Гэтыя сумныя падзеі, здаецца, назаўсёды сцёрлі з твару горада сляды яго цікавай гісторыі, але ў зборах Чартарыйскіх Музея Народовага ў Кракаве сярод архітэктурных малюнкаў і чарцяжоў захаваўся ўнікальны дакумент, які дазваляе зазірнуць у мінулае Слуцка. На адным баку даволі моцна пашкоджанага ліста паперы прадстаўлены папярочны разрэз купальнага культавага будынка, на другім — план таго ж будынка, але гэтым бокам ліст наклеены на новую паперу і ўбачыць план можна толькі на святло. Е. Пашэнда атрыбуціруе архіўны дакумент, як праект Троіцкага касцёла езуітаў у Слуцку, што знаходзіўся ў Зарэччы, і робіць на яго падставе рэканструкцыю гэтага ўнікальнага збудавання. Даследнік адзначае, што выдатны помнік «сваёй арыгінальнай формай заслугоўвае пачэснае месца ў гісторыі драўлянага дойлідства і павінен трапіць у падручнікі па гісторыі польскай архітэктуры». Тым больш ён павінен трапіць у падручнікі па гісторыі архітэктуры Беларусі, як яшчэ адна старонка яе страчанай спадчыны.
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Менску захоўваецца інвентарнае апісанне касцёла езуітаў у Слуцку 1802 г., зробленае лацінкай. Прыводзім яго пераклад часткова: «…у некалькіх кроках ад брамы касцёл драўляны з брусоў цёсаных у васьміграннік са скарбніцай, пры ім закрысціі і крухта з чатырма па вуглах капліцамі, што выступаюць звонку, прыбудаваныя ў даўжыню… мае зверху вежаў пяць… над крухтай і хорам франтон са скульптурай… вокнаў вялікіх і меншых і зусім маленькіх з шклом большым і меншым і шклом дробным у волава і дрэва апраўленых — 73. У касцёле падлога і скляпеністая столь з дошак, у купале, пасярэдзіне адкрытым, быццам пад цыркуль. Гэткая ж столь і над алтаром, вышэй яна плоская, як у капліцах… унутры зала аптычна размалявана… галоўны алтар пакрыты чорным лакам, срэбрам і пазалотай… над крухтай хоры сніцарскай работы на касцёл пышна павернуты… паміж сценамі размешчаны ізломам дзве капліцы, аздобленыя разьбой і размалёўкай, амбон цёмна-зялёны з пазалочанымі промнямі… у скарбніцы печ круглая з кафляў белых з блакітнай палівай…» і г.д.
Гэтае апісанне даволі дакладна адпавядае чарцяжам, што захоўваюцца ў Кракаве. З плана відавочна, што аснову кампазіцыі збудавання складаў няроўнабаковы васьмігранны неф (простакутнік са зрэзанымі пад 45 вугламі). Па падоўжнай восі да яго прылягалі пяцігранны алтарны эруб (прэсбітэрый), а з другога боку шматгранная крухта. Да чатырох вуглавых граняў нефа былі далучаны чатыры квадратныя ў плане капліцы, а па баках прэсбітэрыя размяшчаліся дзве даволі вялікія па плошчы сакрысціі, роўныя з ім па даўжыні. Адпаведна графічнаму маштабу, памеры будынка наступныя: даўжыня нефа 27 локцей, шырыня — 24, даўжыня прэсбітэрыя — 12, шырыня — 10,5; бок капліцы — 7. Локаць у дадзеным выпадку прыняты роўным 56 см пры маштабе чарцяжу 1: 100.
Больш складана дакладна вызначыць вышынныя суадносіны аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі збудавання, таму што на папярочным разрэзе па цэнтру нефа адлюстраваны не ўсе часткі храма. З яго відавочны, у першую чаргу, прапорцыі і канструкцыя скляпеністага перакрыцця нефа, барабана, купала і ліхтарыка над ім з фігурным завяршэннем — «банькай». Так, у адрозненне ад гладкіх цыбулепадобных галовак расейскіх праваслаўных храмаў, называлі складаныя па сілуэту, звычайна гранёныя, барочныя завяршэнні вышынных элементаў культавых збудаванняў у Рэчы Паспалітай. Але цікава, што на чарцяжы паказаны таксама дзве капліцы, якія не маглі трапіць у разрэз: адна цалкам, а другая часткова, без завяршэння. Пры гэтым яны дадзены не ў праекцыі, а разгорнуты на 45 градусаў і прадстаўлены ў натуральных прапорцыях. Відавочна, што неф і капліцы былі роўнай вышыні і мелі агульны карніз. Вышэй яго чацвярык капліцы пераходзіў у чацверыковую вежу-званіцу з фігурнай банькай, крыху адметнай ад галоўнай. На стрыжні крыжа быў умацаваны флюгер.
Над крухтай размяшчаліся меншыя па памерах хоры, ці «альтанка для музыкаў», што адлюстравана на плане пункцірнай лініяй. Аднак нам падаецца спрэчным, што па рэканструкцыі Е. Пашэнды агульная вышыня гэтага двух'яруснага аб'ёма, як і вышыня прэсбітэрыя, зроблена меншай за вышыню нефа і капліц. На нашу думку, вышыня ўсіх гэтых аб'ёмаў была аднолькавай і іх аб'ядноўвала агульная цяга карніза, таму што для беларускіх драўляных храмаў часу барока характэрна маналітная «базілікальная» кампаноўка зрубаў з пэўнай незалежнасцю ад іх кампазіцыі вянчаючых мас. Не пераконваюць таксама прапанаваныя даследнікам прапорцыі і характар пакрыцця сакрысцій, вымушаная пакатасць схілаў, груваздкасць формаў. Больш слушным падаецца меркаванне Е. Пашэнды, што капліцы завяршаліся чацверыкамі вежаў толькі на галоўным фасадзе, а каля алтара такіх завяршэнняў не мелі. Гэта надавала кампазіцыі збудавання характэрную для барока дынаміку.