Выбрать главу

У поўнай адпаведнасці з нормамі магдэбургскага права захоўвалася ў Слуцку супрацьпажарная бяспека. У сярэдневяковым горадзе добра ведалі, што такое спусташальны пажар. Магістрат Слуцка ў XVІІ ст. прыняў і здзейсніў шэраг пастаноў, накіраваных на ўзмацненне супрацьпажарнай бяспекі, асабліва ва ўмовах ваеннага часу. У магістраце меліся выбарныя пасады двух ці трох «стражнікаў ад агню», якія мелі пад сваім наглядам пэўныя ўчасткі горада — уласна «места», падзамак, Новае месца. Ім былі падпарадкаваны спецыяльныя памочнікі — «коміннікі» — трубачысты, якія сачылі за станам комінаў у дамах гараджан, брамах, кузнях і саладоўнях. Калі ўладальнікі печаў не слухаліся «комінніка», ён паведамляў аб гэтым «стражніку агню». Апошні прымаў адпаведныя меры супраць парушальніка. Справа канчалася галоўным чынам штрафам і тым, што вінаваты вымушаны быў падпарадкавацца. Акрамя таго, у час, спрыяльны для пажараў, па горадзе хадзілі «клікуны», якія напаміналі гараджанам пра неабходнасць перасцерагацца ад пажару. Кожны гаспадар абавязаны быў трымаць у двары вялікую бочку з вадою. Кожны дзесятак абавязваўся мець драбіну, зробленую такім чынам, што на кожнай перакладзіне мог стаяць чалавек. Драбіны захоўваліся ля вуглавых дамоў і вешаліся на сцяну так, каб іх можна было хутка зняць. Кожныя два дзесяткі мелі бусак, які захоўваў дзесятнік. У выпадку пажару было забаронена з'яўляцца на пажар з пустымі рукамі. Прыбягалі з бусаком, сякерай альбо з вядром. Пажар тушыць абавязаны былі ўсе. Тых, хто ўхіляўся ад барацьбы з агнём, маглі пагнаць на пажар сілаю альбо бізуном. Выключэннем былі пажары ў час аблогі, калі мужчыны, што знаходзіліся на абарончым вале, не мелі права пакідаць свае месцы. Гэта не датычылася толькі сотні, на тэрыторыі якой узнікаў пажар. У час аблогі пажар тушыць абавязаны былі жанчыны.

Калі пажар пачынаўся з-за недагляду ўладальнікаў дамоў, яны караліся штрафам у 10 коп грошаў альбо шасцімесячным зняволеннем у астрозе. Наўмысных падпальшчыкаў, згодна артыкулам магдэбургскага права, каралі жудаснай смерцю — палілі іх жыўцом.

Кожную нядзелю магістрат праводзіў агляд супрацьпажарнага інвентару — бочак з вадою, бусакоў — «гакаў», драбін, вёдраў, вяровак, канатаў і інш. Частку інвентару набывалі і майстравалі за кошт магістрата. Па чарзе кожны мяшчанскі полк і рота выдзялялі дазорную варту, якая пастаянна дзяжурыла на званіцах цэркваў Спаскай, Уваскрасенскай, Юр'еўскай, Раждзественскай і на яўрэйскай школе. Кожную гадзіну ў вячэрні і начны час, як толькі пачынаў адбіваць замкавы гадзіннік, пажарныя дазорцы абавязаны былі адазвацца гукам труб ці пішчалак. Раз на год праводзіўся генеральны агляд пажарнага інвентару.

Мяшчан заклікалі да асцярожнага абыходжання з агнём. Уладальнікам крам забаранялася насіць агонь па вуліцы пад пагрозай кары. Гандлярам порахам забаранялася мець у краме больш за тры фунты пораху. Як і ў іншых гарадах Беларусі, у Слуцку закрываліся гарадскія лазні, тушыўся агонь у печках, кузнях, саладоўнях, у іншых месцах па сігналу спецыяльнага звону. На захадзе сонца брамнік Капыльскай брамы званіў праз кожную чвэрць гадзіны і жыхары гасілі агонь у дзесяць гадзін вечара. Аднак тым, хто займаўся рамяством, дазвалялася карыстацца святлом каганцоў і свечак. У корчмах гаспадары абавязаны былі тушыць святло і выпраўляць наведвальнікаў. Калі ў якога-небудзь карчмара пасля сігналу яны заставаліся, то ўладальнік плаціў штраф па аднаму злотаму за чалавека, а п'яніц адпраўлялі начаваць у астрог і назаўтра цэлы дзень прымушалі працаваць на вале альбо на грэблі.

У сувязі з вайною ў горадзе прымаліся меры па барацьбе з нябачным праціўнікам — эпідэмічнымі захворваннямі, якія былі спрадвечнымі спадарожнікамі працяглых войнаў. Так, у жніўні 1655 г. па ўсіх брамах Слуцка былі пастаўлены спецыяльныя вартаўнікі. Яны мелі задачу не пускаць у горад чужых людзей, а ў мясцовых жыхароў, што вярталіся ў горад, дазнацца ў прысутнасці каменданта, куды яны ездзілі і праз якія мясцовасці ехалі. Калі выяўлялася, што шлях пралягаў праз заражаныя эпідэміяй мясцовасці, такіх людзей у горад не пускалі. Ахоўныя эпідэміялагічныя кардоны былі ў Слуцку яшчэ ў 1660 г. Тады забаранялася пускаць у горад мяшчан, якія адсутнічалі ў горадзе 10 тыдняў, у кожным асобным выпадку праводзілася дазнанне пра шляхі, якімі чалавек дабіраўся да Слуцка. Няма сумнення, што магістрат быў добра дасведчаны пра месцы, у якіх лютавалі эпідэміі. Дзякуючы прынятым мерам у Слуцку заразныя хваробы не выяўляліся на працягу ўсёй вайны 1654–1667 гг.

Са студзеня 1654 г. у горадзе дзейнічаў асобы статут, які рэгуляваў правілы паводзін узброенага мяшчанства ў час трывог і аблог: па першаму ж загаду неабходна было мець напагатове ў сваім доме зброю, порах і кулі; ні ў адзін звон ніхто не меў права званіць пад страхам смерці; біць у гарадскія бубны і збірацца ў групы без дазволу губернатара забаранялася, а калі была якая-небудзь трывога, ніводзін мешчанін не меў права выходзіць з дома са зброяй, пакуль не стрэліць з Вышняга замка гармата, у гэты ж час павінны былі ўдарыць у мясцовыя бубны, кожны мешчанін станавіўся да свайго сотніка (калі абставіны не крытычныя, сотнікі з людзьмі павінны з'явіцца да палкоўніка), калі была тэрміновая неабходнасць, кожная сотня бегла на валы ў прызначанае месца; калі якая трывога здаралася ноччу, мяшчане павінны былі весці сябе таксама, як і днём, а свечы альбо святло выстаўляліся ў вокнах; у час штурму ні гукам, ні крыкам, ні словам давалі адпор праціўніку, а толькі мужным змаганнем, да таго ж у гэтым быў сэнс яшчэ і таму, што афіцэры маглі камандаваць, мяркуючы па абставінах, трэба было без крыку і канфузіі альбо трывогі рабіць тое, што пры крыках зроблена быць не можа; забаранялася страляць у непрыяцеля, давалі яму падступіцца на блізкі стрэл; тыя, хто пры гакоўніцах стаяў, абавязаны былі ўсе рэчы мець напагатове і ўсё, што патрабуецца, каб потым ніякімі адгаворкамі не прыкрывацца; каб на валах стаялі ўперамешку тыя, у каго ручная халодная зброя і агнястрэльная, а хто ручной зброі не меў, павінен быў прынесці з сабой на вал пяць камянёў памерамі з кулак; забаранялася ў час пажарнай трывогі пакідаць сваё месца і бегчы да агню без дазволу, хіба толькі той сотні, на «кватэры» якой гарэла; агонь павінны былі тушыць жанчыны вёдрамі з вадой.