Выбрать главу

Усе збудаванні ансамбля былі накрыты гонтай, за выключэннем купалоў, абітых бляхай. Па люстрацыі, адна мураваная вежа з купалам, вышыней роўная з дахам, узвышалася над алтаром «пры шчыце даха». На галоўным фасадзе меліся тры вежачкі: цэнтральная, «мураваная на 8 граней над дахам касцельным», перавышала яго на «адзін ярус з вокнамі сляпымі». Невялікі купалок над ёй таксама ў «адзін ярус з гонты» завяршаўся выявай Міхаіла Архангела «з бляхі медзянай». Франтон фланкіравалі дзве больш нізкія вежы «ў чатыры вуглы», накрытыя купалкамі з галоўкамі. Унутры неф перакрываўся «авальным» скляпеннем, купал у алтары быў мураваны, падлога цагляная. Пад касцёлам знаходзілася крыпта з двума выхадамі: унутр храма і на манастырскія могілкі. Хоры размяшчаліся над уваходам і над сакрысціямі.

У некаторых дэталях рэканструкцыя Е. Пашэнды не адпавядае апісанню, якім мы маглі карыстацца, і нашаму ўяўленню пра архітэктоніку помніка. Гэта сведчыць аб тым, што нават вельмі дакладна ідучы за інвентарамі іх можна разумець па-рознаму, таму што складаліся яны рознымі людзьмі, з рознай адукацыяй, тэрміналогіяй і сістэмай светапогляду. Таму хацелася б зрабіць некалькі заўваг да выдатна ў цэлым зробленага даследавання. Найбольш спрэчнымі з'яўляюцца архітэктурна — кампазіцыйныя аб'ёмна — прасторавыя суадносіны паміж элементамі будынка касцёла, прапорцыі і формы яго частак.

Па-першае, вышыні аб'ёмаў увогуле вызначаны на падставе вельмі спекулятыўных меркаванняў і прыватных густаў даследніка. На наш погляд, яны адрозніваюцца ад сапраўдных. Вышыня нефа, хутчэй за ўсё, павінна быць меншай, не ўзнімацца над двухсхільным дахам. Гэта зрабіла б больш рэальнымі суадносіны вышынь і памераў планаў прэсбітэрыя і крухты.

Па-другое, прапанаваная форма плана прэсбітэрыя (першапачаткова асобнага збудавання) у выглядзе няроўнабаковага шасцігранніка вельмі спрэчная. Яна заснавана на тым, што даследнік узяў даўжыню 13 локцяў па падоўжнай восі і максімальную шырыню 9 локцяў, незважаючы на тое, як зададзеныя параметры суадносяцца з кампазіцыяй і канструкцыяй рэальна існаваўшага збудавання. Немагчыма перакрыць яго, як паказана на малюнку, купалам — формай, па свайму зместу заўжды цэнтрычнай. Але калі тыя ж памеры памяняць месцамі і прыняць 9 локцяў за дыяметр упісанага ў шасціграннік круга, а 13 локцяў — за дыяметр круга, апісанага вакол яго, мы атрымаем правільны шасціграннік — гексагон, які лёгка перакрываецца купалам. Менавіта гэтая дакладная геаметрычная форма сімвалізуе прыгажосць, гармонію, каханне, мір, багацце, узаемнасць, сіметрыю і суадносіцца з сонцам, цэласнасцю Сусвету і г.д.

Але неаднаразова падкрэсленае ў розных крыніцах сімвалічнае значэнне, якое надавалася форме першапачатковага плана капліцы святога Рафаіла на гары Анёльскай, яшчэ не азначае, што яна была менавіта такая. У альбоме архітэктурна-будаўнічых чарцяжоў канца XVI ст. з Нясвіжа на лісце 23 змешчаны планы дзвюх капліц без надпісу. Верхні план прадстаўляе просты простакутны аб'ём з невялікай паўкруглай апсідай і падпорнымі сценкамі на галоўным фасадзе. На плане пазначаны памеры 13x9 локцяў. Ці выпадковае гэтае супадзенне? Ці не маглі ў вызначэнні колькасці граняў пэўную ролю адыграць падпорныя сценкі? Магчыма, што гэта праектныя нерэалізаваныя варыянты храма. Але гэтыя пытанні, верагодна, ніколі не будуць канчаткова вырашаны, таму што найлепшым навуковым доказам было б існаванне славутай святыні.

Шматпакутная «фара Вітаўта»

Дойлідства часта называюць мураваным летапісам гісторыі. Яскравым пацвярджэннем гэтага афарызма з'яўляецца лёс фарнага касцёла ў Горадні, які выразней, чым шматлікія гістарычныя крыніцы, адлюстроўваў усе значныя падзеі ў жыцці старажытнага горада пачынаючы з XIV ст. На працягу шасці стагоддзяў гэты храм у розных сваіх архітэктурных іпастасях нёс на сабе імя свайго заснавальніка — князя гарадзенскага, а затым вялікага князя літоўскага Вітаўта, пры якім Вялікае Княства дасягнула найбольшай магутнасці.

Палітычныя амбіцыі Вітаўта: саперніцтва з Ягайлам, імкненне да каралеўскай кароны, арыентацыя ў дзяржаўным жыцці на каталіцкае веравызнанне, спрыялі заснаванню ім першага ў Горадні касцёла, дзе дагэтуль існавалі толькі праваслаўныя храмы. Дакладная дата фундацыі фарнага касцёла невядома, але з княжацкага прывілея гарадзенскім жыдам ад 1389 г. вынікае, што ў гэты час ён ужо існаваў. У грамаце ўпамінаюцца касцельныя ўчасткі і каталіцкія могілкі каля гарадскога рынку. Ёсць, аднак, меркаванні, што гэтая грамата з'яўляецца гістарычнай фальсіфікацыяй.