Выбрать главу

За доўгі век будынак касцёла неаднаразова рамантавалі. Асабліва істотна яго перабудавалі на мяжы XIX–XX стст., што відавочна ва псеўдагатычным характары завяршэнняў вежаў, у гарызантальнай ашалёўцы фасадаў, якая першапачаткова была, верагодна, больш традыцыйнай — з вертыкальна пастаўленых дошак з нашчыльнікамі. Да галоўнага фасада, а таксама да паўночнай і паўднёвай сакрысцій прыбудавалі простакутныя ўваходныя аб'ёмы з двухсхільнымі дахамі. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл Міхаіла Архангела прыстасавалі пад праваслаўную царкву і пераасвяцілі ў гонар Мікалая Цудатворцы. Пры гэтым зніклі вежы, балкончык і ліштвы, аднак гэтыя змены не парушылі істотна тэктоніку храма, а галоўнае — не закранулі арганізацыю і аздобу інтэр'ера.

У 1906–1908 гг. над аддзелкай інтэр'ера храма працаваў вядомы мастак з Піншчыны Францішак Бруздовіч. Паводле яго малюнкаў пазней былі зроблены вітражы ў менскім касцёле Сымона і Алены. У цімкавіцкім касцёле мастак адчуў рытм і логіку канструкцыі і ўдала падкрэсліў іх сваімі роспісамі.

Калі праз уваходныя дзверы, упрыгожаныя мастацкай акоўкай у выглядзе галінкі яблыні з пяціпялёсткавымі кветкамі, вы траплялі ўнутр храма — перад вачыма ўспыхвалі ўсе колеры вясёлкі. Столь, сцены, слупы, бэлькі — усе без выключэння драўляныя канструкцыі будынка — цалкам накрыты шматкаляровым квяцістым дываном. Матывы роспісаў нібыта ўзяты таленавітым майстрам з лугоў і садоў роднага краю, з рушнікоў і слуцкіх паясоў, з франтонаў і ліштваў сялянскіх хат.

Арнаментальна-дэкаратыўны характар роспісаў падпарадкаваны строгаму рытму канструкцыйных элементаў, але распрацоўка арнаментаў уражвае багаццем творчай фантазіі. Кожны апорны слуп, трактаваны як антычная ордэрная калона, меў асобную форму капітэлі (круглую, гранёную, фігурную) і адпаведную размалёўку рамонкамі, сланечнікамі, яблыневай квеценню і іншымі кветкамі, якія не паўтараліся. Апорная пліта (абака) над капітэллю была распісана бледна-ружовымі ружамі ў абрамленні галінак і жоўтых гарлачыкаў. Стужкі рознакаляровага расліннага арнаменту, у малюнку якога белыя рамонкі з жоўтымі сярэдзінкамі, сінія валошкі і незабудкі, белыя лілеі і чырвоныя вяргінні, рытмічна перапляталіся з сцяблінамі і зялёнымі лісцямі, пакрывалі бакавыя грані папярочных бэлек і пакладзеныя на іх дошкі столі. Ніжнія грані бэлек пакрываў геаметрычны арнамент, які складаўся з шматразова паўтораных ромбаў і меандравых стужак жоўтага і чырвонага колераў.

Па перыметры сцен і падоўжных бэлек ішоў арнаментальна-дэкаратыўны фрыз з руж, аплеценых галінкамі, над якім у цэнтральным нефе ў квадратных рамах раней размяшчаліся сюжэтныя кампазіцыі хрысталагічнага цыклу. Плоскасці сцен былі размаляваны разнастайнымі раслінамі: на алтарнай сцяне — букеты руж і галінкі шыпшыны, на паўночнай, паўднёвай і заходняй сценах — магутныя дубы з жалудамі і яблыні са спелымі яблыкамі — сімвалы вечнасці, пладавітасці і дастатку. Цікавай тэмай сценавых роспісаў з'яўляліся вазоны розных форм і букеты з палявых кветак у прасценках паміж вокнамі. Вянкі і гірлянды з кветак упрыгожвалі амбон, хоры, парталы дзвярэй простай цяслярскай работы, надаючы ім святочную ўрачыстасць.

В. В. Церашчатава, якая даследавала роспісы цімкавіцкага касцёла, падкрэслівае, што «ўсе кветкі мясцовай флоры пададзены мастаком у рэалістычнай манеры як па форме, так і па колеры». Радасцю быцця звінела мажорная колеравая гама роспісаў. На фоне гладка абгабляваных, пакрытых пацінай даўніны, бронзавых па колеру драўляных канструкцый зіхацелі яркія фарбы сонечнага лета, «блакіт і золата дня».

Апорныя «антычныя» калоны ў некалькі радоў апаясвалі зігзагападобныя лініі колераў вясёлкі.

І.Жыскар, складальнік вядомага даведніка па гісторыі нашых касцёлаў, адзначаў, што «цімкавіцкі касцёл багаццем фарбаў, эстэтычнай гармоніяй, жывой гульнёй паліхроміі стаў для Літвы і Белай Русі тым жа, чым стаў касцёл францысканцаў, аформлены Станіславам Выспяньскім, для Кракава». Так, ён стаў сапраўдным, магутным і радасным гімнам народнай творчасці.