Выбрать главу

У інтэр'еры знаходзіліся 7 разьбяных, аздобленых скульптурай алтароў. Праходы па баках вялікага алтара вялі ў сакрысцію і ў кляштарны калідор. Мураваныя часткі кляштара, а таксама драўляныя (трапезная, кухня, кладоўка) сведчаць аб тым, што ён быў задуманы як асіметрычнае адносна восі касцёла збудаванне. Аналагічнае размяшчэнне касцёла і кляштара не сустракаецца болей у беларускай архітэктуры.

Перад галоўным фасадам касцёла, павернутым да Віленскай вуліцы, знаходзіўся вялікі, амаль простакутны двор, абнесены мураванай агароджай, з унутранага боку апрацаванай вялікімі нішамі. Двор кляштара трынітарыяў яшчэ больш падкрэсліваў рэгулярнае размяшчэнне пабудоў і вылучаў манументальны, просты, але выразны па формах касцёл.

Архітэктура манастырскіх пабудоў, амаль усіх у Берасці, вызначаецца аскетычнай прастатой. Верагодна, берасцейскія будаўнікі не мелі дастатковых сродкаў, як, напрыклад, манахі езуіцкіх калегіумаў, і вымушаны былі абмежавацца толькі ўпрыгожаннем касцёлаў.

На плане Берасця ёсць яшчэ адзін мураваны касцёл XVIII ст. — фарны, у імя Святога Крыжа і Ўвазнясення Божай Маці, заснаваны ў 1412 г. Вітаўтам. Першапачаткова драўляны, ён размяшчаўся на тым жа месцы, што і ў XVIII ст., на адным з кароткіх бакоў Рыначнай плошчы. Мураваны фарны касцёл узведзены ў 1766 г. і асвячоны ў 1769 г. З прычыны слабых падмуркаў сцены яго хутка разбурыліся і ў 1805 г. фара была пераведзена ў езуіцкі касцёл. У 1808 г. абодва храмы згарэлі, і функцыі фарнага адышлі да касцёла бернардзінцаў. Магчыма, з прычыны нездавальняючага стана касцёла пры будаўніцтве крэпасці яго ўвогуле не сталі выкарыстоўваць і рабіць абмеры.

Непадалёку ад гэтага касцёла, на старых могілках, знаходзілася невялікая мураваная капліца з адным алтаром, якая датуецца другой паловай XVIII ст. Яна мела драўлянае перакрыцце і 5 вокнаў.

Апошнім змураваным у XVIII ст. стаў манастыр базыльянаў. У 1631 г. заснаваныя драўляныя манастыр і царква перададзены кцітарамі базыльянам. На тым жа месцы ў горадзе, пры вуліцы, якая пераходзіла ў Кобрынскі шлях, пазней пабудаваны мураваныя царква і вучылішча.

Мураваную царкву ў імя святых Пятра і Паўла пачалі будаваць пасля 1788 г. У плане гэтая вуніяцкая царква ўяўляла звычайны для Беларусі тып трохнефавага базілікальнага каталіцкага храма з прэсбітэрыем, роўным па пралёту сярэдняму нефу. Інтэр'ер перакрывалі мураваныя скляпенні. Над уваходам размяшчаліся хоры з арганам. Да прэсбітэрыя, які не меў іканастаса, прылягалі дзве сакрысціі. У царкве акрамя вялікага алтара было 6 малых. Пазалочаныя і пасярэбраныя алтары, якія перанеслі са старой царквы, не зусім падыходзілі да новай.

Галоўны фасад царквы з дзвюма вежамі па баках застаўся незавершаным і неатынкаваным. Паверхня фасада ўяўляла спалучэнне трох увагнутых цыліндрычных частак, утвораных групамі пілястраў.

На абмерных чарцяжах захаваўся план і фасад драўлянага манастыра — адзіны з вядомых прыкладаў збудаванняў гэтага тыпу. Кляштар меў П-падобную канфігурацыю (хутчэй Е-падобную. — Т.Г.) і ўключаў трапезную, 14 келляў і кладоўку. Кухня знаходзілася ў асобным будынку. Кляштар быў пастаўлены на мураваным фундаменце і атынкаваны звонку. Тарцы крылаў мелі паўвальмавыя дахі, шчыты якіх былі аздоблены дэкаратыўнай дыяганальнай шалёўкай.

Побач з царквой базыльянамі было ўзведзена пяцікласнае мураванае двухпавярховае вучылішча, перададзенае пазней Віленскай вучэбнай акрузе.

У пэўнай ступені да разглядаемых манументальных храмаў можа быць залічана берасцейская катэдральная вуніяцкая царква святога Мікалая. Яна размяшчалася на поўдзень ад базыльянскага кляштара. Паданне звязвае яе заснаванне з узнікненнем Берасця. Аднак невядома, калі царква стала катэдральнай. У ёй адбылося абвяшчэнне вуніі 1596 г., якая падпарадкавала праваслаўную царкву Беларусі папе рымскаму.

Л. Паеўскі (аўтар кнігі «Брест-Литовск и его древние храмы». Горадня, 1894) апісвае яе як мураванае крыжападобнае збудаванне з драўляным купалам над сярэдзінай даха, накрытага гонтай. Аднак малаверагодна, што Паеўскі піша аб старажытнай царкве. На плане 1798 г. яна пазначана як незавершаная. У справе 1819 г. таксама падкрэслена, што яна не закончана, без падлогі, перакрыццяў, даха, аконных рам. У Цэнтральным Дзяржаўным Ваенна-Гістарычным архіве знаходзяцца план і праект перабудовы фасадаў гэтай царквы. Аднак, у якой ступені крыжападобная ў плане царква паўтарала кампазіцыю старажытнай царквы святога Мікалая, — невядома.