Выбрать главу

Ад Казлоўскай вежы лінія гарадскіх умацаванняў паварочвала на поўдзень і ішла ўздоўж «Высокага поля», затым уздоўж вялікай сажалкі на р. Шклоўцы на працягу 23 сажняў (49 м). Вежа стаяла на бастыёне — гарматным вывадзе з трыма гарматамі. Адлегласць ад Казлоўскай вежы да суседняй Магілеўскай (Крывой) брамы (праезжай вежы) займала гарадская сцяна даўжынёй 70 сажняў (149 м). Магілеўская брама, у той час засыпаная зямлёй, была чатырохвугольная ў плане памерам 5 х 5 сажняў (10,6 х 10,6 м), двух'ярусная, з двума варотамі. З узбраення тут мелася «пушечка полковая медная».

У інвентары нічога не гаворыцца пра тое, як маглі раней трапляць у Магілеўскую браму, аднак той факт, што перад умацаваннямі размяшчалася сажалка, дазваляе дапусціць, што перад ёй меўся мост.

Амаль побач з Магілеўскай брамай на адлегласці 5,5 сажня каля лініі гарадскіх сцен знаходзіўся «двор ксенжеский». Далей праз 40 сажняў (85,3 м) стаяла вежа Вывадная. Вывадная вежа была чатырохвугольная памерам 3,5 х 3,5 сажня (7,4 х 7,4 м), моцна выступала за перыметр сцен («выведена за город к пруду») мела пад сабой «земляной бой».

Далей ішоў адрэзак сцен даўжынёй у 44 сажні (каля 94 м), «вывод» (9,5 х 9,5 м) з меднай гарадавой гарматаю на ім і зноў адрэзак сцяны ў 40 сажняў (85 м), які прымыкаў да магутнай Пясочнай вежы — праезжых варотаў. Відаць, гэта Галоўчынская брама. Яна была значных памераў, у плане шасцігранная пры даўжыні адной грані ў 6 сажняў (каля 12,8 м). З вышыні ніжняга «моста» вежа пераходзіла ў васьмярык. Усяго ў ёй было чатыры «моста», г. зн. пяць ярусаў. Гэта збліжае яе з Дняпроўскай брамай, аднак ёсць між імі і розніца: вакол Пясочнай брамы былі пароблены «перила» — кругавая баявая галерэя на ўзроўню другога яруса, дзе размяшчаліся гарматы. Вежа мела васьмісхільнае пакрыццё. Подступы да вежы праз сажалку ішлі, верагодна, па мосце.

За Пясочнай вежай ішоў у 80 сажняў (170,5 м) адрэзак сцяны, што падыходзіў да Шклоўскага замка, апісання якога няма. Называецца толькі «звено города от угла до угла» даўжынёю ў 25,5 сажня (54,4 м). Не ясна, сутыкаліся сцены замка са сценамі горада ці іх падзяляў роў, што верагодней за ўсё, але далей зноў працягваліся гарадскія ўмацаванні — 30 сажняў (каля 64 м) сцен і «вывод». Пад ім меўся закрыты наглуха тайнік. Згодна вопісу, дадзены «вывод» уяўляў сабой адрэзак сцяны, магчыма, і бастыён, які размяшчаўся каля Рабкоўскай вежы, працягласцю ў 25 сажняў і 2 аршыны, і відаць, знаходзіўся блізка да вады. Зрублены гэты «вывод» быў «по городовому», г. зн. у дзве сцяны. Ён злучаўся з вуглавой «Угорскай» (Рабкоўскай) вежай «у мельницы по конец пруда».

Як відаць з вопісу 1657 г., Шклоў сапраўды быў буйным горадам, агульная даўжыня ўмацаванняў якога перавышала 2,25 км. Акрамя праязных, глухіх і невялікіх вежаў — «выводов», тут меліся і вывады зусім другога тыпу — «выводы пушечные» — бастыёны, якія звычайна прыкрывалі вялікія вежы ля іх падножжа. Асабліва гэта датычыць вуглавых вежаў — Тайнічнай, Казлоўскай і Ўгорскай (Рабкоўскай).

У час ваенных дзеянняў 1654–1667 гг. Шклоў не раз трапляў у эпіцэнтр вайны. Пасля поспехаў войскаў Рэчы Паспалітай зімой 1654/55 года ён быў адным з нямногіх падняпроўскіх гарадоў Беларусі, якія засталіся ў руках маскоўскіх войскаў, і ператварыўся ў буйную ваенную базу. Сюды перавозілі артылерыю і боепрыпасы з Копысі, пазней поўнасцю спаленай. Між тым у пачатку студзеня 1654 г., у перыяд актыўных дзеянняў войскаў Рэчы Паспалітай, ваяводы паведамілі цару, што «шкловцы, государь, по распросным речам… к литовским людям от себя писали же, что они хотят Шклов город здать». Але справа да гэтага тады не дайшла ў сувязі з поспехамі маскоўскіх войскаў. Летам 1655 г. тут знаходзілася царская стаўка. У кастрычніку 1660 г. войскі Сапегі, Палубенскага і Чарнецкага, не без згоды гараджан, лёгка авалодалі Шкловам, пакінуўшы тут усяго 200 драгунаў на чале з капітанам. Відаць, адной з прычын хуткага захопу Шклова паслужыў вываз адсюль маскоўскімі войскамі амаль усёй артылерыі. 20 чэрвеня 1660 г. тут налічвалася ўсяго «9 пищалей средних, 5 пищалей полковых в станках, пищаль небольшая на вертлуге». З прыходам войск Сапегі артылерыйскі парк павялічыўся.