Выбрать главу

На тым жа плане Берасця пазначаны тры драўляныя цэрквы (да пераходу ў вунію — праваслаўныя) і праваслаўны манастыр. Верагодна, што і ў замку, па аналогіі з іншымі беларускімі гарадамі, таксама была царква. Паеўскі лічыць, што гэта — Крыжаўзвіжанская царква. Адзіным праваслаўным манастыром сярод шматлікіх каталіцкіх кляштараў быў Сямёнаўскі, пабудаваны на поўдні Валынскага прадмесця і знесены, як і царква, падчас будаўніцтва Берасцейскай крэпасці. І цэрквы, і манастыр былі вельмі старажытнымі. Даты іх узнікнення невядомы.

Разгледжаныя манастыры Берасця не толькі дазваляюць уявіць сабе манументальныя гарадскія збудаванні 30-ых гг. XIX ст., але і значна пашыраюць веды па гісторыі беларускага барока XVII–XVIII стст. У гэтых помніках побач з рысамі, агульнымі для архітэктуры ўсяго краю, ёсць кампазіцыі з авальным планам і фасадамі з нізкімі вежамі, характэрнымі для мясцовага варыянта стылю.

Алена Квітніцкая

* * *

Архіўныя матэрыялы пра велічныя культавыя ансамблі Берасця, цалкам загінуўшыя, упершыню былі выяўлены, даследаваны і апублікаваны А. Квітніцкай у 1979 г. З удзячнай памяццю пра даследніцу, якая шмат зрабіла для пашырэння ведаў пра беларускую архітэктурную спадчыну, мы палічылі патрэбным цалкам перакласці і данесці да шырокага кола чытачоў гэты артыкул, надрукаваны ў маладаступным вузкапрафесійным выданні. Для паўнаты карціны намі ўключаны сюды разгляд гісторыі будаўніцтва і знішчэння берасцейскага касцёла і калегіума езуітаў, апублікаваны Квітніцкай у другім артыкуле. Толькі ў апошні час з'явілася цікавая публікацыя І.Лаўроўскай, якая крыху дапаўняе прадстаўленыя матэрыялы і раскрывае працяглую агонію знішчэння помнікаў Берасця. Яна цытуе ўражанні Юліяна Нямцэвіча аб наведванні ім у 1816 г. Берасця — горада свайго юнацтва, «сталіцы роднага ваяводства». Ён адзначае: «Не рэдкія, а перыядычныя, магчыма, наўмысныя пажары, заняцце дамоў на пастой салдатамі… зрабілі гэты горад бязлюдным і ўбогім. Усе манастыры спустошаны вайсковымі шпіталямі… у брыгіцкім кляштары салдаты размясціліся разам с манашкамі ў адным будынку».

У Берасці ад моцных пажараў згарэла ў 1802 г. 160 дамоў, у 1828 г. — 220 будынкаў, сярод іх вуніяцкая царква і кляштар брыгітак, у 1833 г. — 156 прыватных жылых дамоў і базыльянскі кляштар. Пасля гэтага жылое і культавае будаўніцтва на цытадэльным востраве было забаронена.

Касцёл аўгусцінцаў, напрыклад, сістэматычна гарэў у пачатку XIX ст.: у 1801 і ў 1808 гг., але ў 1814 г. быў адноўлены. Прыблізна на яго месцы ў 1870–1872 гг. спланавана і ўзведзена праваслаўная гарнізонная царква ў псеўдавізантыйскім стылі, якая ў 1920 г. пры Польшчы зноў перабудавана пад касцёл з рысамі архітэктуры былога касцёла аўгусцінцаў. У 1939 г. будынак храма стаў гарнізонным клубам, а ў 1972 г. закансерваваныя рэшткі яго ўключаны ў мемарыяльны ансамбль «Берасцейская крэпасць-герой».

У 1656 г. самы значны на той час у горадзе кляштар бернардзінцаў, дзе праходзілі ўрачыстыя службы і земскія соймы, быў разабраны па загаду гетмана Вялікага Княства Літоўскага Паўла Сапегі для ўмацавання абарончага вала ад пагрозы шведскага нашэсця. Аднак ён жа выплаціў ордэну з казны кампенсацыю ў 80 000 злотых. У аднаўленні храма прымалі ўдзел і берасцейскія мяшчане, і славутыя магнаты. У крыпце касцёла, знесенага пры будаўніцтве крэпасці, знаходзіліся надмагіллі Пятра Пацея, Яна Галемскага, Паўла Сапегі, Гераніма Валовіча, Аляксандра Звежы, Марцыяна Трызны і іншых. У жылых будынках мужчынскага і жаночага бернардзінскіх кляштараў, пасля 1794 г. прыстасаваных пад кадэцкі корпус, размясціўся вайсковы шпіталь. У 1918 г. кляштар бернардзінцаў быў узарваны немцамі.

Даўжэй за іншых існавалі касцёл і кляштар брыгітак, прыстасаваныя ў 1830 г. пад следчую турму. Захаваўся здымак касцёла 1930-ых гг. Калі знік помнік, невядома: ці разбураны ў час Другой сусветнай вайны, ці пасля яе разабраны на цэглу.

Карабель над Пінай

У кніжцы «Антычныя афарызмы» ў рубрыцы «Кожнаму сваё» мне трапіў некалькі незвычайны крылаты лацінскі выраз, які перакладаецца так: «Бернард любіў даліны, Бенядыкт — горы, Францыск — невялікія гарады, Ігнаці — знакамітыя сталіцы». Чалавеку, недасведчанаму ў гісторыі рэлігіі, гэты афарызм можа здацца незразумелым і загадкавым. Справа ў тым, што тут маюцца на ўвазе заснаваныя гэтымі людзьмі розныя каталіцкія ордэны, якія мелі пэўныя традыцыі размяшчэння сваіх місій у тых ці іншых месцах. Адзін з найбольш старажытных ордэнаў, бернардзінскі, заснаваны святым Бернардам Клервоскім, будаваў манастырм пераважна ў сельскай мясцовасці, ордэн святога Бенядыкта, як бачым, у гарах. Жабрацкі ордэн францысканцаў, створаны святым Францыскам Асізкім, аддаваў перавагу невялікім мястэчкам, а арыстакратычны ордэн езуітаў, заснаваны ў 1540 г. святым Ігнаціем Лаёлам, мясціўся ў асноўным у буйных гарадах. З гэтага вынікае, што азначаны афарызм зусім не антычны, а познемедыявістычны і належыць самае ранняе да канца XVI ст., калі ўжо дастаткова выразна склаліся адпаведныя традыцыі.