Перспектыву папярочнай алеі перад уездам у сядзібу замыкала мураваная капліца ў стылі ракако — простакутнае ў плане збудаванне з двухсхільным дахам і вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Таксама засталася ў рэштках. Архітэктурна-дэкаратыўным акцэнтам аднанефавай святыні з'яўляецца ацалелы галоўны фасад. Шматслойныя разгорнутыя ў розных ракурсах пілястры з капітэлямі-ракайлямі апраўляюць эліптычна ўвагнутую нішу з лучковым уваходным парталам. Насупраць капліцы, ураўнаважваючы агульную архітэктурную кампазіцыю сядзібы, стаяў службовы флігель.
Надворны падскарбі літоўскі Антоній Тызенгаўз (1733–1785) збудаваў для сябе ў Горадні цудоўны палац, які размяшчаўся на плошчы Гарадніцы і выходзіў на яе вялізным трапецападобным курданёрам. З супрацьлеглага боку палаца прасціраўся парк. Прыдворны архітэктар Тызенгаўза італьянец з Вероны Джузепе Сака (1735–1798), запрошаны ім у якасці кіруючага архітэктара Камісіі фінансаў Вялікага Княства Літоўскага, стаў праекціроўшчыкам названага познебарочнага палаца. Пры будаўніцтве на Гарадніцы ў 1760-1770-ых гг. з ім супрацоўнічалі архітэктар Юзаф Мёзер, мастакі і дэкаратары Пётр Гежыдовіч, Караль Хібл, Антон Грушэцкі і Луіс Фолвіл. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай тут жыў губернатар. Будынак захоўваўся да 1915 г., пасля быў спалены немцамі і ўжо не адбудоўваўся. Палац уяўляў сабой аднапавярховы з бакавымі выцягнутымі крыламі-флігелямі будынак. Аб'ёмы палаца звязваліся ў суцэльную трапецападобную ў плане кампазіцыю. Ад уезда курданёр замыкаўся агароджай са сціплай брамай. Сярэдняя двухпавярховая частка галоўнага корпуса вырашалася паўкруглым купальным эркерам. У ніжнім паверсе ён меў галоўны ўваход, а зверху высокія, узятыя ў рамы пілястраў вокны-дзверы, якія выходзілі на невялікі балкон з каванай балюстраднай агароджай. Вокны арачнай формы складалі асноўную рытміку фасада. Дэкор абмяжоўваўся руставанымі лапаткамі і падаконнымі нішамі. Аздабленне будынка мела некаторыя элементы стылю ракако — здвоеныя руставаныя лапаткі, гірлянды, картушы, абрамленні простакутных і арачных праёмаў. З тыльнага фасада галоўнага корпуса выступала каланада з верхняй тэрасай. Больш сціпла выглядалі бакавыя крылы, накрытыя высокімі трохскатнымі дахамі з невялікімі мансардамі па цэнтру. Правае крыло з тыльнага боку акцэнтаваў невялікі чатырохкалонны порцік. Знойдзена эфектнае каларыстычнае вырашэнне будынка ў маляўнічым спалучэнні зялёнага колера сцен, белых дэталяў дэкору і чырвонага чарапічнага даху.
Галоўны корпус меў двухрадную анфіладную планіроўку, крылы — калідорную. У цэнтры змяшчаўся невялікі авальны вестыбюль з аднамаршавай лесвіцай у глыбіні. Анфілада разнастайных апартаментаў па абодва бакі вестыбюля прызначалася ў асноўным пад жыллё і службовыя мэты. З боку парка ў сярэдняй частцы палаца знаходзіліся два салоны і сталовыя са скошанымі вугламі, а далей вялікая бальная ці канцэртна-тэатральная зала на ўсю шырыню будынка. Другі паверх займала толькі адзіная працяглая зала. Рэпрэзентацыйныя апартаменты ўпрыгожваў стукавы дэкор, распісныя плафоны, узорысты паркет, кафляныя печы і разныя каміны. У палацы размяшчалася калекцыя твораў мастацтва (галерэя партрэтаў і гравюр).
Як і многія буйныя магнаты таго часу, Тызенгаўз трымаў пры палацы прыдворную капэлу — каля 30 чалавек, тэатр, для якога хацеў збудаваць асобны будынак, а таксама балет пад кіраўніцтвам мэтраў танца Францішка Леду і Людвіка Пецінелі. Падарожнік і мемуарыст Іаган Бернулі, які наведваў Горадню ў 1778 г., паведамляе, што з-за адсутнасці спецыяльнай залы музычныя камедыі адбываліся «ў вялікай цудоўнай зале, у якой госці збіраліся перад абедам, прыстасаванай для такіх мэтаў». Хутчэй за ўсё тут гаворыцца аб бальнай зале, падзеленай дзвюма калонамі на сцэнічную і глядзельную часткі. У бакавых крылах палаца мясціліся гасціная, памяшканні адміністрацыі, службы і канторы.
Ліхалецце не закранула парка, закладзенага над звілістым абрывістым ярам, дзе працякае рака Гараднічанка. З 1920 г. сядзібны парк прыстасаваны пад гарадскі сад.
Сядзіба ў Грушаве (Драгічынскі р-н Берасцейскай вобл.) звязана з падзеямі паўстання 1863 г., а таксама з імем вядомай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч, род якой валодаў сядзібай з 1815 г. Тут яна жыла ў двухпавярховым мураваным доме, выкананым у стылі класіцызму. Простакутны ў плане будынак быў накрыты паўвальмавым дахам. Галоўны фасад вылучаўся буйнамаштабным, далёка высунутым чатырохкалонным тасканскім порцікам з трохкутным франтонам. Па перыметры будынка праходзіў прафіляваны карніз з шырокімі сухарыкамі. Рытміку фасадаў стваралі раўнамерна размешчаныя простакутныя вокны, размежаваныя гарызантальным міжпавярховым поясам. Вокны другога паверха дэкарыраваліся трохкутнымі франтончыкамі і круглымі разеткамі. Ад сядзібы захаваўся пейзажны парк, шэраг мураваных гаспадарчых будынкаў. Дом, верагодна, разбураны ў час Другой сусветнай вайны.