На адлегласці 300 крокаў ад касцёла стаяў драўляны, атынкаваны звонку будынак шпіталя «з ганкам ад вуліцы». Ён складаўся з дзвюх «ізб з алькежамі», звязаных сенямі з каморай. У комплекс плябаніі ўваходзілі яшчэ жылы будынак, стайня, свіран, бровар, паркан з дзвюма брамкамі. Усе пабудовы зроблены з драўніны, накрытыя гонтай. Жылыя памяшканні мелі кафляныя печы з зялёнай палівай.
На сённяшні дзень застаецца спрэчным час пабудовы храма. Большасць апублікаваных крыніц адносяць яго да сярэдзіны XVI ст. Аднак археолаг А. Кушнярэвіч па фундаментах помніка датуе яго XV ст. З гэтым меркаваннем па шэрагу прычын нельга цалкам пагадзіцца. І першая з іх у тым, што знітаваная готыка-рэнесансная стылістыка збудавання ўсё ж больш адпавядае другой палове XVI ст. Яна блізкая да архітэктуры кальвінскіх збораў таго часу ў Дзераўной і Койданаве, а таксама шэрагу помнікаў так званай «калішскай» групы польскага рэнесансу. Храм меў трохчасткавую структуру, характэрную для гатычных храмаў Цэнтральнай Эўропы, і складаўся з асноўнага нефа, пяціграннай алтарнай апсіды і магутнай васьміграннай вежы над чацверыком уваходнай крухты. Чатыры ярусы вежы мелі аднолькавае сячэнне, але розную адвольную вышыню. Такая будова і прапорцыі вежы рабілі яе асабліва масіўнай, манументальнай. Відавочна, што верхні ярус і фігурнае завяршэнне вежы перароблены ў канцы XVII ст. пры перабудове касцёла. Неф і апсіду, роўныя па вышыні, накрываў агульны дах заломамі ў месцы злучэння і фігурнай вежачкай над алтаром. Вырашэнне вянчаючых мас некалькі адрозніваецца ад рэнесансных храмаў рэгіёна Каліша, дзе апсіда і дах над ёй звычайна ніжэй за асноўны і падзелены мураваным франтонам. Сцены Троіцкага касцёла былі ўмацаваны рытмічна пастаўленымі контрфорсамі пастаяннага сячэння, якія даходзілі амаль да прафіляванага карніза. Такім чынам, гатычныя канструктыўныя элементы спалучаліся з рэнесансным дэкорам, гатычная будова аб'ёмаў з рэнесанснай залавай трактоўкай інтэр'ера, што сведчыць аб больш познім з верагодных варыянтаў паходжанні помніка.
Яшчэ адзін факт. У альбоме старажытных архітэктурна-будаўнічых чарцяжоў, якія дакладна датуюцца канцом XVI ст., ёсць план культавага будынка з надпісам: «Kosciol miesta klckiego pana marshalka». Маецца на ўвазе Альбрэхт Радзівіл, ардынат клецкі (1558–1592). З 1585 г. ён з'яўляўся маршалкам Вялікага Княства Літоўскага. Гэты чарцёж — адзіны вядомы на сённяшні дзень план помніка. Але праектны ён ці абмерны, зроблены з ужо існаваўшага помніка? У цэлым план адпавядае аб'ёмна-прасторавай структуры храма, вядомага па фотаздымках першай паловы XX ст., за выключэннем ніжняга чацверыка вежы, дзе на чарцяжы пазначаны тры вялікія ўваходныя праёмы, якіх пазней не існавала. Вуглы вежы на чарцяжы заштрыхаваны больш шчыльна. Магчыма, ён выкананы ў час прыбудовы вежы да касцёла, што рабілася звычайна крыху пазней, пасля асадкі асноўнага будынка, з мэтай дакладна размеркаваць нагрузку канструкцыйна розных частак. Новыя даследаванні, як мы шчыра спадзяёмся, дазволяць нарэшце раскрыць таямніцу гэтага помніка.
Гэты помнік прыцягваў пільную ўвагу даследнікаў архітэктуры і краязнаўцаў Заходняй Беларусі, якія ўпершыню імкнуліся вызначыць мастацкія характарыстыкі культавых збудаванняў, уявіць працэс стылістычнай эвалюцыі нацыянальнага дойлідства. Адзін з іх пісаў, што касцёл святога Казіміра ў Стоўбцах пабудаваны ў «стылі гатыцкім, аб дзвюх вежах», другі адзначаў, што помнік гэты ўвасабляў «найпрыгажэйшае чыстае барока з аздобай інтэр'ера ў стылі ракако».
Хто ж з іх меў рацыю? А яна як раз паміж гэтымі палярнымі меркаваннямі. Помнік пабудаваны на мяжы архітэктурных эпох — сярадневякоўя і Новага часу. Касцёл закладзены ў 1621 г. па фундацыі кашталяна менскага і наваградскага Аляксандра Слушкі і жонкі яго Зоф'і з Зяновічаў. Каля 1640 г. пры касцёле быў пабудаваны вялікі двухпавярховы кляштар ордэна дамініканцаў.
У гэты час у беларускім дойлідстве складваўся самабытны нацыянальны варыянт стылю барока і азначаны помнік стаў этапным у яго фармаванні. Абарончыя вежы, якія фланкіравалі галоўны фасад храмаў беларускай готыкі, у перыяд барока страцілі сваё функцыянальнае прызначэнне і адыгрывалі толькі кампазіцыйную ролю для ўзбагачэння сілуэта збудавання і надання яму дынамічнасці і ўзнёсласці.