Выбрать главу

Сярэдзіну дома за вестыбюлем займаў іншы вялікі салон — «блакітны», які выходзіў двума вокнамі і ашклёнымі дзвярамі на тэрасу пад паўкруглым порцікам. Салон быў аклеены серабрыстымі шпалерамі, меў цудоўны паркет, вялізную хрустальную люстру і дзве вуглавыя кафляныя печы. Абсталяванне салона складалася з люстраў на кансолях, масіўных сталоў і вырабленых у Менску мяккіх крэслаў у стылі Людовіка Філіпа, абітых бледна-блакітным плюшам. У салоне віселі фамільныя партрэты, пейзажы ў галандскім стылі, копіі карцін Караваджа і Мурыльё, карціны рэлігійнага зместу. Частка твораў мастацтва ўпрыгожвала малы салон, які знаходзіўся ў паўднёва-ўсходнім вуглу дома. Справа ад блакітнага салона размяшчалася вялізная на тры акны спальня, затым — кабінет у паўднёва-заходнім куце дома, які замыкаў анфіладу паркавага рада памяшканняў. Новае прыбудаванае крыло мела на першым паверсе невялікія сенцы і прасторную простакутную залу, прызначаную для бібліятэкі (5 000 тамоў) і архіва, адзін салон і шэраг жылых пакояў, гасціных і лазню.

Да дома вяла доўгая алея, высаджаная серабрыстымі і італьянскімі таполямі. Месца паміж брамай і порцікам дома займаў круглы газон. З усходняга боку ад яго стаяў працяглы аднапавярховы драўляны флігель, крыты чатырохсхільным дахам. У ім мясцілася кухня, кладовая і жыллё дваровых. З заходняга боку ў 1900 г. быў пабудаваны другі аднапавярховы флігель у адным стылі з домам. Першапачатковы простакутны план флігеля змяніўся, калі праз некалькі гадоў да яго сярэдняй часткі ад тыла далучылася кароткае крыло, а да паўднёвага боку ашклёная веранда. На галоўным фасадзе флігель меў двухкалонны ганак з трохкутным франтонам, а на краеніх восях адзначаныя пілястрамі псеўдарызаліты.

Шырокая тэраса, расчлянёная сцежкамі і кветнікамі, ахоплівала прастору паміж домам і ракой. Парк, закладзены пры Гераніме Кіеневічу, цягнуўся на захад ад дома адносна вузкай паласой каля аднаго кіламетра і перапыняўся ля берага Прыпяці. Невялікая частка парка, аб'яднаная з фруктовым садам, ляжала з усходняга боку дома. Тут, за шатамі дрэў хавалася невялікае заросшае возера са штучнай выспай і пастаўленай на ёй альтанкай. Галоўным акцэнтам парка была працяглая елкавая алея. Амаль на канцы пасадак, над самой Прыпяццю, стаяў драўляны аднапавярховы павільён «Бельведэр», накрыты востраканечным дахам, абапёртым на белыя калоны. Адсюль адкрываўся цудоўны выгляд на раку і сасновы лес на пагорку. Невялікую тэрыторыю займалі фамільныя могілкі з капліцай, узведзенай у сярэдзіне XIX ст. у рэтраспектыўна-гатычным стылі.

Дзярэчынскі палац

Акрамя ружанскай рэзідэнцыі, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандар Сапега меў буйны мураваны палац у мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.), якое раней належала Капачэвічам і Палубіцкім. Першапачаткова будынак прызначаўся для навучальнай установы («Акадэміі»). Пасля смерці ў 1780 г. жонкі Магдалены Агнешкі Аляксандар Сапега пакінуў свае беларускія ўладанні і асеў у Варшаве, дзе і памёр у 1792 г. Маёмасць засталася адзінаму сыну Францішку. Ён прыстасаваў «Акадэмію» ў 1793 г. пад палац, у якім і пасяліўся пасля шлюбу з маладой жонкай. Новы ўладальнік упрыгожыў палац карціннай галерэяй, а перавезеныя сюды з Ружан бібліятэку і археалагічны кабінет узбагаціў мноствам новых паступленняў. Маёнтак быў секвестраваны ў 1831 г., і ўсе каштоўныя рэчы вывезены ў Пецярбург. У 1906 г. палац пераабсталяваны пад казарму. Разбураны паміж 1930 і 1933 гг.