Усе астатнія фасады касцёла і кляштара былі пазбаўлены аздобы і па кантрасту з галоўным фасадам выглядалі асабліва манументальна і сурова. Трохпавярховы будынак кляштара стаяў у адну лінію з двухпавярховым аб'ёмам сакрысцій, што прылягаў да алтарнай часткі храма. Гэтыя аб'ёмы накрываў агульны двухсхільны дах, так як вышыня паверхаў сакрысцій была большая, а кляштар пастаўлены ніжэй па рэльефу. У гэтым таксама відавочны ансамблевы падыход пры стварэнні ўсяго комплексу.
На ўсіх трох паверхах рытмічна паўтораныя келлі манахаў перакрываліся мураванымі скляпеннямі і злучаліся светлымі калідорамі. На першым паверсе калідор працягваўся ўздоўж паўднёвага фасада касцёла і вёў да аднапавярховай прыбудовы трапезнай з кухняй, пякарняй, кладоўкамі, што прылягала з паўднёвага боку да галоўнага фасада касцёла і мела асобны выхад на Маставую вуліцу. Размеркаванне памяшканняў рознага прызначэння ў асобных будынках ажыццяўлялася ў супрацьпажарных мэтах. Падобнае «функцыянальнае заніраванне», як гавораць цяпер, выяўленае ў агульнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, на той час было даволі рэдкай, амаль адзінкавай з'явай.
Пасля скасавання 1843 г. манастыра босых кармелітаў кляштарныя муры перайшлі ваеннаму ведамству, у сувязі з чым зрабілі абмеры будынкаў. Пры рэканструкцыі комплексу пад акруговы суд у 1875 г. зноў праведзеныя абмеры ўжо не адпавядалі папярэднім — часткі будынкаў да таго часу ўжо не існавала. У 1881 г. муры кармелітаў перайшлі ва ўласнасць горада. Амаль праз 20 гадоў, у 1903 г., пачалася новая так званая «рэканструкцыя» комплексу і будаўніцтва на яго аснове вайсковых казарм Гарадзенскага крапаснога батальёна. Пры гэтым разабралі касцёл з яго цудоўным фасадам аж да самых скляпенняў крыпты. Так знік назаўсёды ўнікальны помнік позняга беларускага барока, адзін з непаўторных архітэктурных ансамбляў Горадні, выявы якога засталіся толькі на старых паштоўках.
Адным з багацейшых у Беларусі сярод вуніяцкіх манастыроў быў кляштарны комплекс ордэна базыльянаў у Быцені, што пад Слонімам, як вызначалі раней у краязнаўчых выданнях (зараз Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці).
Гісторыя існавання базыльянскага кляштара поўная драматызму. Першы яго фундатар, маршалак слонімскі Рыгор Трызна разам з жонкаю Рэгінаю з Сапегаў у 1607 г. падараваў базыльянам маёнтак Дзяткавічы і заснаваў манастыр. Іх нашчадак Мікалай Трызна, падскарбій Вялікага Княства Літоўскага, у 1626 і 1640 гг. таксама ахвяраваў сродкі на будаўніцтва манастыра і царквы. Каля 1654 г. была змуравана невялікая зімовая Спаса-Праабражэнская царква, якая ацяплялася і непасрэдна злучалася з жылымі памяшканнямі манастыра.
У надзейна ўмацаваным быценскім кляштары падчас паўстання Б. Хмяльніцкага хаваліся вуніяты з Украіны і іншых месцаў. З 1656 г. у быценскім манастыры знаходзіўся кіраўнік базыльянскага ордэна Бенедыкт Цярлецкі. Тут захоўваліся таксама нятленныя мошчы старца Сімеона Стаўроўскага, настаяцеля манастыра з 1640 г.
Вялікая мураваная саборная царква была ўзведзена пасля 1673 г. пад кіраўніцтвам настаяцеля манастыра Іосіфа Пяткевіча. У 1710 г. храм кансекраваны ў гонар свяшчэннамучаніка Язафата (вуніяцкага архібіскупа Я. Кунцэвіча, забітага ў час паўстання ў Віцебску ў 1623 г.).
Спадчыннік згаслага вуніяцкага роду Трызнаў падскарбій надворны Рэчы Паспалітай Антоній Тызенгаўз у 1775 г. адабраў быценскі манастыр у базыльянаў і перадаў католікам. Верагодна, у гэты час саборны храм быў ператытулаваны ў гонар святой Тройцы. У 1839 г. каталіцкі кляштар зноў прымусова перадаецца праваслаўным. Пры гэтым складаецца на польскай мове інвентар быценскага манастыра, належачага дыцэзіі Літоўскай, павету Слонімскага, губерніі Гарадзенскай ад 6 ліпеня 1839 г. з апісаннем царквы, кляштарных і фальваркавых будынкаў, вёскі і інш. У інвентары гэтым паведамляецца, што «царква пад тытулам святой Тройцы вымуравана стараннем і накладам фундатара Мікалая Трызны». І далей, што храм гэты «фігуры крыжовай», з паўкруглымі бакавымі фасадамі. Акрамя дзвюх вежаў, што аздабляюць галоўны фасад, ёсць яшчэ трэцяя вежа над сярэдзінай царквы, якая ў выглядзе ліхтара абапіраецца на чатыры слупы. Сярэдняя вежа мае восем акон і дае святло ўсёй царкве. Усе вежы накрыты бляхай і маюць крыжы драўляныя, абітыя бляхай. Унутры царква атынкавана і пабелена. Дах на ёй новы, гонтавы. За ўваходам у царкву ёсць бабінец у трох прыдзелах, «мураваны і скляпеністы», над ім узведзены хоры для пеўчых. Акон горных 12 з кратамі, на фасадных вежах чатыры акны і г.д.