Выбрать главу

У 1799 г. базыльянскі манастыр быў перададзены праваслаўным, а царква перайменавана ва Ўспенскі сабор. Прыняты ў сувязі з гэтым праект перабудовы храма захоўваецца ў архіве сінода. Адпаведна яму прапанавалася на сяродкрыжжы ўзвесці круглы светлавы барабан, перакрыты паўсферычным купалам з галоўкай. Аднак у рэчаіснасці рэалізаваны купал іншай формы: самкнёны, з большай стралой пад'ёма і апорным кольцам. Дахі над цэнтральным нефам і трансептам атрымаліся больш пакатымі, а атыкавыя барочныя франтоны замяніліся трохкутнымі, класіцыстычнымі.

Крытым пераходам-галерэяй сабор злучаўся з Т-падобным трохпавярховым манастырскім корпусам. Галоўны падоўжны фасад уздоўж броўкі рэльефа над Заходняй Дзвіной рытмічна чляніўся пілястрамі вялікага ордэра і завяршаўся ламаным дахам. Вокны дэкарырывалі ляпныя сандрыкі, а прасценкі — філёнгавыя нішы ў стылі барока. Будынак часткова захаваўся да нашага часу. З 1799 па 1849 г. у ім размяшчаліся прысутныя месцы, пазней, пасля перабудовы, перавезеная з Полацка духоўная семінарыя.

Велічныя храмы розных канфесій, культавыя помнікі стваралі вышынныя сілуэтныя дамінанты панарамы Віцебска, па-мастацку арганізоўвалі забудову цэнтральнай часткі горада, што добра адлюстравана на паштоўках канца XIX — пачатку XX ст. У канцы 1930-ых гг. палітычныя рэпрэсіі дайшлі і да помнікаў нацыянальнай культурнай спадчыны. У 1938 г. дынаміт, закладзены пад Успенскі сабор і Васкрасенскую царкву, а ў 1956 г. — пад Мікалаеўскі сабор і Антоніеўскі касцёл з мэтай «добраўпарадкавання і рэканструкцыі» цэнтра горада, назаўсёды зруйнаваў храмы.

Некалі існавала паданне, што ад Успенскага сабора ў Віцебску да Ўспенскага сабора ў Смаленску не было ніводнага пункта мясцовасці, адкуль не бачыўся хаця б адзін купалок храма з хрысціянскім крыжам. Як старажытныя сігнальныя кастры перадавалі яны адзін аднаму эстафету духоўнасці і сведчылі, што край гэты Божы, хрысціянскі, з працавітымі і таленавітымі людзьмі. Зніклі, згаслі тыя кастры…

У Полацку бачыў святога Стэфана…

У выніку войн з Расеяй, пасля заняцця Полацка войскамі караля Стэфана Баторыя (1579), Вялікі Пасад гэтага горада ўяўляў сабой пустэчу. Невялікая колькасць жыхароў засталася толькі ў размешчаным значна ніжэй па р. Дзвіне Заполацці.

Стэфан Баторый, жадаўшы як мага хутчэй каланізаваць край, пасяляе ў Полацку езуітаў (1580) і перадае ім усе праваслаўныя манастыры і цэрквы (за выключэннем сабора святой Сафіі) з іх маёмасцю і землямі (фундуш 1582 г.), а таксама і замак. Для калегіума кароль прапанаваў езуітам месца на востраве р. Дзвіны, дзе раней стаяў манастыр Іаана Прадцечы, а для жыхарства — былы Петрапаўлаўскі манастыр у Верхнім замку. Аднак езуіты знайшлі прапанову караля непрымальнай для сябе і пачалі будаўніцтва калегіума паміж замкам і горадам, дзе перад гэтым быў закладзены драўляны касцёл, відавочна, на месцы праваслаўнай царквы. Пацвярджэннем таму служыць грамата Баторыя, адпаведна якой каля рынка знаходзіліся могілкі. Згодна той жа грамаце, да могілак прылягалі шэсць дамоў гарадскіх жыхароў. Такім чынам, касцёл і калегіум занялі месца на галоўнай гарадской плошчы — на рынку. З дакументаў сярэдзіны XVII ст. вядома, што езуіты захапілі частку гарадскіх земляў, у прыватнасці «ратушнае месца». Невядома, як размяшчаўся на занятым участку драўляны касцёл і якім чынам з ім злучаўся драўляны калегіум. У 1653 г., пасля ўзяцця Полацка расейскімі войскамі, праваслаўныя жыхары горада і духавенства разабралі езуіцкі касцёл і з атрыманага матэрыялу пабудавалі палац для Ўладыкі.