпілем на ярусным пастаменце. Простакутныя вокны, дэкарыраваныя простакутнымі нішамі, стваралі манатонны, характэрны для ампіру рытм. У цэнтральнай частцы руставанага галоўнага фасада вылучаўся рызаліт з трохкутным франтонам.