П. Красавіцкі ў 1911 г. адзначаў, «што гадоў 15 назад сценапіс разглядаўся вядомым мастаком І.Я. Рэпіным. Ён вызначыў гэты сценапіс як працу таленавітага самавучкі, які надаў шмат жыцця і руху фігурам». Роспісы — творы рук мясцовых майстроў Паўла Ігнатовіча і прыгоннага Івана, імёны якіх вядомы з архіўных і навукова-літаратурных крыніц. У стылі роспісаў адчуваўся значны ўплыў барока, асабліва ў дынаміцы і складанасці шматфігурных кампазіцый, прасторавай будовы архітэктурных куліс. Інтэр'ер упрыгожваў старажытны пяціярусны разьбяны іканастас, афарбаваны пад золата, а месцамі вызалачаны.
Звонку сцены сабора былі вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі і напалову закрыты абхадной галерэяй з разьбянымі слупкамі і гарызантальным дашчаным парапетам, якая апярэзвала ўвесь будынак. Уваходныя дзверы, накшталт царскай брамы, упрыгожваліся разьбою, паліхромным жывапісам з выявамі святой Тройцы і евангелістаў. Багаты дэкор дзвярэй Троіцкага сабора з вензелем фундатара С. К. Агінскага вылучаўся ў параўнанні з дзвярамі іншых храмаў, дзе выкарыстоўвалася спалучэнне геаметрычнай шалёўкі і акоўкі жалезам з цвікамі-разеткамі.
Сам Маркаў манастыр размяшчаўся за 2 вярсты ад Віцебска ўніз па цячэнню Дзвіны на трох узгорках. Складанасць рэльефу надавала асаблівую маляўнічасць ансамблю, адлюстраванаму на малюнку Дз. Струкава 1864 г. Акрамя старажытнага пяцігаловага Троіцкага сбора ў комплекс манастыра ўваходзілі дзве мураваныя аднаглавыя царквы: Пакроўская і Мітрафанаўская, трох'ярусная званіца-брама з паўднёвага боку, невысокія драўляныя манастырскія і гаспадарчыя карпусы. Пакроўская царква была пабудавана ў 1746–1760 гг. на месцы больш ранняй, узведзенай у 1651–1656 гг., якая згарэла разам з першым саборам. Па-за межамі манастыра на могілках існавалі яшчэ дзве цэрквы: Мікалаеўская і Параскевы Пятніцы, выгляд якіх застаецца невядомым.
Але з розных графічных і літаратурных крыніц дакладна вядома, што да тыпу чатырохзрубавых крыжова-купальных храмаў належалі яшчэ тры царквы ў Віцебску: Ільінская, Іаана Багаслова і Спаса-Праабражэнская, а таксама Мікалаеўскія цэрквы ў мястэчках Бешанковічы і Дуброўна, сабор Богаяўленскага манастыра ў Смаленску (усе канца XVII — пачатку XVIII ст.).
Царква ў Дуброўна адлюстравана на гравюрах мястэчка, зробленых вядомым расейскім мастаком М.Івановым у 1784 г., а выява драўлянага Богаяўленскага сабора ў Смаленску, пабудаванага ў 1708–1712 гг., прадстаўлена на іконе пачатку XVIII ст. з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Менску. Абодва гэтыя храмы вызначаюцца падабенствам перакрыцця сяродкрыжжа, вырашанага ў выглядзе двух'яруснага масіўнага купала са складаным абрысам. У мудрагелістых формах вянчаючых мас відавочна далейшае развіццё пластычных характарыстык архітэктуры збудаванняў пад уплывам эстэтычнай канцэпцыі барока. Смаленскі Богаяўленскі сабор меў унікальную двух ярусную абхадную галерэю.
Вянцом эвалюцыі гэтага тыпу культавых будынкаў, што самабытна спалучаў праваслаўную візантыйскую традыцыю з прагрэсіўнымі заходнеэўрапейскімі мастацкімі ўплывамі свайго часу, стала вуніяцкая Ільінская царква ў Віцебску, якой мы прысвяцілі асобны нарыс. Паспяхова перажыўшы два цяжкія стагоддзі, маўклівыя драўляныя сведкі вострай рэлігійнай, палітычнай і ідэалагічнай барацьбы ў Беларусі ў XVII–XVIII стст. чамусьці раптам амаль усе згарэлі ў канцы XIX ст. ці разабраны «за ветхостью», каб саступіць месца «истинно» праваслаўным псеўдарускім храмам. Тыя ж, што ацалелі, былі канчаткова зруйнаваны ў 1920-1930-ых гг.
Сярод самых выдатных твораў дойлідства, створаных геніем чалавека, ёсць такія, да якіх, здаецца, дакранулася рука Бога. Іх называюць прыгожым іншаземным словам «шэдэўр», хаця плоццю сваёй яны знітаваны з лёсам свайго народа, і чым цясней гэтая сувязь, тым вышэй мастацкая каштоўнасць помніка.
«Деревянные церкви в г. Витебске» — так называлася першае прафесійнае даследаванне па гісторыі архітэктуры Беларусі дарэвалюцыйнага расейскага даследніка А. М. Паўлінава, дапоўненае абмернымі чарцяжамі захаваўшыхся старажытных помнікаў. Так была зафіксавана для гісторыі цікавая і самабытная з'ява нацыянальнай культуры. У хуткім часе пасля гэтага, 13 красавіка 1904 г., у Віцебску згарэла царква ў імя Ільі-прарока — каралева сярод драўляных храмаў Беларусі, якіх некалі існавала шмат, але ўжо на той час захаваліся, на жаль, адзінкі.