Выбрать главу

Інтэр'ер храма, як і фасад, уражваў багаццем. Унутраныя пілоны, апрацаваныя пілястрамі, зрокава падтрымлівалі падпружныя аркі цыліндрычнага скляпення. Вялікі двух'ярусны пазалочаны з разнога дрэва галоўны алтар дапаўнялі разьбяныя алтары, размешчаныя каля пілонаў. Налева ад прэсбітэрыя знаходзілася сакрысція. Падлога перад вялікім алтаром — драўляная, у астатніх частках — з цэглы.

Мураваны кляштар бернардзінак пабудаваны пазней касцёла, у 1781 г. Ён вельмі падобны да кляштара брыгітак у Горадні, які таксама меў аднанефавы касцёл (1642–1651) і двухпавярховы кляштар з унутраным дваром.

Кляштар берасцейскіх бернардзінак быў перакрыты скляпеннямі на абодвух паверхах. Квадратны ўнутраны двор займаў садок. На першым паверсе да прэсбітэрыя касцёла прымыкала спавядальня для манашак. У час службы яны звычайна знаходзіліся на хорах над галоўным уваходам, злучаных калідорам з другім паверхам кляштара, дзе размяшчалася 13 манаскіх келій. На першым паверсе знаходзіліся найбольш значныя памяшканні манастыра, прыёмная, келля настаяцельніцы, трапезная.

Кляштары бернардзінцаў і бернардзінак у Берасці — адзіныя пабудовы гэтага ордэна ў Беларусі, якія ўтваралі ансамбль, арганізаваны вакол плошчы. Фасады касцёлаў замыкалі плошчу за Бернардзінскім мастом праз Мухавец і служылі магутным абрамленнем гандлёвага шляху з Украіны. У іншых гарадах (Менск, Слонім) абодва бернардзінскія манастыры стаялі незалежна адзін ад аднаго і нават размешчаныя побач (Менск) не ўтваралі комплексу.

Кляштар брыгітак, спачатку драўляны (пазней мураваны), быў заснаваны ў 1623 г. у прадмесці Берасця Пяскі, каля дарогі, што падыходзіла да горада з поўначы.

Амаль адначасова з касцёлам бернардзінак з'яўляецца мураваны касцёл брыгітак (1751) і ў тым жа годзе асвячоны пад тытулам Дабравешчання Дзевы Марыі. Касцёл меў план незвычайнай для беларускіх храмаў формы: яго цэнтральны неф быў авальнай канфігурацыі, форме авала адпавядалі і бакавыя нефы, план у цэлым меў дзве восі сіметрыі.

Галоўны неф быў перакрыты скляпеннем, «апранутым» у васьмігранную вежу, пасярэдзіне касцёла. Галоўны фасад храма, павернуты да горада, як і фасад касцёла бернардзінак, толькі складанасцю і шматпланавасцю будовы нагадваў фасады віленскага барока. Падобна касцёлу дамініканцаў, фасад уключае дзве вежы, не выяўленыя на фасадзе. Тут яны яшчэ больш замаскіраваны і займаюць значна менш месца. На фасадзе касцёла брыгітак асабліва выразна акрэслена цэнтральная вось, і ўвесь фасад трактуецца як агромністая трыумфальная арка. Пілястры, што аздабляюць вежы, падтрымліваюць магутны антаблемент, над якім узвышаецца разарваны франтон і вышэй яго — фігурны шчыт, аздоблены вазамі і статуямі. Звонку касцёл быў атынкаваны і накрыты дахоўкай.

Унутры храм аздоблены стука. У інтэр'еры каля кожнага слупа стаялі белыя з пазалотай скульптуры святых. Акрамя вялікага, разнога з дрэва алтара ў прэсбітэрыі было яшчэ 10 драўляных разьбяных алтароў, белых з пазалотай. Падлога да сярэдзіны касцёла перад вялікім алтаром насцелена са шведскага мармуру, у астатніх частках выкладзена з цэглы.

З паўднёвага боку касцёла па папярочнай восі авала размяшчалася вялікая капліца, у якой падчас богаслужэння маліліся манашкі — рыса, якая адрознівала гэты кляштар ад іншых жаночых манастыроў. Манашкі знаходзіліся таксама ў правай, злучанай з кляштарам сакрысціі, у левай бываў капелан. Паміж сакрысціяй і капліцай прадугледжвалася месца для скарбніцы.

Будынак кляштара, адпаведны абмерным чарцяжам, быў незакончаны. На першым паверсе мясціліся трапезная, кухня, жыллё капелана, тры келлі і кладоўка, на другім — 15 келляў. Абодва паверхі перакрывалі скляпенні, дах накрыты дахоўкай.

На тэрыторыі манастыра існавала шмат разнастайных гаспадарчых пабудоў: стайня, хлявы, рымарня, лямусы і г.д. Да іх прылягаў сад і агарод. Перад галоўным фасадам касцёла былі невялікія могілкі.

На найбольшай адлегласці ад цэнтра горада ў Кобрынскім прадмесці, на тым жа шляху, што і кляштар дамініканцаў, знаходзіўся мураваны касцёл трынітарыяў, заснаваны ў 1737 г., закладзены ў 1738 г. і асвячоны ў імя святой Барбары ў 1761 г. Верагодна, што яго будаваў той жа архітэктар, які ўзводзіў касцёл брыгітак, ці яму гэты касцёл служыў узорам. У абодвух храмах аснову кампазіцыі складае вялікае, авальнае ў плане скляпенне. Рысы падабенства прасочваюцца і ў кампазіцыі фасада: у абодвух выпадках пілястры падтрымліваюць разарваны франтон, над якім узвышаецца фігурны шчыт. Але пры аднатыпнай схеме пабудовы фасад касцёла трынітарыяў вылучаюць больш простыя архітэктурныя элементы. Менш развіты бакавыя часткі фасада, адсутнічае скульптурны дэкор. Замест яго на шчыце была намалявана фрэска з выявай анёла, які трымаў у адной руцэ нявольніка-хрысціяніна, а ў другой — маўра, што з'яўлялася сімвалам ордэна трынітарыяў, заснаванага з мэтай вызвалення нявольнікаў. Пазней фрэска замянілася крыжам. Авальны неф і купал асвятляў ліхтарык у выглядзе гранёнай вежачкі. Распор ад купалаў перадаваўся магутным, складаным у плане апорам, паміж якімі размяшчаліся вокны. Касцёл быў атынкаваны ўнутры і звонку, дах накрыты гонтай.