Выбрать главу

Інтэр'еры касцёла аўгусцінцаў не вызначаліся багаццем. Вялікі алтар быў намаляваны непасрэдна на тарцовай сцяне, процілеглай галоўнаму ўваходу. Па баках яго таксама на сценах былі намаляваны яшчэ два алтары. Столь драўляная, у выглядзе скляпення, падлога — з дошак.

Кляштар — нерэгулярная ў плане, двухпавярховая пабудова з разнародных частак — прылягаў да касцёла з паўночнага боку. Першы паверх, дзе знаходзіліся трапезная, кухня, пякарня, складаўся з раней набытых мураваных дамоў-камяніц. Як і ў кляштары бернардзінцаў, келлі манахаў размяшчаліся на другім паверсе, які, верагодна, быў пазней надбудаваны над першым, перакрытым мураванымі скляпеннямі. Другі паверх меў плоскую драўляную столь.

На першым паверсе, перад фасадамі камяніц, да рынка выходзілі тры пабудаваныя манахамі лаўкі, якія прыносілі манастыру значны прыбытак. Увесь кляштар агароджваўся мураванай сцяной. На яго тэрыторыі знаходзіліся розныя гаспадарчыя пабудовы і даволі значныя па памерах сад і агарод.

Амаль адначасова з узвядзеннем аўгусцінскага кляштара пачалі будаваць мураваны калегіум езуітаў. Падрабязная гісторыя яго будаўніцтва раней разгледжана аўтарам. Езуіты з'явіліся ў Берасці ў 1609 г. Спачатку яны месціліся пры фарным касцёле, а ў 1621 г. набылі побач з рынкам камяніцу для свайго калегіума, на месцы якога пазней быў узведзены мураваны касцёл. Побач з камяніцай у 1622 г. пачалі будаваць драўляны касцёл святых Ісуса і Казіміра. Будаўніцтва падтрымлівалі багатыя ахвяраванні. У 1623 г. Леў Сапега падараваў езуітам маёнтак са 113 дварамі. Мураваны касцёл пачалі ўзводзіць у 1656 г. Сын Льва Сапегі, Казімір, ахвяраваў езуітам для гэтай мэты 30 000 злотых. Каля Мухаўца быў пабудаваны завод для вырабу цэглы. Будаўніцтва, верагодна, скончылася да 1713 г., таму што ў гэты час цагельня прыйшла ў заняпад. У 1750 г. адпаведна «Люстрацыі калегіума 1773–1774 гг.» у адрамантаваным касцёле насцелена падлога са «шведскага мармуру», зроблена 7 новых драўляных пазалочаных разьбяных алтароў і падноўлены рамы на вокнах.

Мураваны, двухпавярховы, пакрыты гонтай калегіум будаваўся ў розны час. Спачатку каля могілак пры фарным касцёле з'явілася частка з трапезнай, што цягнулася па-за касцёлам. Ад больш позніх частак яе вылучаюць традыцыйныя для кляштарных будынкаў XVII ст. фасады, пазбаўленыя аздобы.

У 1692 г. пачалося будаўніцтва «на рынку» вялікай званіцы, што стаяла асобна ад касцёла. Завяршала яе статуя святога Юзафа.

Частку калегіума, пастаўленую ў адну лінію з касцёлам па Кавальскай вуліцы, адбудавалі да 1750 г. Тут знаходзіліся «грамадскія» службы калегіума: аптэка, абсталяванне якой было завершана ў 1753 г., класы школы з тэатрам і школьным араторыумам. Бурса, інтэрнат для бедных навучэнцаў, што ўтрымліваліся за кошт калегіума, знаходзілася «на рынку».

У 1831 г. калегіум стаў каменданцкім домам. З мэтай перабудовы ў 1833 г. былі зроблены абмеры ўсяго комплексу. Яшчэ раней, у 1782 г., выкананы план калегіума. Абмерныя матэрыялы дазваляюць уявіць берасцейскі калегіум у перыяд скасавання ордэна езуітаў (1773). Відавочна, што будаўніцтва і пэўныя пераробкі працягваліся і пасля гэтага. На плане 1833 г. адсутнічала частка, далучаная да трапезнай, але пазначаны трэці паверх над тэатрам. Такім чынам, берасцейскі калегіум уяўляў складаны комплекс, пабудаваны неадначасова і не па адзінаму плану.

Па апісанню 1773–1774 гг. касцёл езуітаў уяўляў базіліку, накрытую гонтай з драўляным купалам на сяродкрыжжы. На чарцяжы 1833 г. касцёл прадстаўлены моцна пашкоджаным, магчыма ён пацярпеў ад пажару: зніклі завяршэнні вежаў, абурыліся скляпенні. Па архітэктурнай кампазіцыі гэты храм нешта сярэдняе паміж нясвіжскім і гарадзенскім касцёламі езуітаў. Да фасада, які паўтараў нясвіжскі, прымыкалі дзве вузкія вежачкі, якія, як і ў гарадзенскім касцёле, мелі пэўнае функцыянальнае прызначэнне: у адной з іх размяшчаліся званы, у другой — гадзіннік. Аднак тут вежы не адпавядалі ўнутранай тэктоніцы збудавання. Але на фасадзе, дзякуючы адзінству архітэктурнай апрацоўкі, яны выглядалі дастаткова гарманічна. Доўгі, далучаны да галоўнага фасада касцёла вулічны фасад калегіума, рытмічна падзелены пілястрамі, пасярэдзіне, на павароце вуліцы аздабляўся рызалітам з пышным дэкорам. Рызаліт меў два ўваходы: у школу і калегіум. У архітэктуры комплексу выяўлена імкненне аднесці на чырвоную лінію вуліцы касцёл і найбольш значныя часткі калегіума з мэтай адкрыць іх гораду.