Гісторыя вёскі Моладава (Іванаўскі р-н Берасцейскай вобл.) непарыўна звязана з рэшткамі буйнога палацава-паркавага ансамбля, што захаваўся на паўднёвай ускраіне вясковай забудовы. Спрадвеку Моладава — радавое гняздо знакамітага беларускага роду Войнаў. Дачка апошняга з іх, маршалка пінскага Мацея Войны, Элеанора ў 1692 г. выйшла замуж за Казіміра Агінскага, і маёнтак перайшоў да новага славутага роду. У 1792 г. маёнтак за 468 000 злотых выкупіў маршалак берасцейскі і пінскі граф Шыман Скірмунт (1747–1835), пры якім у 1798 г. і ўзнікла гэта парадная рэзідэнцыя. Ансамбль быў спланаваны і збудаваны паводле праекта архітэктара Гроса ў стылі класіцызму. Пасля Шымана сядзіба перайшла да яго сына Аляксандра Скірмунта (1798–1870), які пабудаваў у Моладаве невялікі цукровы завод (зг�рэў у 1835 г.). З 1908 г. у сядзібе месцілася сельскагаспадарчая школа. Утульны архітэктурна-ландшафтны асяродак існаваў да 1939 г., калі быў зруйнаваны ў выніку ваенных дзеянняў: партызанскі атрад Г.Сіткаўца акружыў сядзібу графа Скірмунта, у якой знаходзілася вялікая група паліцэйскіх, асаднікаў і польскіх афіцэраў. Пасланага з ультыматумам аб здачы парламенцёра А. Дзямковіча абаронцы закатавалі. Маёнтак быў узяты штурмам, а яго ўладальнік — пасол польскага ўрада ў Англіі Р. Скірмунт — расстраляны. Гэтая ваенная акалічнасць, а потым 1943 г. загубілі і маўклівыя, звыклыя да чалавечай бойкі муры палаца, архітэктурныя формы якога былі закліканы ўвасабляць прынцыпы антычнай дэмакратыі.
Архітэктурна-паркавае атачэнне графскай рэзідэнцыі фармавалася вакол мураванага палаца. Яго аднапавярховы, працяглы па фронту будынак быў узняты на паўпадвальны паверх і ззяў белакаменнымі фасадамі, прыкрытымі ад непагадзі высокім гонтавым дахам. Тры класічныя, сіметрычна размешчаныя порцікі дарычнага ордэра стваралі палацавы выгляд будынка. Цэнтральны з іх урачыста і гасцінна запрашаў наведвальнікаў, якія па пакатых пандусах у конным экіпажы ці пешшу пад'язджалі да яго. Такая ж строгая і ўрачыстая архітэктурная класіка афармляла тыльны фасад. Яго бакавыя порцікі былі звернуты да пейзажнага паркавага асяроддзя з сістэмай сажалак, пратокаў, каналаў з маляўнічымі масткамі. Для стварэння на Палессі «антычных Афін» з архітэктурнай класікі старажытнасці было прыцягнута ўсё, на што аказаліся здольныя правінцыйны арыстакрат і мясцовыя муляры: расшыўка сцен гарызантальным рустам, завяршальны магутны антаблемент з фрызам з трыгліфаў і дэнтыкул, аздабленне высокіх вокнаў франтончыкамі і гірляндамі. Парадная бальная зала палаца гранёным рызалітам выходзіла ў парк, каб большай колькасцю вокнаў пашырыць яго агляд. Інтэр'ер упрыгожвалі фамільныя партрэты пэндзля славутага мастака В. Ваньковіча.
У 1908 г. перад уездам да сядзібы паводле праекта архітэктара Т. Раствароўскага пабудавана капліца, якая і зараз можа нагадаць аб архітэктурна-стылёвым абліччы самога палаца, таму што выканана ў яго архітэктурна-стылёвай класіцыстычнай трактоўцы. Мураваны цэнтрычны храм-ратонда (дыяметр 8 м) завершаны сферычным купалам. Па трох яго баках — тыя ж дарычныя порцікі, руставаныя сцены завершаны шырокім фрызам з ляпнымі гірляндамі. Франтоны порцікаў і ліштвы акон аздоблены арнаментальнай лепкай. У інтэр'еры сцены рытмічна раскрапаваны пілястрамі і завершаны карнізам, у дэкоры быў выкарыстаны белы і ружовы мармур. У алтары стаяла беламармуровая скульптура Хрыста, выкананая скульптарам Бродзкім.