Выбрать главу

Працэс пашырэння дзейнасці езуіцкага ордэна ў Вялікім Княстве Літоўскім і будаўніцтва ім сваіх рэзідэнцый у самых значных гарадах дзяржавы яскрава пацвярджае лацінскі афарызм. Паслядоўнасць была такая: Вільня, Полацак, Нясвіж, Горадня, Віцебск, Слуцак і сярод гэтых вядомых культурных цэнтраў — Пінск, сталіца Беларускага Палесся.

Пінск упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісу пад 1097 г. На працягу сваёй шматвяковай гісторыі горад упарта захоўваў вялікае дзяржаўнае і эканамічнае значэнне: цэнтр княства ў XIII ст., ён пазней адыгрываў істотную ролю ў гандлёвых зносінах з Каралеўствам Польскім. У 1581 г. Пінск атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права. Разам з ім кароль Стэфан Баторый даў гораду прывілей на кірмашы, гандлёвыя дні і кантракты.

Езуітаў у Пінску асадзіў у 1631 г. вялікі канцлер літоўскі Альбрыхт Станіслаў Радзівіл, які з 1623 г. зяўляўся старостай віленскім і пінскім. Па яго фундацыі ў цэнтры горада, каля старажытнага замчышча, пачалося будаўніцтва мураваных будынкаў касцёла і калегіума. Іх закладка суправаджалася перанясеннем у 1635 г. адной з вуліц горада. Касцёл Дзевы Марыі размяшчаўся па восі вуліцы Азёрскай, а галоўным дзвюхвежавым фасадам выходзіў на важнейшую ў планіровачнай структуры горада гандлёвую плошчу, дзе стаялі крамы, адбываліся мнагалюдныя кірмашы. З усходняга боку над вялікай адкрытай прасторай плошчы высока ў неба ўзносіліся стромкія шмат ярусныя вежы храма езуітаў. Яго грандыёзныя памеры, велічная архітэктура ўражвалі і захаплялі.

Галоўны фасад касцёла размяшчаўся амаль у адну лінію з падоўжным фасадам вялізнага трохпавярховага Г-падобнага ў плане будынка калегіума, узведзенага ў 1635–1648 гг. На генеральным плане Пінска канца XVIII ст. бачна, што паміж касцёлам і калегіумам наперад ад іх чырвонай лініі выступаў у бок плошчы невялікі, таксама мураваны будынак аптэкі. Гэта характэрная рыса дзейнасці езуітаў: свае лячэбныя ўстановы яны звычайна выносілі ў месцы найбольш даступныя для парафіян. У комплекс, абнесены мураванай сцяной, уваходзілі асобныя будынкі шпіталя, канвікта і бурсы, падрабязнае апісанне якіх даецца ў інвентары, зробленым у хуткім часе пасля скасавання ордэна ў 1773 г. Там жа прыведзена апісанне неіснуючага цяпер касцёла святога Юр'я ў прадмесці Каралін, які належаў пінскім езуітам. У 1631–1639 гг. па фундацыі пінскага старосты калегіум сярод іншых гарадскіх участкаў атрымаў пляцоўкі, дзе стаялі праваслаўныя цэрквы: Юр'еўская, Дзімітраўская і Спасаўская. З 1638 г. пры калегіуме існавала філасофска-тэалагічная школа, дзе выкладалі вядомыя езуіты-палемісты Нарушэвіч і Баболя. У 1729 г. тут жа пачала працаваць уласная друкарня.

У названым вышэй архіўным інвентары пры апісанні будынка касцёла пазначана, што ён адноўлены пасля пажару папярэдняга і абвалу яго скляпенняў, «новы ад фундамента» і яшчэ не завершаны. Гэта азначае, што велічны гмах, які можна бачыць на фотаздымках 1930-ых гг. з выявамі Пінска і іншых графічных крыніцах, быў цалкам нанава пабудаваны ў трэцяй чвэрці XVIII ст. у стылі позняга барока. Выяў больш ранняга помніка не захавалася. Новы касцёл, як пазначана ў інвентары, узведзены «ў форме крыжа», «вялікі і пышны», пакрыты гонтам і меднымі лістамі. Дзве вежы на галоўным фасадзе аздаблялі балкончыкі. На паўднёвай з іх знаходзіўся гадзіннік, які біў кожную чвэрць гадзіны. Крылы трансепта таксама ўзведзены нанава ад фундамента вышынёй «роўна з магістрацкім мурам» (ратушай). Пад бакавой «па правай руцэ» капліцай размяшчаўся мураваны склеп (крыпта), дзе знаходзілася надмагілле Андрэя Баболі.

Над ламаным дахам калегіума, пакрытым дахоўкай, узвышалася 25 комінаў. Ніжні паверх калегіума раней адкрываўся ў манастырскі дзядзінец галерэяй «аб сямі аркадах», якая пазней была забудавана.