Выбрать главу

Прыведзены ў адаптаваным выглядзе гэты інвентар з'яўляецца каштоўным дакументам па архітэктуры базыльянскага комплексу, таму што ў 1915 г. падчас ваенных дзеянняў першай сусветнай вайны царква значна пацярпела. Аб гэтым сведчаць фотаздымкі помніка, зробленыя віленскім Таварыствам аматараў навук у 1930-ыя гг. Нейкі час храм знаходзіўся ў напаўразбураным стане, але ўжо ў 1929 г., часткова адноўлены, дзейнічаў. У час Другой сусветнай вайны і пасля яе саборная царква і манастырскі корпус зруйнаваны канчаткова.

Абмерныя чарцяжы вялікай Троіцкай царквы і план на ўзроўні акон цэнтральнага нефа, папярочны разрэз па сяродкрыжжу ўпершыню апублікавала А. Квітніцкая па матэрыялах віленскага Таварыства аматараў навук. Храм, пабудаваны як вуніяцкі, меў мерыдыяльную арыентацыю алтаром на поўнач. План царквы ў верхнім сячэнні ўяўляў выцягнуты па восі поўдзень — поўнач лацінскі крыж з закругленымі бакавымі рамёнамі і алтарнай часткай. З трох бакоў да квадрата сяродкрыжжа прылягалі паўцыркульныя апсіды, перакрытыя паўсферычнымі конхамі. Алтарная апсіда па памерах адпавядала апісанаму квадрату, бакавыя апсіды крыху меншыя за квадрат. Прастора сяродкрыжжа была перакрыта васьмігранным шатром з апорным кальцом, што абапіралася на падпружныя аркі цэнтральнага квадрата. З папярочнага разрэза храма відавочна, што канструкцыя і форма вонкавага пакрыцця не адпавядала дакладна скляпенням унутры яго. Шацёр над сяродкрыжжам звонку быў «апрануты» ў паўсферычны купал і завяршаўся светлавым ліхтаром з фігурным пакрыццем. Конхі над апсідамі звонку накрывалі кроквенныя конусападобныя дахі, якія разам з асноўным купалам стваралі своеасаблівую кампазіцыю вянчаючых мас. Форма амаль ідэальнага тэтраконха, закладзеная ў аснову аб'ёмна-прасторавай структуры храма з паўднёвага боку, парушалася прыбудовай квадратнага ў плане бабінца і вузкага дзвюхвежавага нартэкса, што і надавала плану выгляд лацінскага крыжа.

А. Квітніцкая слушна лічыла саборную царкву быценскага манастыра характэрным прыкладам архітэктуры вуніяцкіх храмаў, што ўяўляе «своеасаблівы сплаў архітэктурных форм каталіцкага храма і драўлянага праваслаўнага дойлідства, якое мае агульныя карані з расейскай архітэктурай, з яе цэнтрычнымі драўлянымі храмамі». На нашу думку, архітэктоніка гэтага помніка, сапраўды, выцякае генетычна з чатырохзрубных крыжовых праваслаўных сабораў XVII ст., але не расейскіх, а беларускіх, з рэгіёна Падняпроўя і Падзвіння, якія ў сваю чаргу аказалі ўплыў на фармаванне архітэктурных форм расейскага, так званага нарышкінскага барока. Будова архітэктурных мас, кампазіцыйныя і канструкцыйныя прыёмы сабора быценскага манастыра асабліва блізкія да драўлянай вуніяцкай Ільінскай царквы ў Віцебску, пабудаванай у 1746 г., якая таксама мела ў плане лацінскі крыж, незалежнасць канструкцый унутраных перакрыццяў ад вонкавай кампазіцыі пакрыцця.

Вядомы краязнаўца і гісторык культуры Станіслаў Лёранц, які даследаваў помнік у 1930-ыя гг., лічыў, што бакавыя нефы і дзвюхвежавы фасад далучыліся да сабора ўжо ў другой палове XVIII ст., але гэта ўсё ж толькі гіпотэза.

З інвентара 1839 г. вядома, што саборная царква з трох бакоў была агароджана «мурам з цэглы без тынку да нахіленых апасань», а чацвёрты бок замыкаў кляштар. У апісанні кляштара паведамляецца, што ён «у тры лініі мураваны, звонку непабелены, на два паверхі ўзнесены, пад лініямі маюцца склепы, каждая з тых ліній мае аднолькавую шырыню і амаль аднолькавую даўжыню. Дах новы, гонтавы. Пячных комінаў на кляштары 17». З гэтага апісання вынікае, што кляштарны будынак двухпавярховы (са склепам), П-падобны ў плане, меў скляпеністыя перакрыцці і падвойныя вокны. Разам з келлямі ў ім размяшчаліся трапезная з кухняй, бібліятэка ў заходнім крыле. Акрамя гэтых трох памяшканняў з цаглянай падлогай, усе астатнія мелі драўляную падлогу. Ужо на той час бібліятэка пуставала. Кляштарны калідор злучаўся з сакрысціяй з правага боку прэсбітэрыя сабора, над якой знаходзілася скарбніца. З другога боку кляштар прылягаў да зімовай царквы. Па загаду А. Тызенгаўза ўзводзіцца званіца і брама (каля 1775 г.) у стылі віленскага барока. Ад велічнага некалі архітэктурнага ансамбля на наш час ацалела толькі малая Спаса-Праабражэнская царква, якая занесена ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».

Загублены шэдэўр

Віленскае барока ці ракако? Сапраўды, як больш дакладна вызначыць вышэйшую стадыю ў развіцці мастацка-стылёвых характарыстык манументальнага нацыянальнага дойлідства ў сярэдзіне XVIII ст.? Гэтае мастацтвазнаўчае пытанне ўзнікла нядаўна, але яно мае пад сабой пэўнае гістарычнае і ідэалагічнае аснаванне.