У перыяд паўстанняў сярэдзіны XVІІ ст. Давыд-Гарадок у 1648–1649 гг. ператварыўся ў галоўную базу паўстанцаў Пінскага павета. У атрад паўстанцаў колькасцю ў некалькі тысяч чалавек уваходзілі мяшчане і навакольныя сяляне і нават дробная давыд-гарадоцкая шляхта, узброеныя стрэльбамі, шаблямі і рагацінамі. Яны грамілі магнацкія і шляхоцкія маёнткі, палілі фінансавыя і юрыдычныя дакументы. Пасля разгрому паўстання судом было вырашана, каб «усіх, хто аказаўся вінаватым (звязаных з рэбельянтамі), свавольных бунтаўшчыкоў як зямян… так і іх пасольства з места названага Давыд-Гарадок і з усіх валасцей 18 асоб казніць смерцю адпаведна заслуг іх… і ўчынкаў іх, г. зн. адных на кол паўзбівана, другіх пасцінана, а трэціх — парасстраляна».
Наступны інвентар Давыд-Гарадка, які быў складзены ў 1653 г. напярэдадні вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэчай Паспалітай, дае некаторыя ўдакладненні пра павіннасці мяшчан і валашчан, а таксма іншых жыхароў, «прыслухаючых» замку. Захаваўся абавязак даглядаць масты, грэблю на р. Чартарыі і «ладзяны млын». Надзейна падпёртая запрудай гэтая рака ўсё часцей пачынае называцца ў дакументах «рэчка Няволя», што гаворыць само за сябе. З апісання бачна, што млын на лодках знаходзіўся ля паўночнай падэшвы замкавай гары «пад местам», відавочна, трохі ніжэй маста, які звязваў горад і замак.
Інвентары за 1653, 1665 і іншыя гады паказваюць, што акрамя моста праз р. Няволю, які быў размешчаны з поўначы і звязваў замак з «местам», быў яшчэ адзін мост, які падводзіў да замкавага паркана з поўдня. На гэта ж, напэўна, паказвае і разрыў паміж валамі, які да цяперашняга часу існуе на гарадзішчы.
Пад час вайны 1554–1667 гг. ў Давыд-Гарадку меўся моцны атрад войска, у складзе якога было 400 чалавек коннай шляхты і 300 чалавек узброеных мяшчан. У пачатку верасня 1655 г. горад аблажыў атрад маскоўскіх войскаў на чале са стольнікам Д. А. Валконскім. Маскоўцы прыйшлі сюды з Кіева на рачных караблях з мэтай заняць раёны Беларускага Палесся. У выніку бітвы Давыд-Гарадок быў узяты маскоўцамі, якія затым пакінулі яго і пайшлі на Слонім. У цэлым у перыяд вайны горад хоць і апынуўся далёка ад галоўнага тэатра ваенных дзеянняў, але пацярпеў моцна. Гэта зафіксавана ў інвентару Давыд-Гарадка за 1665 і 1670 гг. Мяшчане ўзнаўлялі ўмацаванні замка сумесна з сялянамі вёсак замкавай воласці.
Інвентары 1670 і 1675 гг. паведамляюць пра існаванне ў Давыд-Гарадку двух замкаў — Горнага і Дольнага. Горны быў абнесены высокім валам, абкружаны вадою, але на яго тэрыторыі стаяў толькі «дом кухонны», астатняе ўсё было знішчана ў час вайны. Дольны замак (ён жа «падзамча») меў парканавую агароджу. Агульная даўжыня лініі ўмацаванняў абодвух замкаў раўнялася 20 шнурам (г. зн. 980 м. — М.Т.), з якіх на Верхні прыпадала 9 шнуроў і 1 прут (каля 466 м. — М.Т.), на Ніжні — 10 шнуроў і 9 прутоў (каля 534 м. — М.Т.). У лініі ўмацаванняў называюцца таксама «вывады», што трэба вызначыць альбо як патаемныя выхады за межы ўмацаванняў, альбо як бастыёны.
Сітуацыйна планіроўка замкаў у 1675 г. выглядала наступным чынам: вакол іх разрастаўся горад, які меў дзве праваслаўныя царквы і адзін касцёл. З «места» можна было трапіць у Ніжні замак па мосце з парэнчамі, які быў перакінуты праз роў. Уваход на мост запіраўся варотамі. Адсюль зноў па новым мосце на палях праз рэчку Чартарыю траплялі ў Горны замак. Уваход ішоў праз новую, напалову ўзведзеную дубовую браму. Пасярод замкавага двара знаходзілася студня з дубовым зрубам. Абодва замкі былі абкружаны новым дубовым парканам. У 1681 г. і пазней мост у Верхні замак узвялі «на ізбіцах-зрубах».
Усе наступныя інвентары Давыд-Гарадоцкага замка да 1760 г. даюць уяўленне паступовага запусцення і разбурэння замкаў, якія з цягам часу ператварыліся з мясцовага цэнтра абароны ў месца рэзідэнцыі ўпраўляючых-адміністратараў гэтага перыферыйнага валодання Радзівілаў. Праўда, да 1702 г. інвентары пастаянна называюць ваенна-будаўнічыя павіннасці мясцовага насельніцтва, але, відаць, Паўночная вайна канчаткова зняла іх з парадку дня. Усё радзей згадваецца рэчка Няволя, у інвентары за 1702 г. упершыню сустракаецца сучасная назва рэчкі Чартарыі-Няволі — рэчка Няпраўда.
З 1702 г. пастаянна адзначаецца «каля таго замку канал з вадою цякучаю». Усё радзей сустракаецца інфармацыя пра вежы, але пра паркан, што стаяў «на валу кругом», усё яшчэ гаворыцца на працягу першай чвэрці XVІІІ ст. Заўважана ўмацаванне ўязной вежы — брамы замка. У 1728–1734 гг. пастаянна адзначаецца замкавая «вялікая брама з залкай наверсе». Па баках брамы стаялі дзве фланкіруючыя вежы. Затым яе змяніла звычайная драўляная брама з двума кардыгардамі і тарцічнымі варотамі з няхітрай сістэмай запораў. Яны адчынялі і запіралі доступ на замкавы панадворак, дзе ў акружэнні гаспадарчых пабудоў стаяў палац адміністратараў. Гэта фіксуе ў апошні раз інвентар Давыд-Гарадка за 1793 г.