Выбрать главу

З'яўляючыся старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці ў Вільні, Рушчыц актыўна праводзіў рэстаўрацыю выдатных помнікаў віленскага барока. Побач з імі ён аднавіў сціплы драўляны касцёл у Багданаве. На жаль, у час Другой сусветнай вайны помнік згарэў. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. на яго месцы быў пабудаваны новы драўляны касцёл, які толькі нагадвае папярэдніка. Яго вонкавы выгляд вядомы з прац Ф. Рушчыца, фотаздымкаў А. Ромера, Ю. Клоса і іншых сябраў віленскага Таварыства аматараў навукі.

Са спадчыны Дастаеўскіх

6 кастрычніка 1506 г. пінскі князь Фёдар Яраслававіч выдаў грамату Даніле Іванавічу Ірцішчу на вечнае валоданне некалькімі дварамі ў розных вёсках і сяле Дастоева Пінскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (цяпер Іванаўскі раён Берасцейскай вобласці). Яго сын Іван Данілавіч меў ужо прозвішча Ірцішч-Дастаеўскі, а яго ўнук Сцяпан Іванавіч — проста Дастаеўскі.

Дачка вялікага расейскага пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага, Любоў Фёдараўна, ва ўспамінах адзначала, што яе продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Менскай губерні, дзе каля Пінска мелі маёнтак Дастоева. 19 жніўня 1965 г. унук пісьменніка А. Ф. Дастаеўскі пісаў у Іванаўскі раён: «В учебно-педагогическом издательстве «Просвещение» подготавливается для учителей и учащихся альбом «Ф. М. Достоевский в документах, портретах и иллюстрациях». Фамилия писателя Ф. М. Достоевского берет свое начало от названия «Достоево» — одного из старинных населенных пунктов Вашего района, где его предки воеводствовали несколько столетий назад. В упомянутом альбоме будет дана карта-схема, которая должна служить путеврдным указателем на случай, если группа или отдельные лица пожелают посетить населенный пункт, фамильно связанный с именем великого русского писателя».

Калі пісаліся гэтыя радкі, галоўнай мастацкай адметнасцю Дастоева была драўляная Ільінская царква. Выразная па сілуэту пабудова арганічна злівалася з наваколлем, лугам з вуллямі, скразной лістотай старых дубоў, якія ўкрывалі яе сваімі каронамі.

У ліпені 1970 г. царкву ў Дастоеве як помнік драўлянага народнага дойлідства вывучала экспедыцыя Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР з мэтай уключэння яе ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Але пасля абмераў і фотафіксацыі царква была зруйнавана трактарамі па загаду мясцовага сельскага савета. Гэты акт вандалізму вельмі ўразіў акадэміка Дз. С.Ліхачова. Аб чым ён і напісаў у сваіх «Заметках о прекрасном», спрыяў публікацыі матэрыялаў пра загінуўшы помнік са спадчыны Дастаеўскага ў рэдагуемым ім усесаюзным выданні.

Першая вядомая царква ў Дастоеве пабудавана была каля 1788 г., але хутка згарэла ў час навальніцы. Будаўніцтва царквы фундаваў у 1798 г. шляхціц Гедройц. Апісанне царквы, зробленае каля 1870 г., сведчыць, што яна «зданием деревянная, имеет вид прямоугольника, с двумя глухими куполами, гонтовою крышею, одною входною дверью и одним рядом окон, не снабженных железными решетками, снаружи не окрашена. Внутренняя площадь имеет вместимости около 25 кв. сажен; потолок подшит досками, пол деревянный; стены не покрашены… Ризница помещается в шкафу, в алтаре… Колокольня устроена на фронтоне церкви». Ужо ў гэты час пабудова была «очень ветха».

У час нашага абследавання, амаль праз 100 гадоў, помнік істотна адрозніваўся ад прыведзенага вышэй апісання. Да асноўнага зруба з паўночнага боку прымыкаў уваходны аб'ём (бабінец) з чацверыком званіцы на другім ярусе, а з паўднёвага захаду да алтара далучалася рызніца з шматкутным планам. Царква была пабудавана як вуніяцкая і арыентавана алтаром на поўдзень. Верагодна, што ў канцы XIX — пачатку XX ст. царква часткова перабудоўвалася і паднаўлялася. Гэтую думку пацвярджаюць пэўныя канструктыўныя і стылёвыя неадпаведнасці паміж часткамі будынка, але ж архітэктурны вобраз помніка ў выніку перабудовы не страціў гарманічнага адзінства. Уваходны зруб быў выкананы з брусоў больш тонкіх за асноўны, а чацвярык званіцы над ім і рызніца зроблены каркаснымі і абшыты дошкамі. Карніз бабінца меў меншы вынас і не адпавядаў па вышыні асноўнаму. Акрамя таго, формы званіцы, накрытай пакатым чатырохсхільным шатром, больш спрошчаны ў параўнанні з вытанчанымі завяршэннямі асноўнага простакутнага зруба. Ён меў трохгранную алтарную частку і высокі вальмавы дах, а ў месцах злучэння вальмаў з вільчаком узвышаліся галоўкі з крыжамі.