Маёнтак Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) размяшчаўся ўздоўж берага ракі Прыпяць. Калісьці сядзіба з'яўлялася маёмасцю езуітаў, а потым роду Масальскіх. З канца XVIII ст. ад Алены Масальскай маёнтак набыў падкаморы наваградскі Антон Нестар Кіеневіч (пам. каля 1822). У руках яго нашчадкаў уладанне знаходзілася да Рыжскага пагаднення 1921 г. Сын Антона Нестара Фелікс Кіеневіч (1802–1863), пасол на сойм 1831 г. і кіраўнік паўстання ў Мазырскім павеце, каля 1825 г. на высокім беразе ракі пачаў будаўніцтва сядзібы, якое не паспеў скончыць з-за неабходнасці эмігрыраваць пасля паражэння паўстання 1831 г. Праз дзесяць гадоў мазырскі харунжы Геранім Кіеневіч (каля 1797–1884), які ўратаваў маёнтак ад канфіскацыі, выкупіў яго ў брата. З завяршэннем будаўніцтва сядзібы ён адначасова залажыў цудоўны парк і пабудаваў у ім фамільную капліцу-пахавальню. Апошнім уладальнікам сядзібы быў Геранім Кіеневіч (1830–1911), маршалак менскай шляхты. У пачатку XX ст. уладанне ахоплівала два вялізных маёнтка: Дарашэвічы, дзе жыў Антон Кіеневіч (1877–1960), і Брынёў — сядзіба Гераніма Кіеневіча (1866–1925). Пасля смерці іх бацькі маёнтак у 60 000 дзесяцін застаўся адзіным і ім валодалі абодва браты. Восенню 1917 г. сядзіба была разрабавана і спустошана, у 1918 г. амаль зруйнавана, а ў другую сусветную вайну перастала існаваць.
Архітэктар сядзібна-паркавага ансамбля невядомы. Узорам для помніка, верагодна, паслужыў палац Друцкіх-Любецкіх у Луніне (Лунінецкі р-н Берасцейскай вобл.). Сядзібны дом, выкананы ў стылі позняга класіцызму, уяўляў сабой аднапавярховы простакутны ў плане драўляны будынак на высокім падмурку. Сярэдняя трохвосевая частка была павялічана на паверх. Трохчасткавая сіметрычна-восевая кампазіцыя галоўнага і паркавага фасадаў складалася з цэнтральнага порціка і невялікіх бакавых рызалітаў. Класічны чатырохкалонны тасканскі порцік галоўнага фасада выкананы з цэглы і атынкаваны. Калоны неслі гладкі антаблемент і трохкутны франтон, акантаваны прафіляваным карнізам з сухарыкамі, пад які свабодна ўязджаў конны экіпаж. Над уваходам размяшчаўся балкон з драўлянай балюстрадай. Шырокія бакавыя рызаліты завяршаліся трохкутнымі франтонамі і мелі па аднаму патройнаму акну, фланкіраванаму пілястрамі. Чатыры калоны тыльнага ці паркавага порціка стаялі паўкругам. З тэрасы гэтага порціка раскрываўся прыгожы краявід на Прыпяць. Шэры колер фасадаў, ашаляваных дошкамі з імітацыяй рустоўкі, удала спалучаўся з чырвоным дахам і белымі парталамі дзвярэй і ліштваў вокнаў з трохкутнымі сандрыкамі. Чатырохсхільны гонтавы дах меў складаную форму: двухсхільны над галоўным порцікам і купальны над паркавым.
Жорсткая сіметрыя і класічная гарманічная кампазіцыя палаца парушылася, калі да заходняга боку дома далучылася невялікая ашклёная веранда, праз якую ажыццяўляўся непасрэдны ўваход да кабінета і канцылярыі. З часам палац аказаўся цесным, і апошні ўладальнік Дарашэвіч Геранім Кіеневіч у 1890 г. з усходняга боку старога палаца прыбудаваў драўлянае пяцівосевае жылое крыло. З поўначы палац набыў ашклёны ўваходны ганак, супрацьлеглы бок дапоўніўся двухпавярховым ганкам з чатырма тонкімі калонамі, якія аб'ядналіся балюстрадай і стваралі ўнізе тэрасу, а наверсе балкон. Дэкаратыўнымі балюстрадамі аздабляліся і вокны новых памяшканняў. У выніку прыбудовак павялічылася жылая плошча дома, але была страчана цэласнасць і гармонія першапачатковага будынка.
Уваходныя вялізныя дзверы ўпрыгожвалі галовы львоў, выкананыя з каванай бронзы. Унутры дом меў двухрадную анфіладную планіроўку. Франтальны рад прызначаўся пад жыллё, а паркавы — пад парадныя апартаменты. Вестыбюль быў падзелены на тры невялікія памяшканні: сярэдняе адводзілася пад аднамаршавую лесвіцу, якая ўзнімалася на другі паверх, правае без канкрэтнага прызначэння, а ідэнтычнае левае з'яўлялася рэпрэзентацыйным холам. Адсюль дзверы вялі ў вялізную залу на ўсю шырыню будынка, якая трыма вокнамі выходзіла на абодва бакі дома. Аформленая па нізе драўлянымі панелямі, а зверху абітая шпалерамі з раслінным арнаментам чырвонага колеру зала атрымала назву «чырвонай». Яе ўпрыгожваў наборны паркет з малюнкам вялікай зоркі, абкружанай кветкавымі гірляндамі. З разеткі сафіта звісала хрустальна-бронзавая люстра, бакавое асвятленне забяспечвалі бра ў тым жа стылі. Зала ацяплялася вуглавой белакафлянай печчу і камінам з белага мармуру. Тут стаяла мэбля з чырвонага і арэхавага дрэва з пазалотай у стылях ампір і бедэрмеер. Цікавымі элементамі інтэр'еру з'яўляліся беламармуровыя калоны з бронзавымі пазалочанымі кандэлябрамі ў выглядзе дзіцяці, якое несла шэсць падсвечнікаў. Па баках далейшых анфіладных дзвярэй віселі два люстры ў багатых разных пазалочаных рамах. Дэкор салона дапаўнялі фамільныя партрэты пэндзля Дамеля, Сестранцэвіча, Ю. Дзяконьскай і іншых мастакоў, а таксама мармуровыя скульптуры Венеры і Анцінеюса. З «чырвоным» салонам суседнічала вялізная сталовая, вылучаная знадворку рызалітам. Далей па правы бок мясціліся тры жылыя пакоі.