У 1785 г. у Полацак прыязджае архітэктар і матэматык Габрыэль Грубер, у далейшым кіраўнік ордэна. Тэатральны і галоўны карпусы злучаюцца ўзведзеным па яго ініцыятыве корпусам, у якім размяшчаюцца аздобленыя фрэскамі карцінная галерэя, музей, хімічная лабараторыя, абсерваторыя і кабінеты (архітэктурны, фізічны, прыродна-гістарычны, мінералагічны, этнаграфічны і інш.). Побач з гэтым корпусам зрабілі цэнтральны ўваход у калегіум. Апошнімі пабудовамі езуітаў у канцы XVIII ст. сталі два флігелі на поўдзень ад аптэкі: бурса (у 1797 г. на 24 чалавекі) і багадзельня.
Калегіум і канвікт расчляняліся звонку тасканскімі пілястрамі, пастаўленымі ў прасценках, — гэта скупы, але выразны дэкор, асабліва для будынка, што глядзіцца з далёкіх кропак. Падобны дэкор мелі грамадзянскія збудаванні ў другой палове XVII ст. і шматлікія манастырскія пабудовы XVIII ст. Пабудаваныя пасля 1773 г. на поўдзень ад касцёла трохпавярховыя карпусы аздабляліся прыгожымі іянічнымі пілястрамі, а вокны атрымалі абрамленні з трохкутнымі франтонамі.
У 1812 г. калегіум пераўтвараецца ў езуіцкую акадэмію навук і прыраўноўваецца да ўніверсітэта. На час забароны дзейнасці ордэна ў Расеі (1820) акадэмія налічвала 112 езуітаў.
Увогуле вышэйшая навучальная ўстанова езуітаў уяўляла сабой феадальную, заснаваную на прыгоннай працы манастырскую сядзібу з усімі належачымі ёй пабудовамі, да якой далучаліся вучэбныя памяшканні. Падобны характар мелі і культурна-прамысловыя цэнтры, што ствараліся магнатамі.
У адрозненне ад аддаленых у глыбіню ўчастка калегіумаў XVII ст. тут пабудовы павернуты не толькі да галоўнай плошчы горада, як у калегіумах XVIII ст., але і ядро калегіума — галоўны корпус — мае план, канфігурацыя якога вынікае з патрэбы стварыць грандыёзны, працяглы, адкрыты пейзажу фасад. Падобныя прынцыпы планіроўкі можна знайсці ў шэрагу манастыроў XVIII ст. іншых ордэнаў.
Ёсць нямала звестак, што адносяцца да другой паловы XVIII — пачатку XIX ст., аб архітэктурнай адукацыі ў Полацкім калегіуме, а затым акадэміі. Курс тут складаўся з двух факультэтаў: цывільнай і ваеннай (будаўніцтва і асада крэпасцей) архітэктуры, на якіх займаліся розныя групы навучэнцаў. У 1802 г. на першым было 18, а на другім — 19 чалавек. Выкладалі архітэктары-езуіты; з іх Габрыэль Грубер заснаваў пастаянную архітэктурную школу. Выкладчыкі Жэброўскі, Скакоўскі і Перлінг у другой палове XVIII ст. кіравалі ўзвядзеннем езуіцкіх будынкаў. Лепшых вучняў па заканчэнні школы накіроўвалі на стажыроўку за мяжу. Выкладанне мела наглядны характар. У музеі знаходзілася 484 архітэктурныя гравюры. У архітэктурным кабінеце, дзе выкладалі таксама малюнак, захоўваліся шматлікія мадэлі ордэраў, канструкцыйных вузлоў, розных фундаментаў, мадэлі, дэманструючыя спосабы ўстаноўкі плацін, дамоў, помнікаў і г.д.
Алена Квітніцкая
* * *Намі прадстаўлена чытачу перакладзеная на беларускую мову частка артыкула А. Квітніцкай «Беларускія калегіумы XVIII ст.», прысвечаная архітэктуры касцёла святога Стэфана і калегіума езуітаў у Полацку. У сваім артыкуле яна як гісторык архітэктуры ў першую чаргу звяртала ўвагу на гісторыю будаўніцтва комплексу і на выкладанне тут архітэктуры і звязаных з ёю дысцыплін.
Аднак першапачаткова калегіум ствараўся як сярэдняя навучальная ўстанова класічнага, пераважна філалагічнага тыпу. Ён быў створаны па ініцыятыве вядомага езуіта-прапаведніка Пятра Скаргі, які меў на мэце выхаванне навучэнцаў у духу адданасці каталіцызму і справе ордэна езуітаў. У пяці класах калегіума выкладалася лацінская і грэчаская мовы, рыторыка і паэтыка, антычная літаратура і Свяшчэннае Пісанне. У перыяд Рэчы Паспалітай выкладанне вялося на польскай мове, пасля яе падзелу — уведзена расейская мова. У адпаведнасці з гнуткай ідэалагічнай стратэгіяй езуітаў, яны імкнуліся спалучаць схаластычную багаслоўскую адукацыю з гуманістычнай свецкай культурай. Пры калегіуме існавалі музеі, карцінная галерэя, бібліятэка на 20 тысяч тамоў, тэатр, у якім ставіліся з удзелам хору і балета п'есы на гістарычную, антычную і біблейскую тэматыку, часам уключаліся інтэрмедыі на беларускай мове. У 1620-ых гг. лекцыі па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міфалогіі ў калегіуме чытаў паэт і мысліцель М. К. Сарбеўскі. У 1797 г. у калегіуме навучалася 336 студэнтаў і 31 малады манах, якія рыхтаваліся стаць прафесарамі. Выкладаннем займаліся 24 прафесары.