За кіламетр ад берага Нёмана ў вёсцы Воля (Мастоўскі р-н Гарадзенскай вобл.) існавала цікавая панская сядзіба. На працягу XIX ст. яна належала роду Крывіцкіх. Але з сярэдзіны XIX ст. гаспадары сядзібы пераехалі ў другі ўласны маёнтак у Зяльвянах. У выніку Воля апусцела і заставалася забытай да першай сусветнай вайны. На мяжы XIX–XX стст. маёнтак плошчай каля 400 га перайшоў да Эдварда Тарасевіча, які парадніўся з Крывіцкімі. Ён адрамантаваў сярэднюю частку панскага дома і левае крыло. У 1914–1920 гг. сядзіба зноў страціла жыхароў, але ў 1928 г. адбыўся новы рамонт, які, аднак, абмежаваўся аднаўленнем інтэр'ераў памяшканняў.
Сядзіба ў стылі позняга класіцызму з'явілася ў 1832 г. Будынак мысліўся трохчасткавым: галоўны корпус і два бакавыя крылы. Аднак у рэальнасці паўстаў толькі галоўны корпус і левае крыло. Дзевяцівосевы галоўны корпус сядзібы, пабудаванай на плане простакутніка і высокім цокалі, накрываў чатырохсхільны гонтавы дах, абапёрты на карніз з дэнтыкуламі. У трохвосевай сярэдняй частцы дом меў надбудову мезаніна і буйнамаштабны шасцікалонны тасканскі порцік. Дзве яго калоны былі прысценнымі, а чатыры вынаснымі, якія стаялі паўкругам на мураваным ганку і неслі гладкі антаблемент. У аднапавярховых бакавых частках дома дэкор адсутнічаў. Левае ніжэйшае крыло з шасцю шырока пастаўленымі вокнамі і шасцікалоннымі падчэннямі накрываў высокі трохсхільны дах. Чарга да будаўніцтва правага крыла не дайшла з-за пачатку першай сусветнай вайны, і таму дом не атрымаў завершанай сіметрычнай кампазіцыі.
Па стану на 1939 г. сядзіба Воля мела двухрадную калідорную планіроўку. Сярэднюю частку ад увахода займаў прасторны хол з лесвіцай у правым кутку. З боку парка за ім размяшчаўся трохаконны малы салон, кабінет і яшчэ адзін пакой. Направа ад хола знаходзіўся вялікі працяглы салон, злева да хола і малога салона далучалася вялізная простакутная зала сталовай з вокнамі на абодва бакі дома. Астатнія пакоі, уздоўж калідора, выконвалі жылую і гаспадарчую функцыю. Гранітны камін абаграваў толькі цэнтральны салон, у іншых памяшканнях стаялі белакафляныя печы. Парадныя памяшканні мелі паркетную падлогу, жылыя — звычайную. Мэбля была выканана ў стылі бедэрмеер.
Сядзіба стаяла ў парку (плошча 3 га), да якога вяла шырокая ўязная таполевая алея, што завяршалася брамай ў выглядзе двух мураваных акруглых слупоў. Перад домам цягнуўся вялізны газон, падзелены па восі порціка сцежкай з кветкавымі рабаткамі. На некаторай адлегласці ад дома на газоне расла група елак і некалькі лісцевых дрэў. Падобны адкрыты газон з тыльнага боку сядзібы цягнуўся да ракі. Два драўляныя масткі вялі ў зарэчную частку парка. Па абодва бакі тыльнага газона раслі елкі, лістоўніцы, каштаны, ліпы, бярозы, вязы і таполі.
Спрадвеку вёска Галоўчыцы (Нараўлянскі р-н Гомельскай вобл.) належала роду Аскеркаў. Пасля паўстання 1830–1831 гг. канфіскаваны маёнтак перайшоў ва ўладанне генерала Якаба Сіверса. Але хутка яго адкупіў сын мазырскага гарадскога суддзі Ігната Горвата Станіслаў. Пасля яго смерці маёнтак атрымаў у спадчыну пляменнік Маўрыкій (1838–1903). Апошнім уладальнікам маёнтка ў 8000 дзесяцін перад першай сусветнай вайной з'яўляўся адзін з сыноў Маўрыкія Станіслаў. Ад старажытнай сядзібы да 1917 г. заставаліся два ідэнтычныя флігелі. Зараз ацалеў толькі парк.
З часоў Аскеркаў тут існаваў вялізны драўляны дом у стылі класіцызму з калонным порцікам, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. У сярэдзіне XIX ст. дом быў разабраны, а на яго месцы паўстала даволі сціплая мураваная сядзіба. Яе двухпавярховы адзінаццацівосевы простакутны ў плане аб'ём накрываў нізкі чатырохсхільны дах. Атынкаваныя і пабеленыя фасады карнізным поясам падзяляліся на паверхі, завяршаліся тонкапрафіляваным карнізам з дэнтыкуламі. Франтальныя фасады мелі ідэнтычную трактоўку. Пасярэдзіне кожнага з іх вылучаўся трохвосевы рызаліт з тэрасай у некалькі прыступкаў і балконам з каванай балюстрадай. Трайныя ашклёныя дзверы ўнізе мелі простакутную, а ўверсе арачную форму. Трохкутны франтон галоўнага фасада завяршала скульптурная кампазіцыя, фігуры якой увасаблялі Дняпро і пяць яго прытокаў. Мураваныя тэрасы выступалі і пры бакавых фасадах дома.
Унутраная планіроўка дома была двухраднай. Сярэдзіну будынка, у межах рызаліта, займаў вялізны хол з іанічнай каланадай. Меліся дэкарыраваны пазалочаны фрыз з сэрцаў і кветкава-фруктовых гірлянд, узорысты паркет і дзве вялізныя белакафляныя печы. З хола ўваход вёў у невялікую дамавую капліцу. Справа размяшчаліся два жылыя пакоі і кабінет з бібліятэкай (некалькі тысяч тамоў у вялізных шафах уздоўж сцен). Левы бок ад хола ўключаў «ружовы» салон і «епіскапскую» залу. Усе пакоі, звернутыя да парка, на першым паверсе мелі жылое і гаспадарчае прызначэнне. Аднамаршавая дубовая лесвіца з разной, пакрытай золатам балюстрадай злучала з маленькім вестыбюлем на другім паверсе, дэкарыраваным дзвюма вялізнымі люстрамі ў пазалочаных рамах на кансолях. Адсюль адчыняліся дзверы ў вялікую простакутную залу — салон — з выхадам на абодва балконы. Салон ацяплялі камін з чырвонага мармуру і чатыры белакафляныя печы. Паміж вокнамі віселі чатыры люстры ў бронзавых рамах, сцены ўпрыгожвалі карціны. На каміне стаялі гадзіннікі і кандэлябры з бронзы. Да салона далучалася зала-сталовая з камінам шэрага мармуру і дзвюма кафлянымі печамі і більярдная.