Выбрать главу

У 1635 г. Зоф'яй Бухавецкай заснаваны кляштар дамініканцаў. Асвячэнне мураванага касцёла ў гонар святой Сафіі адбылося ў 1696 г. Размяшчаўся ў самім горадзе, на востраве. Храм меў план, непадобны да вядомых на наш час планаў мураваных касцёлаў Беларусі. Аналагічнае сіметрычнае размеркаванне аб'ёмаў характэрна толькі для касцёла бернардзінцаў у Слоніме (з 1639), але там бакавыя капліцы былі прыбудаваны да асноўнага нефа значна пазней.

Кампазіцыя касцёла дамініканцаў строга сіметрычная, крыжападобная ў плане. Бакавыя рамёны крыжа ўтвараюць дзве, перакрытыя скляпеннямі капліцы. Значны па памерах прэсбітэрый, дзе ў час богаслужэнняў знаходзіліся манахі, меў простакутны план. Прылеглая да яго з поўначы сакрысція і злучаны з ёй скарбец для срэбра не парушалі агульнай рэгулярнай будовы.

На плане па баках ад галоўнага ўвахода выразна паказаны дзве невялікія вежачкі, аднак на фасадзе яны не вылучаны і па вышыні не выходзяць за межы антаблемента. Кожная выконвала пэўную функцыю: у левай вежы знаходзілася вінтавая лесвіца, якая вяла на хоры, дзе стаяў арган; правая служыла званіцай. Відавочна, што будаўнік храма знарок зрабіў такую кампазіцыю, таму што інакш вежы спалучаліся б з блізка размешчанымі капліцамі, завершанымі купаламі з ліхтарыкамі. У той жа час, дзякуючы прыбудовам, фасад значна пашыраны ў параўнанні з нефам. Такая кампазіцыя фасада сустракаецца і ў іншых барочных касцёлах Беларусі.

У берасцейскім дамініканскім касцёле тыповыя для XVII ст. плоскія пілястры на ўсю вышыню фасада згрупаваны ў пэўным рытме, што падкрэслівае вось сіметрыі і галоўны ўваход. Фасад завяршае фігурны з вялікімі валютамі франтон, вазы над якім працягваюць восі пілястраў, надаючы адзінства ўсяму фасаду. Купалы капліц дапаўняюць і ўзбагачаюць складанае завяршэнне галоўнага фасада, які аздабляўся нізка размешчанымі нішамі са статуямі ў прасценках паміж пілястрамі. Сцены касцёла ўнутры і звонку атынкаваны.

Аб інтэр'еры нельга скласці поўнага ўяўлення. Вядома, што ў прэсбітэрыі і капліцах падлога была мармуровая, у астатніх частках — драўляная. Касцёл упрыгожвалі сем разьбяных пазалочаных драўляных алтароў.

Ад кляштара да прэсбітэрыя касцёла, як ва ўсіх мужчынскіх каталіцкіх манастырах, вёў доўгі калідор, асветлены каля левай капліцы невялікім дваром. І касцёл, і кляштар мелі ў плане строгія геаметрычныя формы, але размяшчаліся асіметрычна адносна адзін аднаго, магчыма, таму, што заняты імі зямельны ўчастак меў нерэгулярны абрыс. Мураваны кляштар з'явіўся значна пазней касцёла, у 1798 г. ён яшчэ не быў завершаны. Тэрыторыю па-за кляштарам займаў пладовы сад.

Увогуле архітэктура касцёлаў XVII ст. у Берасці адлюстроўвала агульную для культавых пабудоў Беларусі стылістычную накіраванасць. Плоскія пілястры роўнага фасада адпавядаюць унутранай структуры збудавання ў першай палове стагоддзя. У другой палове XVII ст. фасад, па-ранейшаму ўпрыгожаны плоскімі пілястрамі, фармуецца буйнымі аб'ёмнымі элементамі, больш насычанай становіцца дэкаратыўная апрацоўка. Ускладняецца структура плана.

У XVIII ст. адбудоўваюцца ў цэгле астатнія берасцейскія каталіцкія кляштары. Першым у 1750 г. у завершаным выглядзе паўстае касцёл кляштара бернардзінак, асвячоны ў гонар Бязгрэшнага зачацця. Драўляны манастыр бернардзінак заснаваны ў 1624 г. у Валынскім прадмесці, насупраць кляштара бернардзінцаў. Пазней на гэтым жа ўчастку былі ўзведзены мураваныя будынкі гэтага ж ордэна.

Мураваны аднанефавы касцёл перакрыты цыліндрычным скляпеннем, распор ад якога стрымлівалі ўнутраныя пілоны, якія рэдка ўжываліся ў аднанефавых храмах Беларусі. Касцёл будаваўся ў той час, калі ў архітэктуры на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага панаваў стылістычны напрамак, вядомы ў літаратуры над назвай «віленскае барока». Для храмаў гэтай плыні дойлідства характэрны высокія, ажурныя вежы, расчлянёныя шматлікімі раскрапоўкамі. Касцёл берасцейскіх бернардзінак меў вежы на фасадзе, але яны не атрымалі абрысаў, уласцівых віленскаму барока. Вежы блізкага да яго па кампазіцыі езуіцкага касцёла ў Юровічах (1746) таксама былі невысокімі. Відавочна, што ў Паўднёвай Беларусі віленскае барока выявілася пераважна ва ўскладненні чляненняў фасада, без істотных змен у агульным сілуэце храма. Невысокія вежы галоўнага паўночнага фасада падзелены на два ярусы ціматразова раскрапаванымі антаблементамі, якія падтрымлівалі згрупаваныя пілястры. Ярусы адпавядаюць па вышыні сценам і скляпенням касцёла. Вертыкальныя элементы ад аснавання выразна прагледжваюцца на фасадзе. Вежы не маюць дынамікі, уласцівай дойлідству поўначы Беларусі, аднак надаюць характэрнае аблічча невялікаму касцёлу.