Выбрать главу

Казіміраўскі касцёл меў новую на той час аб'ёмна-прасторавую структуру трохнефавай базілікі, а галоўны фасад знайшоў вырашэнне ў выглядзе плоскага дзвюхвежавага аб'ема (нартэкса), шырыня якога адпавядала шырыні чацверыковых вежаў. Вось сіметрыі фасада падкрэслівала білатэральная групоўка вежаў і аздабляючых іх плоскіх лапатак. Гарызантальна, на ўзроўні карнізаў бакавых нефаў, фасад дзяліўся на два ярусы. Таму верхняя частка выглядала больш масіўнай.

Вежы мелі аднолькавае ад аснавання да верху квадратнае сячэнне, што рабіла іх асабліва манументальнымі і нават медыявістычна суровымі. Але ж агульная кампазіцыя, трактоўка фасада як самастойнага незалежнага «карціннага» элемента, выкарыстанне ордэрнага дэкору сведчаць аб тым, што гэта быў ужо ўзор ранняга беларускага барока з уяўнымі яшчэ рысамі готыкі і рэнесансу.

З паўднёвага боку простакутнай алтарнай часткі, крыху вузейшай за цэнтральны неф, прылягала даволі вялікая купальная капліца святога Дамініка, якая, па назіраннях відавочцаў, нагадвала капліцу святога Казіміра ў Вільні, створаную прыдворным архітэктарам Вазаў К. Тансала. Бакавыя нефы глухімі сценкамі падзяляліся на шэраг невялікіх капэл. Пад капліцай святога Дамініка знаходзілася напаўасветленае памяшканне — крыпта з надмагіллем Фабіяна Малішэўскага, прыёра кляштара, памёршага ў 1644 г.

Інтэр'ер храма ўзбагачала стукавая ляпніна. Сакавіты ляпны дэкор у выглядзе паліганальных рам-кесонаў адвольнай формы дываном пакрываў скляпенні і купал бакавой капліцы, які завяршаўся светлавым ліхтаром. Спалучэнне натуральнага асвятлення з паўцёмнай сферай купала, аздобленай медальёнамі з выявамі святых, стварала ўражлівы мастацкі аптычна-ілюзіяністычны эфект. Партал увахода меў яшчэ пэўныя рэнесансныя рысы. А ўсхваляваная, дынамічная пластыка алтароў была выканана ў сярэдзіне XVIII ст. ужо ў стылістыцы позняга барока. Пазалочаная картушная рама з цякучымі ракайльнымі завіткамі аблямоўвала партрэт фундатара на адной са сцен касцёла.

Пасля скасавання кляштара і закрыцця касцёла ў 1880-ых гг. для капітальнай перабудовы ў псеўдарускім стылі храм прыстасаваны пад праваслаўную царкву. Пры гэтым над галоўным фасадам з'явілася шатровая званіца, а над алтаром — купал на глухім барабане, увенчаныя цыбулепадобнымі галоўкамі. Такія ж галоўкі завяршалі зменены на кубасты купал капліцы і прыбудаваны да партала ўвахода прытвор. Вялікія вокны з пругкімі лучковымі завяршэннямі заменены больш дробнымі падвойнымі арачнымі вокнамі і г.д.

У 1920-ыя гг. праводзілася рэстаўрацыя помніка, у выніку якой вежы чамусьці набылі рознае завяршэнне: адну з іх накрываў пакаты шацёр, другую — высокі гранёны купал «банька». Этапы пераўтварэнняў помніка адлюстраваны на фотаздымках ад пачатку XX ст. да канца 1930-ых гг., зробленых віленскім Таварыствам аматараў навукі.

У Другую сусветную вайну помнік быў часткова разбураны, а пазней разабраны. Разам з ім мы страцілі выдатны самабытны ўзор беларускага барока ў архітэктуры і манументальна-дэкаратыўным мастацтве.

Сведкі з XVІІ стагоддзя

Пасля Берасцейскага царкоўнага сабору 1596 г., на якім была заключана вунія паміж католікамі і праваслаўнымі і створана грэка-каталіцкая царква, у Вялікім Княстве Літоўскім больш за два стагоддзі суіснавалі некалькі галін хрысціянскага культу. Канфесіі вялі паміж сабою вострую барацьбу за палітычнае, эканамічнае і ідэалагічнае панаванне ў жыцці грамадства, што яскрава адлюстравалася ў сферы культавага будаўніцтва.

На пачатку XVII ст. праваслаўная царква яшчэ ўтрымлівала дастаткова моцныя пазіцыі, асабліва ва ўсходніх ваяводствах Вялікага Княства Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Смаленскім, дзе вунія насаджалася гвалтоўна, што выклікала народныя хваляванні, «частые бунты и разрухи». Падчас паўстання ў Віцебску 12 лістапада 1623 г. адбылося забойства вуніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча, пасля чаго праваслаўныя цэрквы былі запячатаны, разбураны ці пераведзены ў вунію. Мсціслаўскі кашталян Канстанцін Палубенскі хацеў прывесці жыхароў горада да вуніі «прозбою и грозбою», як адзначана ў адным з дакументаў таго часу. У кнігах полацкага магістрата ёсць шэраг накіраваных супраць схізматыкаў каралеўскіх указаў, забараняўшых праваслаўным будаваць і рамантаваць цэрквы. Указ караля Ўладзіслава IV ад 14 лютага 1641 г. адзначае, што «у Віцебску, Полацку і Наваградку ніколі ніводнай царквы невуніяты мець не будуць».

Аднак у другой палове XVII ст. сітуацыя мяняецца. «На працягу 69 гадоў ад стварэння вуніі, яна, з Божай дапамогай, пашырана была вуніятамі ў Літве і на Русі», — так зазначана ў «Данясенні холмскага вуніяцкага епіскапа Іакава Сушы рымскаму папе аб бядотным становішчы вуніяцкай царквы і ўціску вуніятаў католікамі». Пачаўся новы этап ідэалагічнай барацьбы, накіраваны на акаталічванне вуніі. Аб гэтым сведчаць. напрыклад, шматлікія магілеўскія акты «аб крыўдах вуніятаў ад каталіцкіх манашаскіх ордэнаў і польскіх чыноўнікаў». Мяжа XVII і XVIII стст. адзначана забаронай беларускай мовы ў дзяржаўным справаводстве (1697) і прыняццем соймавага закону (1712), адпаведна якому праваслаўныя канчаткова засталіся без аховы законаў Рэчы Паспалітай. Гэтыя сацыяльна-палітычныя працэсы як у люстэрку адбіліся ў характары і эвалюцыі культавага будаўніцтва Беларусі таго часу.