У 1944 г. пасля вызвалення Полацка, які часова з'ўляўся абласным цэнтрам, у будынку былога калегіума размясціўся шэраг адміністрацыйных устаноў і шпіталь. Тут жа ў аварыйных умовах пражывала звыш ста сем'яў палачан. У другой палове 1950-ых гг. адбылася спроба аднавіць будынак і прыстасаваць яго пад Сувораўскае вучылішча, але безвынікова. Стан помніка, пакінутага без нагляду, працягваў пагаршацца. У Полацак зачасцілі рэспубліканскія і абласныя камісіі з Менска і Віцебска. Апошняя з іх пад началам тагачаснага намесніка старшыні Савета Міністраў БССР В. Г. Каменскага і старшыні Дзяржбуда БССР архітэктара У. А. Караля прыняла рашэнне аб «немэтазгоднасці і немагчымасці» аднаўлення комплексу. Будынкі былі зняты з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх знішчэнне «целевым назначением» з бюджэта вобласці было вылучана 30 тысяч (тагачасных!) рублёў. У студзені 1964 г. касцёл святога Стэфана і частка калегіума былі ўзарваны. Пасля ўзрыву ўтварылася каля 50 тысяч кубічных метраў «добраякаснай цэглы і шчэбня, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу года былі выкарыстаны на добраўпарадкаванне горада». «За хорошо выполненные работы по обрушению здания кадетского корпуса в городе Полоцке» ўдзельнікам акцыі была аб'яўлена падзяка, двое з іх узнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. Сапраўдныя дакументы па рэалізацыі гэтага акта вандалізма, доўгі час надзейна схаваныя ад цікаўных у Полацкім архіве, нарэшце апублікаваны ў першым нумары гісторыка-літаратурнага часопіса «Полацкі летапісец».
На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976–1979 гг. узведзены прэстыжны дзевяціпавярховы жылы дом для правінцыяльнай эліты. Ад калегіума, схаванага за гэтай плоскай каробкай «з вушамі», захаваліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.
Так кропля за кропляй сцёк у нябыт велічны помнік культуры слаўнага горада Полацка. Вынесены ў загаловак наш перафраз вядомых радкоў М. Някрасава аб саборы святога Стэфана ў Вене нагадвае, што такі ж цуд, які здаваўся амаль нерукатворным, меўся і ў нас, але мы яго знішчылі ўласнымі рукамі.
Шматлюднае і разнастайнае грамадскае жыццё Магілева на працягу XVII–XIX стст. абумовіла яго інтэнсіўнае горадабудаўнічае развіццё, фармаванне ўнікальнага архітэктурна-мастацкага вобраза горада, росквіт самабытнай культуры рэгіёна. Асабліва яскрава гэта праявілася ў манументальным культавым дойлідстве горада. Па гістарычных крыніцах вядома, што ў XVI ст. у Магілеве існавала 8 драўляных праваслаўных цэркваў: Спаская, Ільінская, Успенская, Мікалаеўская, Троіцкая, Раства Багародзіцы,
Увазнясенская і Казьмадзем'янаўская. Па статыстычных дадзеных канца XIX ст., у Магілеве было ўжо 29 цэркваў і 2 праваслаўныя манастыры (у гэтую лічбу ўваходзяць і былыя вуніяцкія святыні, скасаваныя ў першай палове XIX ст.), 4 касцёлы і 2 каталіцкія кляштары, 3 жыдоўскія сінагогі і адна пратэстанцкая царква.
Заключэнне ў 1596 г. Берасцейскай вуніі спрыяла абвастрэнню рэлігійнай барацьбы, што адлюстравалася ў філасофска-тэалагічнай палеміцы паміж канфесіямі, у палітычнай і эканамічнай сферах, культавым будаўніцтве. Дзеля абароны пазіцый праваслаўя ў Магілеве ў 1597 г. арганізоўваецца праваслаўнае брацтва пры Спаса-Праабражэнскім манастыры (па іншых звестках — у 1602 г.). Пасля таго як у 1618 г. жыхары Магілева не дапусцілі ў горад вуніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча, паднялі паўстанне і зачынілі перад ім гарадскія брамы, па загаду караля Жыгімонта III Вазы ўсе праваслаўныя цэрквы горада былі перададзены вуніятам ці зачынены.
Прыхільнік праваслаўя князь Іван Агінскі ў 1620 г. выкупіў у княгіні Саламарэцкай дом з пляцам на Вялікай Шклоўскай вуліцы, дзе і заснаваў новы праваслаўны Богаяўленскі манастыр. Аднак мураваны саборны храм гэтага манастыра пачалі будаваць толькі ў 1633 г., калі пры каралі Ўладзіславе IV былі паслаблены ганенні на праваслаўных і зноў адчынены цэрквы. Богаяўленскі сабор стаў катэдральным, пры ім існавала знакамітае праваслаўнае брацтва.
Будаўніцтва храма вялося арцеллю мясцовых майстроў пад кіраўніцтвам Варлама Палоўкі і Арсенія Азаровіча. У 1636 г. сабор асвяціў магілеўскі епіскап Сільвестр Косаў. У першай палове XVII ст. — гэта галоўны храм буйнейшага праваслаўнага цэнтра Беларусі. Але цікава, што ў архітэктуры збудавання ўжо праявіліся рысы ранняга барока — стылю, які быў прыўнесены ў беларускае манументальнае дойлідства каталіцкай контррэфармацыяй. Надзвычайная выразнасць, экспрэсія, хараство архітэктурных форм гэтага стылю арганічна ўспрыняліся праваслаўным культавым будаўніцтвам, але ў самабытнай трактоўцы. Характэрна, што ўжо ў дарэвалюцыйнай клерыкальна-краязнаўчай літаратуры пра Богаяўленскі сабор адзначаецца: «наружный вид храма — смешанного итальянского стиля XVI в.». Як бачым, тэрмін «барока» яшчэ не ўжываўся, а вызначэнне стылю як «змяшанага» адлюстроўвае яго своеасаблівы нацыянальны характар.