Выбрать главу

Надзвычайная ўвага нададзена вытанчанаму малюнку франтонаў, завяршэнням вежаў, валют, капітэляў. Тут упершыню ўжыты на фасадзе ажурныя абрысы праёмаў, якія раней сустракаюцца толькі ў інтэр'еры Сафійскага сабора. Пры параўнанні арганізацыі ўнутранай прасторы гэтых храмаў А. Квітніцкая, якая першая аналізавала беразвецкую царкву ў расейскамоўным мастацтвазнаўстве, адзначала, што яе інтэр'ер меў «большую цэльнасць, больш дакладнае размеркаванне дэкаратыўных сродкаў і большую кампактнасць». Зусім маленькія бакавыя нефы кампазіцыйна падпарадкоўваліся кароткаму, але шырокаму цэнтральнаму нефу, які завяршаўся падобнай на тэатральную дэкарацыю мураванай алтарнай перагародкай. Яна складалася з двух ярусаў дынамічна згрупаваных калон, злучаных раскрапаваным антаблементам. Прастора алтара ў глыбіні вялікіх скразных праёмаў паміж калонамі здавалася бясконцай і бяздоннай.

Скульптурная пластычнасць архітэктуры храма спалучалася з канструкцыйнай логікай, дасканалым выкарыстаннем прыёмаў аптычнай карэкціроўкі мастацкага вобраза. «Правераная алгебрай гармонія» помніка, безумоўна, больш адпавядае эстэтычнай канцэпцыі барока, а не ракако — стылю атэктанічнага, пераважна інтэр'ернага, заснаванага на маскіроўцы рэальнай канструкцыі сродкамі дробнага мудрагелістага асіметрычнага дэкору ў выглядзе завіткоў і ракавін. Да таго ж эпоха барока прыпала ў розных краінах на завяршальны перыяд складвання нацый, што ў выніку надало яго стылістыцы самабытныя нацыянальныя формы. І ў дадзеным выпадку мы бачым не рымскае, не паўночнаітальянскае, не цэнтральнаэўрапейскае ці якое іншае барока, а менавіта віленскае, з мясцовымі асаблівасцямі ў архітэктоніцы збудавання. Падмена на падставе павярхоўнага фармальнага аналізу, прыватных і палітычных амбіцый шэрагу даследнікаў тэрміна «віленскае барока» тэрмінам «ракако» — гэта падмена сацыяльна-абгрунтаванай з'явы ў нацыянальным дойлідстве наднацыянальнай салоннай манерай дэкорума, якая хутка вычарпала сябе нават на сваёй радзіме, у Францыі. Памылковасць гэтых спроб яскрава абвяргае загублены шэдэўр віленскага барока.

Пад рушчыцавымі аблокамі

З вёскай Багданава былога Ашмянскага павета Віленскай губерні (зараз Валожынскі раён Менскай вобласці) цесна звязаны жыццё і творчасць вялікага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца. Тут ён нарадзіўся, тут пахаваны на вясковых могілках. Не раз пакідаў ён родныя мясціны, але заўсёды вяртаўся да іх, таму што яны былі крыніцай яго творчасці. У Багданаве напісаны найбольш вядомыя палотны мастака: «Зямля» (1898), «Стары млын» (1898), «Балада» (1899), «Пустка» (1901), «Эмігранты» (1902) і інш. Сябра Рушчыца і яго біёграф Ян Булгак нават сфатаграфаваў нябёсы над Багданавым, каб паказаць, дзе нарадзіліся тыя імклівыя, віхурыстыя аблокі, якія мастак часта маляваў на сваіх палотнах.

Карціна «Ля касцёла» (1898), якая экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, таксама напісана ў Багданаве. Гэтае цудоўнае палатно насычана водарам ранняй вясны, сагрэтай зямлі, адталых дахаў і дрэў. Кампазіцыя яго вельмі простая: злева — касцёльная брама са званіцай, з правага боку — фасад мясцовага касцёла, перад ім укленчаныя беларускія сяляне, а над усім — трывожныя Рушчыцавы аблокі і пранізлівая веснавая сінь. Некалі, разглядаючы ў музеі карціну Ф. Рушчыца, мне захацелася даведацца: які помнік увасоблены на ёй — да такой ступені ўразіў ён беларускім каларытам. Потым з'явіліся дадатковыя звесткі аб ім і роздум аб яго месцы ў айчыннай архітэктуры.

Касцёл Міхаіла Архангела — выдатны ўзор беларускага драўлянага дойлідства другой паловы XVII ст. Ён быў пабудаваны па фундацыі Пятра Паца, старосты жмудскага, тагачаснага ўладальніка двара ў Багданаве, і асвячоны ў 1690 г.

З вонкавага выгляду вельмі сціплы касцёл паходзіў на звычайную сялянскую хату. Характар пакрыцця надаваў пабудове тэктанічную цэласнасць і маналітнасць форм. Нізкія бакоўкі сакрысцій былі накрыты агульным дахам з асноўным зрубам і роўным з ім па вышыні, але больш вузкім алтарным прырубам. У месцы злучэння зрубаў пры пераходзе да больш вузкага аб'ёму выкарыстаны распаўсюджаны на той час па ўсёй Беларусі прыём трохкутных навісяў гонтавага даху з вальмамі над алтаром. Галоўны фасад завяршаўся барочным франтонам пругкага шматлопасцевага абрысу. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Архітэктурнае вырашэнне будынка ўражвае лаканізмам і выразнасцю мастацкіх сродкаў.

Багданаўскі касцёл сінтэзаваў шматлікія традыцыйныя рысы беларускага драўлянага дойлідства. І ў гэтым сплаве з народным дойлідствам увасоблены тыя высокія мастацкія вартасці помніка, якія так прыцягвалі Ф. Рушчыца. Ён не аднойчы звяртаўся да тэмы мясцовага касцёла. У яго эскізніку ёсць лісты, дзе касцёл і брама намаляваны з іншага боку і з іншым настроем. Мастак шчыра захапляўся сапраўднай прыгажосцю сваіх родных спадчынных куточкаў Беларусі.