У натуры лесвіцы былі размешчаны ў тых жа месцах, але выкананы інакш. Круглыя ў плане вітыя ўсходы ўкампанаваны ў чацверыкі невялікіх памераў. Як бачна на гравюры Макоўскага, чацвярык на галоўным фасадзе завяршаўся шмат'яруснай вежачкай, крыху ніжэйшай за асноўную. З поўначы да ўваходнага чацверыка далучыўся простакутны аб'ём, які меў, верагодна, кампазіцыйнае прызначэнне з мэтай зрабіць галоўны фасад сіметрычным.
Акрамя таго, на планах нязначна адрозніваюцца памеры і форма прэсбітэрыя і сакрысціі. На абмерных чарцяжах бачна, што з поўдня да касцёла прылягала простакутная ў плане купальная капліца, якая адсутнічае ў праекце і на гравюры. Магчыма, яна прыбудавана падчас капітальнага рамонту храма пасля пажару 1751 г.
У 1782 г. будынак касцёла зноў пацярпеў ад моцнага пажару, які знішчыў верхнія ярусы вежаў, што адлюстравана ў абмерных чарцяжах. У 1804–1807 гг. тут праведзены аднаўленчыя работы, пасля чаго храм асвячоны як праваслаўны Сафійскі сабор. Пры гэтым па праекту рэканструкцыі меркавалася накрыць будынак больш пакатым дахам з атыкам над апсідай, а вежу завяршыць паўсферычным куналам з высокім ампірным спічаком. Аднак у натуры спічак быў заменены больш традыцыйнай гранёнай вежачкай з высокім шатром. Па баках храма прыбудавалі нізкія прыдзелы. Але першая праваслаўная рэканструкцыя ў стылі класіцызму не змяніла істотна архітэктуру касцёла. Магчыма, гэта і не задавальняла артадаксальнае праваслаўе.
У 1892 г. храм гарыць чарговы раз. Пры падзенні крокваў абваліліся скляпенні, што далі магчымасць пры новай раканструкцыі значна па нізіць алтарную частку і надаць пабудове кампазіцыйны лад псеўдарускіх цэркваў. У 1896–1898 гг. акадэмік архітэктуры М. М. Чагін перабудоўвае храм у псеўдарускім стылі. Над дахам было пастаўлена пяць цыбулепадобных галовак, вежа пераўтворана ў званіцу, завершаную высокім шатром. Падобны верх паўтораны на нізкай прыбудове, далучанай да алтара. Выразную пластыку фасадаў здрабнілі бясконцыя броўкі, какошнікі, парэбрыкі і іншыя псеўдарускія дэкаратыўныя элементы.
Пры буржуазнай Польшчы адрэстаўрыраваны будынак прыстасоўваецца пад гарнізонны касцёл; але папярэдне, у 1922 г., ён зноў гарэў. Алтарная апсіда была адбудавана да ранейшай вышыні, адноўлены высокі кроквенны дах. Над ніжнімі чацверыкамі цэнтральнай вежы ўзведзены два невысокія васьмерыковыя ярусы, завершаныя сціплым шатром. У такім выглядзе помнік перажыў другую сусветную вайну. Напярэдадні «светлай будучыні», у 1961 г. «фара Вітаўта» ўзарвана па рашэнню гарадзенскага гарвыканкама. Усё адбілася ў трагічным лёсе помніка, як у люстэрку, — пажары, войны, шматвяковая палітычная нестабільнасць края, клерыкальная і атэістычная ваяўнічасць, жах бездухоўнасці.
Парафіяльны Троіцкі касцёл у Клецку — помнік са складанай і загадкавай гісторыяй. Цікавасць да яго не згасае, нягледзячы на тое, што сам храм ужо не існуе. Працягваюцца яго археалагічныя і архіўныя даследаванні, архітэктурна-мастацтвазнаўчы аналіз, што дазваляе больш яскрава высветліць працэс развіцця нацыянальнага дойлідства ў XV–XVI стст., на мяжы сярэдневякоўя і Новага часу.
З інвентарных «Апісанняў стану плябаніі Клецкай у губерні Менскай» за 1796 і 1800 гг. вядома, што мураваны касцёл «закладзены згодна даўнейшай візіце, каля 1450 г. коштам Андрэя Маствіловіча, абывацеля наваградскага, адбудаваны накладам каралевы Боны, уладальніцы Клецка, кансекраваны кім і калі невядома». У канцы 1550-ых гг. новы ўладальнік мястэчка Мікалай Радзівіл Чорны, прыхільнік рэфармацыйнага руху, адабраў храм у католікаў і перарабіў яго пад кальвінскі збор. Тут у 1560–1562 гг. быў магістрам вядомы беларускі асветнік і рэфарматар Сымон Будны. На гравюры Клецка пачатку XVII ст. захавалася першая выява касцёла, апошняя — на фотаздымках, зробленых Віленскім таварыствам аматараў навукі ў 1930-ыя гг. У час Другой сусветнай вайны касцёл значна пацярпеў, а пасля яе канчаткова разабраны на цэглу. У вышэйназваных апісаннях касцёла адзначана, што ён «старасвецкі», з адною мураванаю вежаю, купал якой у 1796 г. быў абіты драніцамі, а праз чатыры гады яна ўжо стаяла без даху і крыжа. Другі купалок над алтаром таксама патрабаваў рамонту. На вежы фасада віселі званы. Будынамеў адзінаццаць вокнаў і скляпенні «не гладкія, старасвецкія». Атынкаваныя ўнутры сцены часткова распісаны. Пад падлогай з квадратнай цэглы ў розных месцах змяшчалася чатыры ганаровыя захаванні, пад вялікім алтаром быў пахаваны фундатар касцёла. З паўночнага боку да прэсбітэрыя прымыкала сакрысція са скляпеністым перакрыццём, пад ёй знаходзілася скарбніца. Памяшканні гэтыя злучаліся люкам з прыстаўной лесвіцай. Інвентары даюць таксама падрабязныя апісанні алтароў, амбона, хораў, лавак і іншага «начыння драўлянага» выдатнай «сніцарскай работы».