Выбрать главу

Верагодна, нешта не дазволіла выканаць гэты загад, і маскоўскае войска вымушана было адступіць ад Копысі, не паспеўшы спаліць горад. У кастрычніку 1661 г. маскоўскае войска зноў аблажыла Копысь, дзе сярод ацалелых мяшчан яўна была «маскоўская» партыя, якая пераслала ваяводзе Даўгарукаму ліст з умовамі здачы горада. Пасланы сюды з войскам стольнік Н. Талачанаў павінен быў «… копыских сидельцев сговаривать и стращать и из пушек стрелять гранатами и огненными ядрами, чтобы город добыть без крови», без прыступу. Аднак салдаты на кастрычніцкім золку без загада пайшлі на штурм горада, прымяніўшы пры гэтым ручныя гранаты. Штурм быў адбіты, прычым маскоўцы «людей потеряли многих».

Горад, відаць, так і не ўзялі. Паступова ваенная сітуацыя, якая складвалася не на карысць Расеі, адвяла полымя вайны на ўсход ад Копысі. Яго інвентар, складзены 10 студзеня 1661 г., дае ўяўленне пра горад, на якім яшчэ добра відаць адбітак нядаўніх ваенных падзей. Патрабавалі рамонту сцены гарадскіх умацаванняў, брамы горада. З іх называюцца толькі дзве — Шклоўская і Аршанская і зрубы, якія стаялі на вале замка. Яны не мелі стрэхаў, былі ў благім стане. Вайна знішчыла жыццё на 136 гарадскіх пляцах. Барон А. Мейерберг, які ехаў у верасні 1661 г. праз Копысь, тым не менш адзначаў, што горад быў абнесены драўлянай сцяною з вежамі і што яго абараняў драўляны замак, які стаяў пасярэдзіне высокага пагорка. Вядома, што ў 1663 г. гарадскі паркан быў прыведзены ў спраўнасць, а Горскую браму поўнасцю абнавілі.

Між тым у 1666 г. ваенныя дзеянні паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэчай Паспалітай аднавіліся. Летам царскія войскі зноў занялі Копысь і выйшлі адтуль толькі ў сувязі з падпісаннем Андрусаўскага перамір'я ў студзені 1667 г.

У 1668 г. у Копысі пачаліся вялікія работы па рэканструкцыі ўмацаванняў замка і запруды млына, дзякуючы якой замкавы «капец вада наўкола аблівала». Замак быў умацаваны земляным валам і чатырма больверкамі. Прычым у 1668 г. тры з іх былі ўжо гатовыя, а чацвёрты заканчвалі будаваць. Калі раней у замку было дзве брамы і дзве брамкі-форткі, зараз пакінулі толькі адну ўязную браму, перад якой размяшчаўся пад'ёмны мост і вадзяны млын. Вада стаўка адыгрывала значную ролю ў абароне подступаў да замка. Пасярэдзіне замкавага двара знаходзілася студня з пад'ёмным колам і вядром, акаваным жалезам. Інвентар 1668 г. адзначае, што ўсё «место» Копысь знаходзілася «в паркане и на избицах». Сюды можна было ўехаць праз Аршанскую, Горскую, Шклоўскую і Крупніцкую (раней Гарадзецкую) брамы. Акрамя таго, былі яшчэ тры «форткі» — брамкі, з якіх дзве адчынялі выхад да Дняпра, адна — у поле. Горад паступова пачаў адбудоўвацца. Узніклі «слабоды» на Заваллі, «пад парканам», на прадмесці і за брамай Аршанскай.

У 1670 г. працягваліся работы па перабудове ўмацаванняў замка. Інвентар Копысі, складзены 18 кастрычніка 1684 г., паведамляе пра агульную даўжыню гарадскога паркана, якая раўнялася 3370 літоўскім локцям, г. зн. 2190,3 м. У 1690 г. дакументы фіксуюць ужо толькі дзве брамы. Магілеўскія магістрацкія людзі, прыехаўшыя сюды па справах, «на варту выдали у Копысцю ў двух брамах осьмаков тры».

Жыхары Копысі яшчэ не акрыялі ад вайны сярэдзіны XVІІ ст., а на парозе ўжо стаяла новая вайна — Паўночная. Адступаючы на поўдзень, расейскія войскі ў 1707 г. поўнасцю спалілі горад, гарадскія і замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю гарадскога арсенала, у тым ліку ўсе гарматы. Інвентары 1707 і 1713 гг. даюць уяўленне пра абрабаваны і разбураны горад і яго ваколіцы. Адзначалася, што зямля — гарадскія і сельскія валокі — пустуе і зарастае лесам. Тым не менш усе жыхары «места» і воласці ў 1713 г. былі зноў мабілізаваны на збудаванне «паркана і ізбіц новых, паколькі каля горада цяпер цалкам нічога няма», бо «і паркан, вал, ізбіцы каля места… усё Масквою зруйнавана і апала». Перш за ўсё пачалі аднаўляць Аршанскую і Шклоўскую брамы. Астатнія ў дакументах нават не ўпамінаюцца. Вадзяны роў вакол замка заплыў прынесеным з палёў пяском і яго з цяжкасцю ачышчалі. Цікава, што інвентары таго часу сярод фартыфікацыйных работ, праведзеных расейскімі войскамі ў час Паўночнай вайны, называюць толькі пастаноўку штыкета на земляным вале, бастыёны якога, як вядома, былі ўзведзены намнога раней, у 1688 г. Штыкет ставілі тады, акрамя сялян Копыскай воласці, жыхары многіх іншых навакольных валасцей, якія вывозілі дрэва з бліжэйшых лясоў. Пазней, у 1707 г., вакол Копысі некалькі дзесяткаў палкоў расейскіх войскаў сумесна з сялянамі Аршанскага павета і Магілеўскай эканоміі ўзводзілі бастыённыя ўмацаванні. Гэтым рабілася спроба сарваць у ваколіцах горада пераправу шведскіх войскаў, праз абмялелае Дняпро. Назва «Пятроўскі вал» адносіцца да гэтых умацаванняў.