Выбрать главу

Наваградскі замак, як і іншыя замкі, цяпер зноў патрабуе кансервацыі.

Крэва

Замак-кастэль у Крэве (Смаргонскі р-н Гарадзенскай вобл.) ляжыць у даліне паміж высокіх пагоркаў, што расцягнуліся ланцугом абапал рачулкі Крэвянкі. Тут, на нізкім поплаве, у сутоках ракі Крэвянкі і ручая Шляхцянкі і быў у 20-ыя гады ХІV ст. пабудаваны мураваны замак.

Крэва было сталіцаю ўдзельнага княства, якое ў 1338 г. Гедзімін аддаў свайму сыну Альгерду. Крэўскі замак у плане нагадвае няправільную трапецыю, звернутую большым аснаваннем у напольны бок. З усходу, поўдня, часткова захаду і поўначы замак бараніўся водамі рачулак, падпёртых плацінаю. Тут былі ўсяго дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. Аднак Крэўскаму замку ўласцівы некаторыя асаблівасці. Ён меў адну вялікую — Княжацкую — вежу («вежа Кейстута») памерамі 18,65 х 17 м, якая выступала ў паўночна-заходнім куце за перыметр замкавых муроў, фланкіруючы заходнюю і паўночную з брамай сцены. Тут было не менш трох паверхаў і склеп-турма. У вежы жылі князь, яго чэлядзь і начальнік замкавай варты. Княжацкія пакоі размяшчаліся на другім паверсе, дзе вокны значна больш і шырэй, чым на астатніх паверхах. Трэці паверх выконваў абарончыя функцыі. Над ім, відаць, меўся яшчэ адзін ярус бою. Аб гэтым сведчаць існаваўшыя яшчэ ў ХІХ ст. рэшткі каменнай лесвіцы ў тоўшчы вежавай сцяны, якая вяла наверх. Гэта маглі быць або яшчэ адзін паверх, або баявыя пляцоўкі, размешчаныя на самым версе вежы. Вежа пры таўшчыні сцен 3 м унізе і 2,5–2,6 м на ўзроўні трэцяга паверха мела вышыню больш 25 м, таму што сёння ўцалелыя рэшткі яе дасягаюць вышыні каля 17,5 м.

Вялікая вежа мае падмурак вышынёю ў 3 м, складзены з вялікіх камянёў грубай чоскі, пакладзеных на вапнавым растворы. Асабліва вялікія вуглавыя камяні, якія дасягаюць памераў 1–1,3 м. Падмурак мае паўметровую падушку з дробнага камення і гліны, пад якія падасланы дубовыя і сасновыя лаўжы і галлё.

Аснаванне вежы на вышыню 3 м ад цяперашняй паверхні вымуравана з каменю. Вышэй ідзе лусковая муроўка з велікамернай цэглы. Таўшчыня цагляных «шчок» каля 0,7 м. Вышыня колішніх паверхаў вежы дасягала 4,8–5 м. Перакрыцці паміж імі былі зроблены на бэльках 30 х 30 см.

Унутры вежавых сцен бачны каналы ад драўляных брусоў памерамі 40 х 40 см. Брусы закладаліся для ўмацавання сцен, прадухілення нераўнамернасці асадкі і іншых дынамічных уздзеянняў.

Княжацкія пакоі былі, відаць, распісаны фрэскамі. Ва ўсякім разе, яшчэ ў мінулым стагоддзі аконныя ліштвы захоўвалі сляды тынкоўкі з фрэскавым жывапісам.

Сцены Крэўскага замка розныя па памерах Паўночная сцяна, размешчаная з прыступнага боку, мела даўжыню 85 м; усходняя сцяна найбольшая — 108,5 м, паўднёвая — 71,6 м і заходняя, якая перад вялікай вежай мае невялікае адхіленне ад асноўнай трасы, — 97,2 м.

Таўшчыня замкавых муроў дасягае 2,75 м. Яны маюць двухметровы падмурак з 30-сантыметровым цокалем. Падмурак зроблены на вапне з камянёў сярэдняй велічыні і ляжыць на дубовых і сасновых лаўжах.

Замкавыя сцены да вышыні 4 м складзены з каменю. Вышэй, з вонкавага боку, ідзе 65-сантыметровая цагляная абліцоўка. У заходняй сцяне выяўлены адтуліны ад брусоў унутранай драўлянай сувязі, аналагічныя тым, што маюцца ў Княжацкай вежы. Яны ішлі ўнутры муру паралельна яго трасе.

Раней сцены Крэўскага замка дасягалі вышыні 12–13 м. Цяпер толькі асобныя фрагменты паўночнай сцяны маюць вышыню каля 10 м. На вышыні 10 м уздоўж іх па ўсяму перыметру на драўляных бэльках ішла баявая галерэя-памост. Сляды гэтых бэлек яшчэ выразна былі відаць у ХІХ ст. Абарона замка вялася праз байніцы, размешчаныя ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. Форму і абрысы байніц выявіць нельга, паколькі верх сцен разбураны. На стыку ўсходняй і паўднёван сцен, знутры замкавага двара, стаяла яшчэ адна вежа памерамі 11 х 10,65 м. Яна прыбудавана да сцен і адрозніваецца ад іх глыбінёй залягання фундаментаў. Аб яе больш познім узвядзенні сведчыць той факт, што сцены гэтай вежы закрылі частку бэлечных адтулін галерэі-памосту для воінаў.

У канцы ХІХ ст. вежа яшчэ ўзвышалася над замкавымі сценамі. Цяпер яе вышыня дасягае толькі 6,6 м. Яна таксама, як і Княжацкая вежа, мела перакрыцці па бэльках, ад якіх захаваліся ў сценах адтуліны памерамі 30 х 30 см. Вышыня колішняга першага паверха раўнялася 3,5 м, другога — 2,3, трэцяга — не менш 3 м. Існаваў, несумненна, яшчэ адзін, чацвёрты, паверх, аднак аб ім мы нічога не ведаем. Унутры вежа, відаць, была абмуравана цэглай.