Выбрать главу

У пачатку XVII ст. рух супраць вуніі ў абарону праваслаўя ўзначаліў падкаморы мсціслаўскі Багдан Сцяткевіч, які заснаваў шэраг праваслаўных манастыроў Магілеўскай епархіі: ў 1623 г. Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр пад Воршай, у 1631 г. там жа — Успенскі жаночы манастыр, у 1633 г. — Богаяўленскі брацкі сабор у Магілеве, у 1641 г. — Баркалабаўскі манастыр каля Старога Быхава, у 1643 г. — Буйніцкі манастыр каля Магілева. Апошнія фундацыі пазначаны яго жонкаю Аленаю, з роду Саламарэцкіх.

Традыцый праваслаўя на той час прытрымліваліся і многія іншыя буйныя феадалы. У 1637 г. князь Леў Самуіл Агінскі заснаваў полацкі Богаяўленскі манастыр. Фундушавы запіс на заснаванне праваслаўнага Маркава манастыра ў Віцебску зроблены Л. С. Агінскім і яго жонкаю 6 жніўня 1642 г., але ўжо пасля пабудовы там саборнага храма, распачатай у 1633 г.

Багаты шляхціц Канстанцін Іпацій Маскевіч заснаваў у 1641 г. галоўны храм Святога Духа Тупічэўскага манастыра пад Мсціславам. Характэрна, што К.І.Маскевіч змяніў гвалтоўную тактыку сваёй рэлігійнай барацьбы, калі пераканаўся, што дзеянні і сродкі «лацінян» больш надзейныя і мэтанакіраваныя, а менавіта: адукацыя юнацтва, будаўніцтва храмаў, і стаў карыстацца імі ж.

Галоўныя саборныя храмы ўсіх вышэйназваных і іншых праваслаўных манастыроў таго часу былі драўлянымі. Выкарыстанне таннейшага будаўнічага матэрыялу ў пэўнай ступені абумоўлена палітычным уціскам, што вымушала праваслаўных вырашаць свае філасофска-рэлігійныя задачы больш простымі і даступнымі прыёмамі.

Найбольш раннія драўляныя саборныя цэрквы Богаяўленскага Куцеінскага манастыра пад Воршай і Святадухаўскага Тупічэўскага манастыра пад Мсціславам складаліся з чатырох зрубаў роўнай вышыні, размешчаных папарна па ўзаемна перпендыкулярных восях. Заходні зруб з уваходам ставіўся простакутным, а алтарны і бакавыя — пяціграннымі. Усе зрубы накрываліся вальмавымі дахамі з галоўкамі ў месцы злучэння схілаў, а прастора сяродкрыжжа ўвенчвалася светлавым васьмігранным барабанам з цэнтральным купалам. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя гэтых помнікаў мела план і сячэнне на ўзроўні карніза ў выглядзе роўнаканцовага грэчаскага крыжа. У ёй прагледжваецца генетычнае ўздзеянне кампазіцыйнай структуры мураваных крыжова-купальных храмаў старажытнарускага перыяду.

Ёсць падставы меркаваць, што аналагічную кампазіцыю атрымалі таксама саборныя цэрквы Баркалабаўскага і Буйніцкага манастыроў. У фундушавым запісе на Святадухаўскі манастыр у Буйнічах, які падпарадкоўваўся Богаяўленскаму Куцеінскаму пад Воршай, пазначана ўмова — заўжды залежаць ад канстанцінопальскага патрыярха. Пераважнае выкарыстанне пры будаўніцтве найбольш манументальных праваслаўных сабораў таго часу архітэктурнага тыпу чатырохзрубнага цэнтрычнага крыжова-купальнага храма мела на мэце падкрэсліць пераемную сувязь з візантыйска-рускімі традыцыямі.

Куцеінскі Богаяўленскі манастыр размяшчаўся на паўднёва-заходняй ускраіне Воршы ля сутокаў Дняпра і невялічкай рэчкі Куцеінкі, ад якой і пайшла назва не толькі манастыра, але і створанай пры ім друкарні, якая адыграла значную ролю ў развіцці беларускай культуры. Яна арганізавана ў пачатку 1630 г. сябрам Магілеўскага Богаяўленскага брацтва ігуменам манастыра Іаілам Труцэвічам. Літургічныя, маральна-павучальныя і вучэбныя выданні Куцеінскай друкарні былі разлічаны на праваслаўныя брацтвы і розныя пласты гарадскога насельніцтва. У хуткім часе кнігі друкарні сталі шырока вядомы і распаўсюджваліся таксама на Ўкраіне, у Літве і Маскоўскай Русі. Графічнае афармленне выданняў Куцеінскай друкарні вызначалася своеасаблівасцю, блізкасцю да традыцый беларускага народнага мастацтва, знітаваных стылістычнымі прыёмамі барока. У фармаванні самабытнай мясцовай школы кніжнай гравюры адметную ролю адыграў беларускі кнігадрукар Спірыдон Собаль, які выдаў першыя 5 кніг. У 1636–1654 гг. выйшла яшчэ 14 выданняў, пасля чаго абсталяванне і работнікі Куцеінскай друкарні былі перавезены ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам, а дакладней кажучы экспрапрыяваны.