Выбрать главу

Першыя крокі ў вывучэнні гісторыі архітэктуры Беларусі ў канцы XIX ст. грунтаваліся на выразным падзеле цікавасці даследнікаў да культавых помнікаў адпаведна іх канфесійнай прыналежнасці: з аднаго боку — каталіцкія і былыя вуніяцкія храмы, з другога — праваслаўныя. Першыя вызначаліся як сугуба «польскія», другія ж — як «истинно русские», незважаючы на іх агульныя сацыяльна-гістарычныя карані, на непарыўнае знітаванне ў іх розных мастацкіх уплываў, што надавала беларускім помнікам свой твар і непаўторную своеасаблівасць. Усведамленне гэтага прыйшло толькі ў 1930-ыя гг. ў колах беларуска-польскай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі, цэнтрам якой заставалася Вільня, былая сталіца Вялікага Княства Літоўскага і яго галоўны культурны асяродак. Выключнае па сваіх мастацкіх вартасцях культавае будаўніцтва Вільні XVIII ст. і даволі абшырнага рэгіёна яго ўплыву атрымала ў мастацтвазнаўстве 30-ых гг. назву «віленскае барока». Польскія даследнікі таксама не адмаўлялі самабытнасць гэтай з'явы, лічылі яе вышэйшым дасягненнем нашага нацыянальнага мастацтва з адметнай трактоўкай агульнай эстэтычнай канцэпцыі барока, архітэктурна-мастацкага стылю, панаваўшага ў XVII–XVIII стст. амаль ва ўсім хрысціянскім свеце.

Адным з лепшых узораў віленскага барока бясспрэчна лічылася вуніяцкая царква ў вёсцы Беразвечча, што знаходзілася на паўночным беразе возера Глыбокае (цяпер г. Глыбокае Віцебскай вобл.). Тут па фундацыі 1638 г. Іосіфа Корсака, старосты мсціслаўскага, таго самага, што заснаваў таксама ў Глыбокім касцёл і кляштар ордэна кармелітаў босых, у 1643 г. быў пабудаваны драўляны манастыр базыльянаў. Пры ім існавала невялікая навучальная ўстанова, дзе выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы.

На месцы старых драўляных будынкаў у 1756–1763 гг. паўстаў новы мураваны манастырскі комплекс з двухпавярховым жылым корпусам для манахаў і прыгажуняй-царквой у імя святых апосталаў Пятра і Паўла, да якой у 1766–1776 гг. прыбудавалі яшчэ цёплую капліцу. Комплекс дапаўнялі школа, гаспадарчыя пабудовы, сад, абнесеныя мураванай сцяной з брамай, выкананай у адзінай мастацкай манеры з царквой.

Пасля скасавання вуніі ў 1839 г. комплекс базыльянскага манастыра застаўся безгаспадарчым, а затым перайшоў праваслаўнаму мужчынскаму манастыру, які існаваў тут з 1847 па 1874 г., пазней у ім размясціўся жаночы праваслаўны манастыр. У 1919 г. царква перайшла да католікаў, а ў манастырскім будынку змяшчаўся польскі Корпус аховы сумежжа.

У 1930-ыя гг. адбылася рэстаўрацыя комплексу былога базыльянскага манастыра, а таксама праведзены яго абмеры і фотафіксацыя. Актыўны ўдзел у гэтым прымалі Ф. Рушчыц, Я. Булгак, Ю. Клос, А. Ромер і іншыя. Па ўз'яднанні Заходняй Беларусі і БССР з канца 1939 па чэрвень 1941 г. у кляштарных мурах размяшчаўся сталінскі лагер, а пасля Другой сусветнай вайны — турма строгага рэжыму, якая знаходзіцца тут і ў наш час. Царква, часткова пашкоджаная ў вайну, у 1960-ыя гг. канчаткова згінула пад няўмольным катком атэістычнага варварства.

Два стагоддзі над люстрам возера Глыбокае ўзвышаўся рукатворны шэдэўр, што ўвасабляў духоўны свет нашых продкаў, іх разуменне прыгожага. Да таго ж ён нёс складаную семантыка-сімвалічную ідэю, якая аб'ядноўвала філасофска-рэлігійныя супярэчнасці з мастацкім светапоглядам таго часу.

Фатальная раз'яднанасць беларусаў па канфесійнаму прынцыпу толькі ў XVII–XVIII стст. з вялікімі цяжкасцямі была пераадолена стварэннем аб'яднанай грэка-каталіцкай царквы, што, безумоўна, аказала ўплыў на фармаванне беларускай культуры. У манументальным культавым дойлідстве гэты працэс адбіўся найбольш яскрава. Менавіта вуніяцкая архітэктура стала асновай для ўвасаблення мастацкіх прынцыпаў віленскага барока. Найбольш дасканалыя яго ўзоры ў Беларусі — Сафійскі сабор у Полацку, цэрквы ў Беразвеччы, Воршы, Барунах і інш. — вуніяцкія храмы. Іх архітэктоніка іманентна выпрацоўвалася на працягу XVII ст. на аснове ўсходніх і заходніх архітэктурных уплываў, традыцый беларускага абарончага дойлідства, літургічных патрабаванняў і сімволікі як каталіцкай, так і праваслаўнай галін хрысціянскага культу.

Петрапаўлаўская царква ў Беразвеччы, як і большасць помнікаў віленскага барока, уяўляла сабою трохнефавую базіліку з трансептам і дзвюхвежавым галоўным фасадам. Пры агульнай традыцыйнасці структуры архітэктурны вобраз збудавання смелы і наватарскі. Шырокі цэнтральны неф з паўкруглым алтарным завяршэннем пасярэдзіне перасякаецца роўным з ім па вышыні трансептам з таксама закругленымі тарцамі. Як вядома, план у выглядзе крыжа ў верхнім сячэнні базілікі (дома Бога), утвораны перасячэннем цэнтральнага нефа і трансепта, сімвалізуе распяцце. Таму ў беларускім культавым дойлідстве, на сутыкненні рознай канфесійнай сімволікі, вельмі істотнае значэнне мела форма гэтага крыжа — выцягнуты лацінскі ці роўнаканцовы грэчаскі. У беразвецкай царкве план у верхнім сячэнні (без алтарнай часткі) адпавядаў форме роўнаканцовага грэчаскага крыжа, чым аддавалася даніна вуніяцкаму паходжанню храма. У выніку гэтага, дзякуючы выцягнутай алтарнай частцы, стваралася нават уражанне, што ў вонкавай будове мас трансепт нетрадыцыйна ссунуты ў бок галоўнага фасада.