Выбрать главу

У 1717 г. на гарадскім вале стаяў частакол — «астрог». Дакумент адзначае, што старыя ўмацаванні — «паркан і ізбіцы» — цалкам адсутнічаюць і іх трэба нанова будаваць. Усё гэта ўдалося ўзнавіць толькі ў 1724 г.

Наступныя 12 інвентароў Копысі за 1726–1773 гг. даюць удакладненні планіроўкі горада і паведамляюць пра элементы ўмацаванняў горада і замка. Яны перыядычна паднаўляліся, перабудоўваліся, у цэлым не змяніўшы сваю структуру да моманту ўключэння горада, як і ўсёй Усходняй Беларусі, у склад Расейскай імперыі. Так, замак захаваў чатыры бастыёны, рэгулярна змяняючы драўляныя сцены — палісад. Замкавая ўязная драўляная брама мела двайныя вароты з магутнымі запорамі. Другі паверх займала зала, вакол якой была зроблена кругавая галерэя верхняга бою. Памяшканне другога паверха выкарыстоўвалі то для захавання ручной агнястрэльнай зброі, то выконвала ролю замкавай бажніцы, дзе спраўлялі «святую імшу», то служыла лямусам. Памяшканне асвятлялася чатырма вокнамі. Вежа была крытая гонтам. Яе завяршаў флюгер — «ветранік» з белай бляхі ў выглядзе арла.

З варотаў горада пастаянна згадваюцца тры брамы — Аршанская, Шклоўская і Крупніцкая. Горскую больш, відаць, не аднаўлялі. Аршанская і Шклоўская брамы былі, згодна апісанням, аднолькавай канструкцыі, двух'ярусныя, драўляныя, з двума варотамі, якія адмыкаліся на два бакі. Яны мелі па дзве каморкі. Адна, якую апальвалі, «іздобка» служыла жытлом для вартаўнікоў. Брамы, крытыя гонтам, мелі наверсе «ветранікі». Уваход з боку поля ў іх ішоў праз пад'ёмныя масты, перакінутыя праз вадзяны абарончы роў. Усе брамы захаваліся да 1773 г. і ўзводзіліся з брусоў. У лініі гарадскіх умацаванняў меліся «форты» — брамкі, якія выводзілі ў поле і да Дняпра.

Ваенна-будаўнічая і пажарная павіннасці мяшчан і воласці фігурыруюць ва ўсіх інвентарах Копысі да 1773 г.

Шклоў

Ранняя гісторыя сучаснага Шклова, які раскінуўся на берагах Дняпра пры ўпадзенні р. Серабранкі (Язоны, Шклоўкі, Шклавянкі), звязана з гарадзішчам Гарадок ля в. Стары Шклоў. Усе даследнікі адзінадушна лічаць, што праўдзівай з'яўляецца народная легенда, якая сцвярджае, што горад узнік у гэтым месцы і знаходзіўся там да тых часоў, пакуль нейкія абставіны не прымусілі перанесці яго на 4 км бліжэй да Дняпра, на сучаснае месца. Некаторыя аўтары лічаць, што гэты акт здзейсніўся хутка пасля пажару 1668 г., які знішчыў горад. Аднак аналіз усяго комплексу гісторыка-археалагічных матэрыялаў малюе іншую гісторыю і іншы лёс гэтага падняпроўскага беларускага горада.

Шклоў пачаў сваё існаванне на высокім і крутым беразе рэчкі Шклоўкі, там, дзе зараз захавалася гарадзішча Гарадок. Загароджаная з напольнага заходняга боку высокім, да 7 м, земляным валам пляцоўка гарадзішча формы чатырохвугольніка (60 х 64 х 30 х 57) мае невялікі ўхіл з захаду на ўсход. Яна ўзвышаецца над водамі рэчкі, якая працякае ля падэшвы гары, на 15–17 м. З поўначы, усходу і поўдня дастаткова крутыя і высокія схілы пазбаўлялі жыхароў ад лішняй і працаёмкай фартыфікацыйнай работы. Шлях жа на гарадзішча ішоў па самаму краю пляцоўкі, кантраляваўся з верху абарончага вала. Параметры вала (шырыня ў аснаванні да 20 м, на вяршыні — 4,5–5 м) дазвалялі тут размяшчаць як абарончыя сцены, так і вежы. Пазней, у XVІ ст., відаць, тут стаяла артылерыя.

Археолагі даўно звярнулі ўвагу на гэта гарадзішча і сінхроннае яму селішча, дзе былі знойдзены як матэрыялы ХІІ-ХІІІ стст., так і больш позняга часу. Можна з упэўненасцю гаварыць толькі пра канец XVІ ст. як апошні этап існавання Старога Шклова. Першае ўпамінанне пра яго сустракаецца ў 1535 г., калі войскі маскоўскага ваяводы Шуйскага, спаліўшы ўсё вакол Шклова, спалілі і яго. Да 1542 г. Шклоў належаў роду Гаштольдаў (Гастаўтаў), які хутка згас, а затым перайшоў да роду Хадкевічаў. Адзін з іх — Іеранім насіў тытул графа і называў свае валоданні вакол Шклова графствам. З сярэдзіны XVІ ст., з моманту перахода горада да Хадкевічаў, яго лёс раздваіўся. Магнаты Хадкевічы, уладальнікі вельмі вялікіх зямельных латыфундый, людзі адукаваныя, якія добра разбіраліся ў тагачасным палітычным і гаспадарчым жыцці, не маглі не бачыць усіх выгод ад Дняпра, што працякаў праз іх валоданні. Гэтая важнейшая гандлёвая артэрыя, відаць, навяла іх на думку стварыць непасрэдна на беразе магутнай ракі новае паселішча, якое атрымала ў спадчыну добра вядомую ў акрузе і за яе ваколіцамі назву «Шклоў». Абодва паселішчы некаторы час існавалі сінхронна. Каб іх адрозніць, ужываліся назвы «место Шкловское» для новага горада і «Старый Шклов» для ранейшага радаслоўнага і гістарычнага гнязда. Дзесьці ў 70-ых гг. XVІ ст. амаль адначасова з Магілевам Шклоў атрымаў магдэбургскае права.