Тады ж умацаванні горада былі ўпершыню агледжаны, падноўлены і апісаны царскімі ваяводамі: «С приходной стороны, с севера выкопали новый ров и поставили надолбы, которые шли от Днепра до Заугольной башни». Агульная даўжыня гарадскіх умацаванняў раўнялася 1050 сажняў. Сярод умацаванняў называецца і тайнік.
Паўторна апісанне абарончых збудаванняў Шклова было зроблена даволі падрабязна ў 1657 г. ваяводам І.М. Талачанавым. Згодна гэтаму вопісу, горад абараняўся 26 драўлянымі вежамі розных памераў і рознай канструкцыі. З іх уласна вежаў было 14, у тым ліку тры брамы. Праўда, назва гарадскіх брам адрозніваецца ад назваў 1647 г. Так, брама Копыская названа «Днепровскими проезжими воротами», брама Астроўская — «башней Тесной», Галоўчынская — «Песочной» і толькі Магілеўская брама захавала сваю назву. Астроўская брама наогул не названая, але ёсць праезжая вежа Цесная. Гэта, відаць, адно і тое ж. Дзейнічалі толькі двое варотаў: Дняпроўскія (Копыльскія) і Пясочныя (Галоўчынскія). Магілеўскія вароты былі наглуха засыпаны зямлёй. Найбольшай магутнасцю выдзяляўся ўсходні напольны бок абароны, якая цягнулася ад вусця Шклоўкі ўверх, уздоўж правага берага Дняпра. Тут мелася 8 вялікіх і 8 малых вежаў — «выводов».
Вежа «Ўгорская Рябковская», якая знаходзілася на мысе пры зліцці рэк, была чатырох'яруснай, з трыма «мостами», рубленая ў «две стены». Аснову вежа мела чатырохвугольную, з узроўню другога яруса пераходзіла ў васьміграннік, зроблены «в одну стену». Далей, уверх па Дняпру, ішло прасла сцяны даўжынёй у 55 сажняў (117,3 м. — М.Т.), якое падводзіла да «мерницы» (верагодна, «важніца». — М.Т.), за якой прасла ў 107 сажняў даўжынёй (2228,3 м) упіралася ў вежу «села Дивного». Гэта была пабудова, зрубленая ў восем вуглоў з двума мастамі. Даўжыня аднаго яе боку раўнялася 4,5 сажня (каля 9,6 м), страха была васьмісхільная.
Ад гэтай вежы «звено города» ў 32 сажні (62,2 м. — М.Т.) падходзіла да Дняпроўскай (Копыскай) брамы, якая, безумоўна, выдзялялася сваімі памерамі сярод астатніх вежаў горада. Яна мела страху ў чатыры схілы, чатыры «моста», г. зн. пяціярусная, знізу чатырохвугольная, з другога яруса — васьмівугольная. Даўжыня сцяны ў аснаванні дасягала 6,5 сажня (13,7 м). На другім паверсе брамы размяшчалася палкавая гармата. Калі прыняць сярэднюю вышыню кожнага яруса за 4 м, вышыня яе разам са страхою дасягала не менш за 25 м.
За Дняпроўскімі варотамі ўверх па рацэ ішло прасла сцяны ў 30 сажняў (каля 64 м), якое змыкалася з глухой чатырохвугольнай вежай. Сцяна яе была «мерою 3 сажня без полуаршина» (каля 6,0 м). Яна была «ниская, мосту ни одного нет», вынесена «за город», накрыта чатырохсхільнай страхой. Далей, на адлегласці 67 сажняў (каля 143 м), стаяла над Дняпром шасцівугольная чатырохярусная Падлазная вежа. У ёй меліся «воротечка подлазные», якія пры неабходнасці скрытна выводзілі да берага ракі. Даўжыня адной грані вежы дасягала 3 сажняў (каля 6,4 м).
Далей на ўчастку абароны горада даўжынёй у 242 сажні праз прамежкі ў 25-36-28-24 сажні размяшчалася восем невялікіх чатырохвугольных вежаў — «выводов» у асноўным памерам 2 х 2 сажні (4,26 х 4,26 м). Толькі адна мела трохі большыя памеры (5 х 5 м). Як правіла, яны былі трох'ярусныя, на іх размяшчаліся гарматы. Дакумент адзначае, што яны выступалі за лінію сцен — «за город же, к Днепру», г. зн. вялі фланкіраванне сцен. Два «вывода» былі здвоены і абодва «с ряду рублены тако ж, яко и городовая стена». Яны мелі падэшвенны бой, з боку ракі іх абараняў «прислон стоячий». На адлегласці 69 сажняў (каля 147 м) ад гэтых вывадаў размяшчалася адна Падлазная вежа, за ёй праз 64,5 сажня (137,5 м) — другая. Абедзве вежы мелі аднолькавыя памеры і канструкцыйна былі падобныя: чатырохвугольныя ў аснаванні памерам 3х3 сажні (каля 6,4 х 6,4 м), трох'ярусныя, з двума «мостами», мелі падлазныя вароты да Дняпра. На адной з іх стаяла жалезная «гроховница». «Звено города» ў 60 сажняў (каля 128 м) заканчвала прыдняпроўскую лінію абароны, змыкалася на павароце вала на захад з вуглавой Тайнічнай вежай. Яе памеры 3,5 х 3,5 сажня (7,1 х 7,1 м). Па тайніку можна было спускацца за вадой да Дняпра. Заходні ўчастак абароны Шклова меў працягласць 124 сажні (264,5 м) і ўключаў у сябе акрамя вуглавой Тайнічнай вежы яшчэ тры вежы — Цесную, Выводзячую і Казлоўскую. Цесная вежа была пастаўлена блізка да Тайнічнай, стаяла ад яе ўсяго толькі на 3,5 сажня (7,1 м) і, верагодна, з-за такога размяшчэння атрымала сваю назву. Але гэта была, відаць, прадумана створаная «цесната» з тым, каб агнём з вежы прыкрываць жыццёва важны ўчастак абароны, які даваў выхад да вады. Да таго ж яна раней была праезжай, але вароты ў 1657 г. наглуха засыпалі зямлёй. Напэўна, і Тайнічная вежа ў сваю чаргу дапамагала ў абароне варотаў горада, фланкіруючы подступы да яе. Цесная вежа была ў плане квадратнай памерам 3,5 х 3,5 сажня (7,1 х 7,1 м), але з другога паверха пераходзіла ў васьміграннік. На ёй стаялі тры жалезныя пішчалі — «гроховницы». Наступная вежа заходняга ўчастка абароны горада Вывадная стаяла ад Цеснай на адлегласці 53 сажні (103 м). Яна мела ў аснове чатырохвугольнік памерам 3 х 3 сажні (6,4 х 6,4 м), тры ярусы боя, а таксама «бой земляной, спущенный ниже городовой стены». Вежу моцна высунулі за лінію сцен («…и та башня выведена за город»), што, верагодна, і паслужыла повадам для яе назвы. У ёй размяшчаліся пішчаль і адна «гроховница». Апошняе звяно горада, якое дасягала даўжыні 51 сажань (108,7 м), падводзіла да вялікай вуглавой Казлоўскай вежы. Знізу да верху вежу зрубілі васьміграннай. Даўжыня аднаго боку 6 сажняў (12,8 м). Вежа мела два «масты», г. зн. была трохяруснай. Ад Казлоўскай вежы пачынаўся і ішоў у бок Магілеўскіх варотаў тайнік з двайнымі дзвярамі. На вежы «на верхнем мосту» знаходзіліся «пищаль и гроховница».