Выбрать главу

З 1787 г. муры рэзідэнцыі езуітаў перайшлі вуніяцкаму ордэну базыльянаў, а ў 1800 г. комплекс перададзены праваслаўнаму мужчынскаму Богаяўленскаму манастыру.

На праектным плане Пінска 1800 г. побач з невялікай выявай планіровачнай сітуацыі цэнтральнай часткі горада прадстаўлены праект рэканструкцыі фасадаў касцёла і калегіума езуітаў з мэтай надання ім рыс стылю класіцызму, што панаваў у той час. На гэтым чарцяжы купал на сяродкрыжжы адсутнічае, а крылы трансепта паказаны ступеньчатымі, з аднасхільнымі дахамі. У часы буржуазной Польшчы, калі храм зноў прыналежаў католікам, крылы трансепта, па вышыні роўныя з цэнтральным нефам, разам з алтарнай апсідай былі накрыты пластычнымі купалападобнымі дахамі, утвараючы ў плане лацінскі крыж. На сяродкрыжжы ўзвышаўся несапраўдны глухі барабан з купалам і цыбулепадобнай галоўкай.

У пасляваенныя гады выдатны помнік дойлідства спайціг амаль трывіяльны для нашай культурнай спадчыны лёс — касцёл быў разбураны і зруйнаваны дашчэнту. Даўно і хаатычна забудавана жылымі дамамі і крамамі тэрыторыя старажытнага замка. Як трохпалубавы карабель, адзінока плыве над Пінай і гарадскімі плошчамі велічны гмах былога калегіума па крутых хвалях гісторыі.

Цуд з дрэва

Агульны лёс спусташэння і знішчэння ў XIX ст. расейскім царскім урадам багатых манастырскіх комплексаў розных каталіцкіх ордэнаў напаткаў і выдатны помнік беларускага драўлянага дойлідства — храм святой Тройцы ў Слуцку. Езуіцкія місіі ў Беларусі, як мы ўжо адзначалі, размяшчаліся звычайна ў буйных гарадах і складаліся з касцёлаў, калегіумаў, канвіктаў, бібліятэк, аптэк, шпіталяў і шэрага іншых служб. Манументальныя мураваныя гмахі касцёлаў стваралі прыгожыя, выразныя па сілуэту горадабудаўнічыя дамінанты. Езуіты будавалі заўсёды ў стылі барока, прадвеснікам і прыхільнікам якога быў гэты рэлігійны ордэн. Мастацкія формы барока, разлічаныя ўздзейнічаць на эмоцыі і пачуцці веруючых, адпавядалі ідэалагічнай праграме езуітаў, таму гэткая непарыўная сувязь існавала паміж імі, хаця будаўніцтва езуітаў і не вычэрпвала ўсёй шматграннасці мастацтва барока.

Сярод шматлікіх езуіцкіх рэзідэнцый па архітэктурнаму вырашэнню і горадабудаўнічай сітуацыі, зрэшты, па будаўнічаму матэрыялу, вылучалася толькі іх рэзідэнцыя ў Слуцку. Яна складалася з двух асобных комплексаў з драўлянымі пабудовамі ў розных частках горада. Абодва гэтыя комплексы ўжо даўно зніклі. Гістарычныя звесткі аб іх накладваліся адна на адну і ў навуковай літаратуры, пачынаючы з Энцыклапедыі Аргельбранда, стала паўтарацца стэрыятыпная даведка, што езуіцкі касцёл Святога Духа ў Слуцку пабудаваў з дрэва ў 1704 г. староста рэчыцкі Геранім Клакоцкі.

На падставе шматлікіх архіўных крыніц больш дакладна гісторыю існавання рэзідэнцыі езуітаў у Слуцку раскрыў вядомы польскі даследнік Е. Пашэнда. Ён даказаў, што адзін з комплексаў знаходзіўся ў Зарэччы, адразу за мастом праз р. Случ, а другі — на Падвале, з левага боку, калі ісці з цэнтра ад Остраўскай брамы. Кожны з іх меў сваю гісторыю фундацый, будаўніцтва, знішчэння.

Комплекс у Зарэччы ўзнік на месцы былога двара Г. Клакоцкага, які аддаў свой маёнтак ордэну, а сам у 1707 г. на сорак другім годзе жыцця стаў манахам. У 1714 г. комплекс пераймяноўваецца ў калегіум. Пры ім той жа Клакоцкі фундаваў і распачаў будаўніцтва драўлянага касцёла. У навагодні вечар 1715 г. адбылося асвячэнне храма ў гонар святой Тройцы, як вызначыў Е. Пашэнда. Калегіум складаўся з некалькіх пабудоў, арганізаваных вакол унутранага двара. Углыбіні ад вуліцы знаходзіўся галоўны драўляны жылы дом на падмурку, з ганкам на слупах. Па баках ад яго размяшчаліся два таксама драўляныя флігелі, у адным з іх былі кухня і сталовая. Адзіны мураваны будынак бібліятэкі, ці скарбец для захавання найбольш каштоўнай маёмасці ад пажараў, пастаўлены воддаль у агародзе ў 1724 г. У 1732 г. пабудавана званіца, а ў хуткім часе пасля гэтага побач са старым будынкам з'явіўся новы корпус калегіума.

Другі комплекс, што на Падвале, месціўся на невялікай пляцоўцы і ўключаў драўляныя будынкі канвікта і касцёла Святога Духа, пабудаванага каля 1720 г. паводле праекта прэфекта гэтай навучальнай установы Яна Клаўса, на месцы больш ранняй капліцы таго ж наймення.

Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 г. абодва комплексы перайшлі да Камісіі Народнай Адукацыі. У Зарэччы каля дваццаці гадоў дзейнічала школа, але ў красавіку 1804 г. усе будынкі былога калегіума, за выключэннем бібліятэкі, і Троіцкі касцёл згарэлі. Канвікт доўгі час стаяў закінуты. У 1819 г. пры касцёле Святога Духа стварылі дом міласэрнасці і кляштар марыявітак, але ў 1840 г. манастыр быў закрыты, а касцёл разабраны.