Выбрать главу

Касцёл тыповы для барочных храмаў Беларусі першай паловы XVII ст. Стрыманы фасад адпавядае тэктанічнай логіцы. На ім дакладна выяўлена ўнутранае чляненне збудавання. Групамі раскрапаваных пілястраў ён падзяляўся на тры вертыкальныя паласы, адпаведна сярэдняму і бакавым нефам. Гарызантальныя цягі адпавядаюць вышыні бакавых, больш нізкіх, і сярэдняга нефаў. Кожная група пілястраў увенчвалася вялікай статуяй. Пераход да высокага трохкутнага франтона над цэнтральным нефам утваралі пакатыя валюты, над бакавымі. Вышыні асобных частак памяншаюцца ад яруса да яруса, статуі і вежачка над прэсбітэрыем зліваюцца з паветраным асяроддзем. Асабліва выразна вылучана вось сіметрыі касцёла. На ёй размяшчаўся галоўны ўваход у храм, на другім паверсе за кратамі знаходзілася лоджыя для музыкаў, што гралі падчас урачыстасцей; на трохкутным франтоне, у нішы, змяшчаўся, калі судзіць па малюнку, ці барэльеф, ці вялікая фрэска.

На адну лінію з касцёлам выходзіў толькі тарэц манастырскага калідора. Увесь будынак прылягае, як і ўсе каталіцкія мужчынскія кляштары, да прэсбітэрыя і значна адступае ад чырвонай лініі плошчы. Фасады кляштарнага корпуса не маюць архітэктурнай аздобы. Выключэнне ўяўляе заходні рызаліт і паўночны тарэц корпуса. Іх верхнія часткі ў спрошчаным выглядзе паўтараюць завяршэнне касцёла. Гаспадарчыя пабудовы таксама мелі барочныя завяршэнні.

У кляштарным корпусе на першым паверсе знаходзіліся сакрысція, скарбец, трапезная з кухняй і пякарняй, тры вялікія пакоі галоўных манахаў. Дзве мураваныя лесвіцы ў розных месцах корпуса злучалі першы паверх з другім, дзе знаходзіліся 22 келлі. Планіроўка адпавядала функцыянальным патрэбам. Абодва паверхі мелі скляпеністыя сутарэнні, распор скляпенняў вялікіх памяшканняў перадаваўся контрфорсам. Дах кляштара — гонтавы. Падлога ў калідорах — цагляная, у астатніх памяшканнях — драўляная.

Першым па часе ўзнікнення каталіцкім манастыром Берасця называюць кляштар аўгусцінцаў. Манахі атрымалі грашовыя сродкі і зямлю (фундуш) ад вялікага князя Вітаўта ў 1380 г. «Размяшчэнне яго (касцёла) было паміж рэкамі Ўгрынкай і Мухаўцом у прадмесці г. Берасця, утрымліваўся ён на месцы свайго першага ўзвядзення 286 год». Драўляны кляштар спалілі татары ў 1666 г. Дакладнае месцазнаходжанне яго не вызначана. Вядома, што стаяў на вуліцы, названай Прыёрскай.

Мураваны кляштар ордэна аўгусцінцаў быў адбудаваны на новым месцы, на паўночным баку Рыначнай плошчы. Берасцейскія мяшчане ахвяравалі свае зямельныя ўчасткі і камяніцы для будаўніцтва новага манастыра, што ў 1669 г. пацверджана каралём Міхалам. Частку зямельнага надзелу купілі самі манахі. Кляштар узнік на новым месцы ў 1672 г. Канонік Аляксандар Звеж у 1683 г. аддаў свой мураваны дом, што знаходзіўся побач з кляштарам, які і перарабілі ў касцёл, асвячоны ў гонар святой Тройцы ў 1686 г. У 1801 г. касцёл разам з манастыром згарэлі, ад іх засталіся толькі сцены. Адноўлены касцёл зноў згарэў у 1808 г. Пасля новага рамонта асвячоны ў 1814 г. Па абмерных чарцяжах відавочна, што архітэктурная апрацоўка фасадаў кляштара і касцёла ў асноўным мела выгляд, атрыманы ў XVII ст., нягледзячы на шматразовыя разбурэнні і пажары.

Абрыс падмуркаў сведчыць, што першапачатковы жылы дом па шырыні супадаў са зробленым з яго касцёлам, а па даўжыні значна карацей за яго. Для касцёла выкарыстаны тарцовая і дзве падоўжныя сцяны. Новае індывідуальнае аблічча фасаду надавала прыбудаваная двухпавярховая вежа, якая выходзіла на плошчу, з галоўным уваходам у касцёл. Яе вуглы фланкіравалі плоскія пілястры, падзеленыя на ярусы. Першы ярус вежы па вышыні быў роўны касцёлу. Яны злучаліся паміж сабою антаблементам і далучанымі да другога яруса валютамі. Па агульнаму абрысу сілуэт фасада касцёла аўгусцінцаў нагадваў абрыс касцёла бернардзінцаў. Касцёл быў накрыты дахоўкай, атынкаваны ўнутры і звонку.