Выбрать главу

У палацы мелася калекцыя твораў жывапісу, у тым ліку італьянскага і галандскага; з польскага вылучалася вялізная батальная карціна са Стэфанам Чарнецкім на першым плане пэндзля Януарыя Сухадольскага. Было шмат бронзавых гадзіннікаў і падсвечнікаў, выкананых, верагодна, у пецярбургскай майстэрні Хопіна. Да каштоўных рэчаў належалі хрустальныя і фарфоравыя сервізы, вывезеныя з сядзібы Горватаў у Ліпаве (Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.).

Перад палацам распасціраўся вялізны авальны газон з кветкавай клумбай у цэнтры, перасечаны ўздоўж і ўпоперак радамі кустоў руж. Па абодва бакі газона стаялі два ідэнтычныя драўляныя флігелі XVIII ст. — аднапавярховыя, адзінаццацівосевыя, узведзеныя на высокіх падмурках будынкі, крытыя чатырохсхільнымі гонтавымі дахамі з заломам. У цэнтры галоўнага фасада кожнага з іх выступаў чатырохкалонны порцік з трохкутным франтонам. Правы флігель складаўся з сенцаў і пяці гасціных пакояў, левы — служыў дзеля гаспадарчых мэтаў: кухня, камора, пральня, службовыя памяшканні.

Пейзажны парк з некаторымі рысамі рэгулярнасці займаў простакутны ўчастак тэрыторыі плошчай каля 20 дзесяцін. Да дома вяла ўязная алея. Большая частка парка размяшчалася за домам. Па яго сярэдзіне ішла старая ліпавая алея, якая пачыналася ад газона з кветкавымі клумбамі і дэкаратыўнымі кустамі. За службовым флігелем сярод вялізнай групы дрэў знаходзіліся фамільныя могілкі. Устаноўлены на магіле Станіслава Горвата беламармуровы помнік з выявай нябожчыка быў выкананы ў Італіі. Па правым боку парка мясцовасць упрыгожвала маляўнічая выцягнутая сажалка з востравам, на якім калісьці стаяла альтанка ў выглядзе кітайскай пагады. Парк замыкалі гасцінец, абапал якога цягнуўся фруктовы сад, і яшчэ адна сажалка. Злева, за паўкіламетра ад палаца, узвышалася галоўная ўязная брама, выкананая ў стылі класіцызму з бакавымі праходамі і цэнтральным праездам. Яе дамінантамі служылі дзве пары буйных калон, аб'яднаных зверху антаблементам. Форма брамы нагадвала збудаваны раней уезд у сядзібу суседняй Нароўлі. Ад гэтага месца цераз парк ішла таполевая алея, якая выходзіла паміж гасціным флігелем і палацам.

Гародзенская сядзіба

Сядзібна-паркавы ансамбль у Гародне (Воранаўскі р-н Гарадзенскай вобл.) сфармаваўся ў другой палове XVIII ст. пры ўладальніку гетману Л. Тышкевічу, якому маёнтак дастаўся ад бабкі Саламеі Радзівіл. Праз стагоддзе сядзіба належала А. Патоцкаму, потым Ігнаткевічу, а ў пачатку XX ст. — генералу Кандратовічу. Драўляны панскі дом быў узведзены ў стылі класіцызму ў 1780 г. паводле праекта польскага архітэктара Шымана Цуга. Ад разбуранай у 1914 г. сядзібы застаўся парк і рэшткі капліцы.

Прасторны аднапавярховы сядзібны дом меў франтальна выцягнутыя фасады, па цэнтры якіх вылучаліся моцныя архітэктурныя акцэнты ў выглядзе рызалітаў з чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, пад галоўны з якіх па шырокіх бакавых пандусах уязжалі карэты. Трохкутныя франтоны порцікаў запаўнялі пластычныя разныя картушы. Архітэктурную выразнасць будынку надаваў мерны рытм высокіх простакутных вокнаў у багатых ліштвах з сандрыкамі на фоне суцэльнай рустоўкі. Унутры дом меў парадную анфіладу апартаментаў з вялізнай бальнай залай ў цэнтры. У падвале, у які вялі тарцовыя лесвіцы, знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні і жыллё прыслугі. Строгі і аскетычны знешні выгляд будынка значна кантраставаў з багаццем і пышнасцю інтэр'ера дома, аформленага з выкарыстаннем палатняных шпалер, стукавых панэляў, пазалочаных барэльефаў, медальёнаў, гірлянд, кветак, ваз з арнаментным роспісам, кафляных грубак і камінаў.

Садоўнікам і стваральнікам сядзібнага парка, верагодна, быў І.Л. Кнакфус. Парк рэгулярнай сіметрычна-восевай планіроўкі, крыжападобны ў плане. На падоўжнай восі змяшчалася ўязная брама ў выглядзе двух мураваных пілонаў, алея і круглы газон з абеліскам у цэнтры. За домам падоўжную вось працягвалі простакутны партэр і вузкая выцягнутая сажалка, густа абсаджаная дрэвамі мясцовых парод. Да паркавага партэра па баках далучаліся чатыры падзеленыя алеямі баскеты. У XIX ст. парк набыў пензажную арганізацыю. Захаваўся часткова.