У 1771 г., калі супрасльская Дабравешчанская царква належала вуніятам, адбылася карэнная змена ў афармленні яе інтэр'ера. Фрэскі закрыла багатая ляпная аздоба ў стылі позняга барока, а па нізу сцен і слупоў — драўляная панель. Пасля скасавання вуніі старажытны храм быў вернуты праваслаўным, але яго мастацкая самабытнасць, да таго ж са слядамі перабудоў часоў вуніяцтва, не спрыяла чуламу стаўленню да святыні. У 1852–1859 гг. фрэскі пацярпелі ад вады, якая працякала праз старыя скляпенні, і ў сувязі з гэтым забелены. Хаця манастыр, самы заходні з праваслаўных святынь Беларусі, выклікаў вялікую цікавасць даследнікаў, гэта не перашкодзіла далейшаму варварскаму знішчэнню яго славутых фрэсак. У 1887 г. пабелку ліквідавалі сухім спосабам, пры гэтым пашкодзіўшы частку фрэсак. П. Пакрышкін, які вывучаў у 1911 г. па накіраванню Археалагічнай камісіі фрэскі Дабравешчанскай царквы, адзначаў, што некаторыя з іх папсаваны ў 1910 г., калі здымалі драўляную панель, устаноўленую ў XVIII ст.
28 ліпеня 1944 г. гітлераўцы пры адступленні ўзарвалі супрасльскі Дабравешчанскі сабор. Кавалкі сцен і слупоў з рэшткамі фрэсак у 1945–1946 гг. зафіксавалі польскія рэстаўратары пад кіраўніцтвам У. Пашкоўскага і адрэстаўравалі ў 1964–1966 гг. Ацалела 30 фрагментаў, якія захоўваюцца і экспануюцца ў Беластоцкім краязнаўчым музеі. Зараз ідзе аднаўленне ўсяго храма. Так у каталіцкай Польшчы, шануючы сваю годнасць, аднаўляюць беларускую праваслаўную святыню.
Дзве Дабравешчанскія царквы — два мастацкія шэдэўры ў процілеглых кутках Беларусі, два высокія пункты на шляху яе гісторыі. Два лёсы, але з аднолькавым трагічным фіналам. І ўсё ж вяшчункі Дабра зноў нясць нам добрую вестку — спадзяванне на адраджэнне нашай спадчыны.
Сярод святынь, знішчаных яшчэ ў XIX ст., але захаваўшых гісторыка-мастацкую каштоўнасць да нашага часу, вылучаецца касцёл Міхаіла Архангела на гары Анёльскай, што пад Нясвіжам. Цікавы артыкул прысвяціў гэтаму помніку вядомы польскі даследнік будаўнічай дзейнасці ордэна езуітаў ва ўсёй Рэчы Паспалітай ксёндз Ежы Пашэнда, які прыводзіць падрабязныя звесткі з гісторыі славутага ў мінулым касцёла.
Гара Анёльская, ці як яе яшчэ называлі — Архангельская ці Свята-Міхайлаўская, уяўляе ўзгорак, найвышэйшы ў наваколлі, прыблізна за 0,7 км на паўднёвы ўсход ад Нясвіжа. Ад касцёла, што калісьці стаяў на ёй, як сведчыць У. Сыракомля, і пайшла прымаўка: «Адсунуўся. як святы Міхал ад Нясвіжа».
Будаўніцтва касцёла і манастыра пры ім цягнулася доўга, у некалькі этапаў. Першая фундацыя належыць Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротку, які перад вандроўкай у Святую Зямлю ў 1582 г. даў абет пабудаваць капліцу ў гонар святога Рафаіла, апекуна падарожнікаў. АЛЕ будаўніцтва яе пачалося толькі праз 11 гадоў, пасля заканчэння будаўніцтва езуіцкага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Князь разам з сям'ёй і дваром прымаў удзел ва ўзвядзенні капліцы, падносячы цэглу, вапну і ваду. За 10 дзён невялікі храм быў пастаўлены. З розных крыніц вядома, што ён меў памеры 9x13 локцяў (каля 5,4x7,8 м) і незвычайную шасцігранную форму, якой заказчыкам надавалася сімвалічнае значэнне. Валодаць касцёлам сталі нясвіжскія езуіты.
Хаця ў 1598 г. галоўны алтар (а значыць, храм) быў асвячоны ў гонар святога Рафаіла, ужо ў 1600 г. мясцовыя жыхары стыхійна перайменавалі яго ў гонар Міхаіла Архангела, які лічыўся патронам Русі і карыстаўся вялікай папулярнасцю ў народзе. Тым часам гара Анёльская набыла славу цудатворнай. Маленькі храм не ўмяшчаў усіх паломнікаў. Таму, ужо пасля смерці Сіроткі, паміж 1616 і 1620 гг. па фундацыі гетмана Вялікага Княства Літоўскага Яна Караля Хадкевіча, які меў звычай перад кожнай ваеннай кампаніяй заручацца падтрымкай у святога Міхаіла, касцёл пашыраецца і зноў асвячаецца ў 1629 г.