У архітэктуры мураваных каталіцкіх храмаў таго часу традыцыі мясцовага дойлідства спалучаліся з рысамі цэнтральна-эўрапейскай готыкі. Абарончыя функцыі выяўлены ў іх менш выразна. Касцёлы мелі звычайна аднаапсідную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, альбо бязвежавую, альбо з адной магутнай вежай-званіцай на галоўным фасадзе (Троіцкі касцёл у Ішкалдзі, Міхайлаўскі касцёл у Гнезне, касцёл францысканцаў у Вільні). Рэшткі муроў XV–XVI стст. захаваліся ў перабудаваных пазней касцёлах ва Ўсялюбе і бернардзінцаў у Іўі. Першымі каталіцкімі манаскімі ордэнамі, што прыйшлі ў Вялікае Княства Літоўскае праз краіны Цэнтральнай Эўропы, былі бернардзінцы і францысканцы, якія і «прынеслі» адзначаны тып гатычных касцёлаў.
У сярэдзіне XVI ст. у сацыяльна-ідэалагічную барацьбу паміж праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі актыўна ўключыліся разнастайныя пратэстанцкія накірункі. Пашырэнню ў Вялікім Княстве Літоўскім рэфармацыйнага руху спрыялі палітычныя сепаратыскія тэндэнцыі шматлікіх магутных магнацкіх родаў. Апантаным прыхільнікам кальвінізму стаў Мікалай Радзівіл Чорны, які зачыніў у сваіх уладаннях усе касцёлы. У другой палове XVI — пачатку XVII ст. на беларускіх землях было адчынена 198 кальвінскіх збораў, многія з іх на аснове храмаў іншых канфесій. Па фундацыях магнатаў-пратэстантаў у гэты час узведзены мураваныя кальвінскія зборы ў Заслаўі, Новым Свержані, Дзераўной, Замосці, Смаргоні, Кухцічах і іншых месцах. На далейшым лёсе гэтых помнікаў адбіліся ўсе перыпетыі рэлігійнай барацьбы. Большасць з іх ужо ў хуткім часе была перароблена пад касцёлы, а некаторыя пераасвячоны нават некалькі разоў. Напрыклад, заслаўскі кальвінскі збор у 1678 г. прыстасаваны пад касцёл Міхаіла Архангела, а ў 1840 г. стаў Спаса-Праабражэнскай царквой, пасля рэстаўрацыі 1968–1972 гг. у ім размясціўся Музей рамёстваў і народных промыслаў, зараз у будынку зноў праваслаўная царква. Падчас другой сусветнай вайны і пасля яе загінулі два старажытныя мураваныя кальвінскія зборы ў Асташыне і Койданаве, пра якія захаваліся шматлікія гістарычныя звесткі і графічныя матэрыялы.
Сціплая, але выразная архітэктура рэфармацкіх храмаў адлюстравала імкненне пратэстантаў да больш таннай царкоўнай абраднасці. Яны перанялі аднавежавы аднаапсідны тып гатычнага касцёла, але ў больш спрошчаным варыянце. Масіўныя атынкаваныя сцены аздабляў стрыманы ордэрны дэкор. У беларускім дойлідстве элементы класічнага архітэктурнага ордэра з'явіліся ўпершыню менавіта ў кароткачасовы перыяд рэнесансу, які ў нашым краі гістарычна звязаны з рэфармацыйным рухам.
Дзеля барацьбы з рэфармацыяй, якая ў XVI ст. пашырылася амаль па ўсёй Эўропе, у 1540 г. быў створаны ордэн езуітаў, які стаў носьбітам ідэй Контррэфармацыі. Езуіты накіравалі сваю дзейнасць пераважна на арыстакратычныя колы грамадства. Праз сістэму адукацыі, а таксама сродкамі мастацтва яны імкнуліся актыўна ўплываць на розум і пачуцці чалавека, у тым ліку стымулявалі развіццё архітэктурна-мастацкага стылю барока, экспрэсіўнасць і драматызм якога адпавядалі дуалістычнай свядомасці пострэнесанснага грамадства.
Пачатак Контррэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім прыпадае на 1569 г. — год Люблінскай вуніі, у выніку якой Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае аб'ядналіся ў адну дзяржаву — Рэч Паспалітую. У тым жа годзе езуіты прыбылі ў Вільню. Сваёй дзейнасці ў Вялікім Княстве езуіты надавалі асаблівую ўвагу, таму што ў Польшчы пазіцыі каталіцызму як монарэлігіі былі больш стабільнымі. У 1579 г. заснавана езуіцкая місія ў Полацку, якая адыграла значную ролю як у гісторыі ордэна, так і ў развіцці адукацыі і культуры ў Беларусі.
У 1582 г. езуіты былі запрошаны ў Нясвіж яго ўладальнікам Мікалаем Крыштофам Радзівілам, празваным Сіроткам, таму што ён адышоў ад перакананняў свайго бацькі — кальвініста Мікалая Радзівіла Чорнага і стаў актыўным прыхільнікам каталіцтва. Ён з'яўляецца фундатарам першага ў Нясвіжы мураванага касцёла, будаўніцтва якога пачалося ў 1581 г. Аднак гэтая пабудова сваімі памерамі, недастатковай пышнасцю, а галоўнае — сваёй блізкасцю візантыйскай архітэктурнай традыцыі (у плане касцёл меў выгляд роўнаканцовага грэчаскага крыжа) не задаволіла кіраўнікоў ордэна і біскупа віленскага Юрыя Радзівіла. Таму ледзь узведзеныя «свежыя» муры касцёла давялося разбурыць. На наш погляд, гэта была першая ахвяра ідэйна-рэлігійнай барацьбы, даведзенай не толькі да закрыцця храма, але і да яго фізічнага знішчэння.
На месцы зруйнаванага касцёла ў Нясвіжы ў 1587–1593 гг. па ўзору галоўнага ордэнскага храма езуітаў Іль Джэзу ў Рыме ўзводзіцца новы велічны будынак касцёла Божага Цела, які стаў першым творам мастацтва барока не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Ён аказаў вызначальны ўплыў на далейшае развіццё нацыянальнага мастацтва на працягу двух стагоддзяў.