Выбрать главу

Цікавай асаблівасцю архітэктурнага вырашэння Ільінскай царквы было даволі значнае звужэнне ўгору чацверыка і васьмерыка ў аснаванні галовак, што стварае ілюзію большай вытанчанасці і стромкасці вянчаючых мас збудавання. Тут мясцовымі дойлідамі ўжыты прыёмы аптычнай карэкціроўкі архітэктурных форм, што характэрна мастацтву барока. З той жа мэтай шыйка адной з галовак выканана ў выглядзе васьмерыка «сармацкага» тыпу, які стварае больш кантраснае размеркаванне святла і ценю ў параўнанні з традыцыйным васьмерыком. Узмацненню маляўнічага пачатку служыў таксама канструктыўна-дэкаратыўны прыём вертыкальнай ашалёўкі дошкамі з нашчыльнікамі, уласцівы драўлянаму культаваму дойлідству Беларусі XVII–XVIII стст. Зрубы рубіліся спосабам, агульным для ўсіх славянскіх земляў, - гарызантальнымі вянкамі з бярвенняў, акантаваных на дзве ці чатыры грані (брусоў), а пасля асадкі абшываліся вертыкальна пастаўленымі дошкамі. Шчыліны паміж дошкамі змяншаліся і закрываліся нашчыльнікамі, пры гэтым стваралася рэльефная паверхня фасадаў. У залежнасці ад часу асвятленне мяняла глыбіню рэльефа. Адвольны рух святла ствараў кантрасты паміж асветленымі і цёмнымі ўчасткамі сцяны ці выліваўся ў зіхаценні адных толькі светлых таноў. Дождж вертыкалей ашалёўкі прыгожа спалучаўся са срэбрам гонтавага пакрыцця даху. Такі характар ашалёўкі з'яўляўся адначасова канструкцыйным і выразным дэкаратыўным прыёмам.

Ільінская царква ў Дастоеве як архітэктурны помнік увабрала ў сябе творчыя дасягненні беларускага драўлянага дойлідства XVII–XVIII стст., эстэтычныя прынцыпы стылю барока, своеасабліва трактаваныя ў дрэве, гармонію з роднай прыродай. І таму, што храм са спадчыны Дастаеўскіх — гэта двайная ахвяра.

Цвяток радзімы

Аднойчы пасля лекцыі па гісторыі беларускай архітэктуры да мяне падышоў адзін з слухачоў і запытаў: «А вы ведаеце наш касцёл, у Цімкавічах?» І гонар, і захапленне былі ў яго пытанні. Так, я ведала гэты цудоўны помнік нацыянальнага драўлянага дойлідства. Тады, у канцы 1970-ых гг., ён быў яшчэ жывой плоццю і рэальнасцю нашага быцця. І я падзяляла захапленне гэтага чалавека.

Храм у мястэчку Цімкавічы, што знаходзіцца за 40 км на захад ад Слуцка ля сутокаў рэчак Можа і Морач (зараз вёска ў Капыльскім раёне Менскай вобласці), заснаваны ў 1560 г. князем Янам Сымонам, сынам Юрыя І Алелькі, уладальніка ўдзельнага Слуцкага княства. У 1580 г. адбылося асвячэнне храма па каталіцкаму абраду ў гонар Міхаіла Архангела біскупам віленскім Юрыем Радзівілам.

Пазней Цімкавічы перайшлі да вядомага магнацкага роду Сапегаў. Па фундацыі падканцлера літоўскага Казіміра Льва Сапегі ў 1647 г. на месцы старога касцёла быў узведзены новы. Ад першага будынка захаваліся, як лічаць, падмуркі і частка вонкавых сцен. Магчыма, дзякуючы сваім славутым фундатарам драўляны местачковы храм набыў даволі значныя памеры і незвычайную для драўлянага дойлідства тэктанічную структуру.

Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёла імітавала ў дрэве трохнефавую базіліку — найбольш пашыраны тып беларускай мураванай культавай архітэктуры перыяду барока. Вялікі простакутны ў плане асноўны зруб (кафалікон) падзяляўся двума радамі круглых слупоў (усяго іх было 10) на тры нефы, цэнтральны з якіх быў вышэй і ўтрая шырэй за бакавыя. Параметрам цэнтральнага нефа адпавядала пяцігранная алтарная частка. Яны разам перакрываліся агульнай плоскай столлю з дошак, насцеленых «у накладку» па адкрытых папярочных бэльках, якія падтрымлівалі яшчэ больш магутныя падоўжныя бэлькі-трамы, што абапіраліся на слупы. З апорна-бэлечнай сістэмай цэнтральнага нефа вельмі вынаходліва спалучаліся канструкцыі перакрыцця бакавых нефаў і хораў над уваходам, якія падтрымлівалі два дадатковыя квадратныя ў плане слупы.

Лагічнае і тэхнічна-дасканалае канструкцыйнае вырашэнне, блізкае да антычнай ордэрнай сістэмы, адпавядала строгай гармоніі плана і вонкавых мас збудавання. Дапаможныя памяшканні (сакрысціі, хрысцільня, лесвіца на хоры) размяшчаліся па вуглах асноўнага аб'ёму і не выступалі за лінію фасадаў. Гэта дазволіла накрыць усе часткі храма адзіным двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром, што надавала аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка цэласнасць і маналітнасць форм.

Галоўны заходні фасад уяўляў сабою плоскі аб'ём (нартэкс), які меў ярусную будову. Ярусы падзяляліся паміж сабою развітымі прафіляванымі карнізамі. Ніжні пояс карніза ішоў на ўзроўні вышыні бакавых нефаў. Другі ярус закрываў тарэц даху цэнтральнага нефа, быў накрыты вальмавым дахам з вільчакам, папярочным восі будынка, і завяршаўся своеасаблівай трохвежавай кампазіцыяй, выгляд якой вядомы з фотаздымкаў пачатку XX ст. Сіметрычныя чацверыковыя вежы па баках фасада мелі складанае завяршэнне ў выглядзе ўсечанага шатра і гранёнага конуса з заломам на васьміграннай шыйцы. Больш нізкая сярэдняя вежачка складалася з двух маленькіх чацверыкоў з шатровым пакрыццём. На фасадзе на ўзроўні хораў знаходзіўся балкончык для музыкаў з разьбяной агароджай. Сцены звонку былі ашаляваны, а вокны аздоблены прыгожымі ліштвамі.