Князь Ю. Даўгарукі двойчы пісаў лісты да войта, бурмістраў, райцаў, лаўнікаў і мяшчан, «чтоб они, оставя ляцкие прелести…город Шклов нам сдали вскоре безо всякого кровопролития». У выпадку адмовы абяцаў, што за гэта «учинится им какое кровопролитие, и то им будет самим от себя». 11 лістапада 1660 г. да горада падступіла войска П. А. Даўгарукага і М. Рцішчава. У данясенні цару адзін з ваявод пісаў пра свае дзеянні: «…учиня шанцы, велел стрелять из пушек и всякие промыслы чинить опричь приступу, призывая сдаваться». Аднак «шкловские осадные де сидельцы почали слободы жечь и вышли на вылазку по сю сторону реки Днепра многие люди и русские изменники, и с твоими ратными людьми был бой с 2-го часа дня 6 час… и твои ратные люди многих шкловцев на той вылазке побили и переранили и в город прогнали, и в слободах многих дворов выжечь не дали, и в шкловской де слободе почали строиться обозами твои ратные люди и делать шанцы». Пасля сутыкнення на левым беразе Дняпра войскаў маскоўскіх ваявод з узначаленымі Ліпніцкім і Баброўніцкім войскамі Рэчы Паспалітай апошнія адступілі назад у горад. Паколькі ваяводам стала вядома, што шклоўцы, «жилецкие люди, осаду крепят и хотят сидеть в осаде накрепко», яны адступілі да Магілева.
Дзеянні шклоўцаў прывялі да рашэння вялікага князя і сойма Рэчы Паспалітай у 1661 г. даць «…мяшчанам шклоўскім… генеральную амністыю (за здачу горада ў 1654 г. — М.Т.) і на 4 гады вызваліць ад падаткаў за выключэннем падатку салянога, чопавага і мыта старога».
У тым жа годзе быў зноў складзены пасля працяглага перапынку інвентар замкаў у Шклове. З яго вынікае, што за перыяд вайны ў структуры ўмацаванняў змен амаль не адбылося і апісанне іх ў асноўным ідэнтычна інвентару 1643 г.: тут былі кругавы вал з драўлянымі сценамі і вежамі вакол горада і замак з яго ўмацаваннямі. Пасярод замка стаяла высокая драўляная вежа, з якой вёўся абстрэл наваколля.
У 1666 г., выкарыстаўшы напружаныя палітычныя абставіны ў Рэчы Паспалітай, выкліканыя паўстаннем Е. Любамірскага супраць вялікага князя і караля, Расея перапыніла мірныя перамовы і зноў пачала ваенныя дзеянні. Летам 1666 г. маскоўскія войскі пад камандаваннем Я. К. Чаркаскага, І.С. Празароўскага, І.А. Варатынскага занялі Шклоў і Копысь, паспрабавалі ўзяць Магілеў, але былі адбіты. Шклоўскую шляхту па загаду цара саслалі ў Казань. Між тым вайна закончылася Андрусаўскім перамір'ем. Вынік яе для Шклова быў сумным. Інвентар 1661 г. зафіксаваў, што з 1220 дамоў, якія былі ў горадзе ў 1650 г., да 1661 г. захавалася толькі 490, а насельніцтва зменшылася з 8540 да 4375 чалавек. Да 1693 г. колькасць жыхароў узрасла да 7210 чалавек, але Паўночная вайна, якая затым пачалася, зрабіла сваю справу. У 1715 г. тут налічвалася толькі 6210 жыхароў.
Магілеўская кроніка сведчыць, што ў 1690 г. у Шклове адбыўся моцны пажар, які знішчыў «амаль увесь замак і вялікую вежу», а таксама гандлёвыя лаўкі і фарны касцёл. Аднак умацаванні яго былі пазней адноўлены і Шклоў лічыўся ў канцы XVІІ ст. моцнай парубежнай крэпасцю.
У час пажару 1769 г. у горадзе згарэла 300 дамоў. Пасля гэтага адбылася грандыёзная перапланіроўка горада, якая, відаць, закранула таксама лініі гарадскіх умацаванняў. Сведчанні XVІІІ ст. паведамляюць, што тады гарадскія ўмацаванні складаліся з вала, пяці драўляных вежаў і сямі рэдутаў. Агульная даўжыня гарадской фартыфікацыйнай лініі складала каля 2750 м. Рэшткі гэтых умацаванняў існавалі да канца XVІІІ ст., часткова захаваліся і мелі значэнне яшчэ ў пачатку XX ст. Зараз у прыдняпроўскай частцы горада яшчэ відаць сляды бастыённых умацаванняў.
Міхась Ткачоў
Гісторыя хрысціянскага храмавага будаўніцтвна Беларусі налічвае каля 1000 гадоў. Яго развіццё адбывалася ў рэчышчы агульнаэўрапейскай мастацка-стылістычнай эвалюцыі. Аднак асаблівасці палітычнай і рэлігійнай гісторыі нашага краю спрыялі выпрацоўцы самабытных мясцовых архітэктурна-будаўнічых прыёмаў і традыцый, дзе арганічна спалучаліся заходне- і ўсходнеэўрапейскія мастацкія ўплывы.