У 1834 г. Васкрасенская царква пераведзена ў праваслаўе. Распрацаваны полацкім епархіальным архітэктарам А. Порта праект яе рэканструкцыі захоўваецца ў архіўных фондах сінода ЦДГА Расеі ў Санкт-Пецярбургу. Гэты праект насіў элементы посткласіцызму. Меркавалася на галоўным фасадзе прыбудаваць неадпаведны маштабу будынка чатырохкалонны порцік, атыкавы франтон замяніць пакатым трохкутным тымпанам, над нефам надбудаваць несапраўдны паўсферычны купал, завяршэнні вежаў зрабіць таксама паўсферычнымі. З усяго гэтага, як сведчаць фотаздымкі другой паловы XIX ст., рэалізоўваецца толькі несапраўдны купал з цыбулепадобнай галоўкай, які надае будынку псеўдарускі характар.
Касцёл святога Антонія, што стаяў непадалёку на процілеглым усходнім баку плошчы, меў традыцыйную арыентацыю алтара на ўсход, такім чынам, быў павернуты да Васкрасенскай царквы галоўным фасадам, а да Віцьбы — бакавым. Ніжэй па рэльефу да рэчкі спускаўся двухпавярховы кляштарны будынак з замкнёным, амаль квадратным унутраным дваром, яшчэ ніжэй — службовыя будынкі: гаспадарчы двор, сад і агарод.
Бернардзінскі кляштар у Віцебску заснаваны яшчэ ў 1685 г. па фундацыі Казіміра і Тэклі Саковічаў. Першапачатковыя драўляныя будынкі, адноўленыя пасля пажару 1700 г., канчаткова згарэлі ў 1733 г. На тым жа месцы ў 1737–1755 гг. створаны манументальны мураваны комплекс у стылі позняга барока. Касцёл бернардзінцаў кансекраваны ў 1768 г. у гонар святога Антонія. Храм уяўляў сабою трохнефную дзвюхвежавую базіліку даволі незвычайных прапорцый. Адносна нізкі і шырокі цэнтральны неф з паўцыркульным прэсбітэрыем сфармаваў структуру галоўнага фасада будынка. У параўнанні з імклівым вертыкалізмам фасада Васкрасенскай царквы ён быў пераважна гарызантальным, што асабліва відавочна ў артаганальнай праекцыі. Аднак у натуры, у рэальнай прасторы гэта «расцягнутасць» аптычна карэктавалася мастацкімі прыёмамі барока, і перш за ўсё тым, што пры падыходзе да плошчы фасад успрымаўся не франтальна, а ў ракурсе. Цэнтральная частка фасада была паглыблена адносна моцна выступаючых на баках чацверыковых вежаў і раскрапавана цэлым лесам вертыкальных ордэрных элементаў, якія перасякалі важкія гарызантальныя паясы антаблементаў на ўзроўні скляпенняў бакавых і цэнтральнага нефаў.
Пластыка вежаў і франтона вытанчанасцю малюнка адпавядала стылістыцы віленскага барока. Багацце ляпной аздобы фасада касцёла выразна кантраставала з аскетычным фасадам манастырскага корпуса, што з'яўлялася характэрным прыёмам ансамбляў позняга беларускага барока. Адзінства частак пры гэтым не страчвалася. Асноўны матыў галоўнага фасада касцёла паўтарала невялікая, але надзвычай маляўнічая брама, што злучала манастырскі і гаспадарчыя будынкі, пастаўленыя па чырвонай лініі і аб'яднаныя, нягледзячы на перапад рэльефу, агульнымі гарызанталямі.
Аналагічныя архітэктурна-мастацкія прыёмы выкарыстаны пры стварэнні ансамбля Саборнай плошчы на процілеглым беразе Віцьбы, дзе вядучая роля адводзілася касцёлу і калегіуму езуітаў, пастаўленых таксама на ўсходнім баку плошчы. Двухпавярховы будынак калегіума размяшчаўся на поўнач ад касцёла, на паніжэнні рэльефа да Віцьбы, быццам люстэркавае адлюстраванне бернардзінскага кляштара. Такім чынам, Рынкавая і Саборная плошчы візуальна звязваліся паміж сабою ў цэласны горадабудаўнічы ансамбль.
Гісторыя будаўніцтва езуіцкага комплексу даволі працяглая. У 1640–1644 гг. коштам слонімскага ваяводы Корвін-Гасеўскага быў узведзены першы драўляны касцёл езуітаў, асвячоны ў гонасвятога Мікалая. Аснову будынка складаў выцягнуты простакутны зруб (неф) з роўнымі па вышыні з ім аб'ёмамі па баках і высокай трох'яруснай вежай над бабінцам пры ўваходзе. Падчас заняцця Віцебска маскоўскім войскам у 1654–1655 гг. касцёл езуітаў перабудоўваецца пад царкву праваслаўнага Аляксееўскага манастыра, які адлюстраваны на чарцяжы Віцебска 1664 г. На малюнку відаць, што па восі храма размяшчалася брама з кубастым пакрыццем, на поўнач ад яе стаяў працяглы манастырскі будынак, на поўдзень — каркасная званіца. Усю тэрыторыю манастыра, дзе знаходзілася яшчэ некалькі службовых будынкаў, абкружаў паркан.