Аднак у спецыяльных навуковых працах па гісторыі архітэктуры Беларусі касцёл у Цімкавічах не разглядаўся. Акрамя адзначаных вышэй даследаванняў ёсць яшчэ дзве навукова-папулярныя публікацыі, прысвечаныя пераважна цудоўным роспісам інтэр'ера храма. У 1976 і 1979 гг. гэты выдатны помнік архітэктуры і манументальнага мастацтва абследаваўся супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі, зроблены яго абмеры і фотафіксацыя. Аднак у выданне «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» па Менскай вобласці цімкавіцкі касцёл не ўвайшоў, таму што ў 1986 г. ён быў знішчаны пажарам у выніку «нядбайнасці». Вінаватых няма… Але ці выпадковы гэты «няшчасны выпадак»? Ці будзе гэты помнік апошняй ахвярай нашага нядбайнага стаўлення да сваёй культурнай спадчыны ў цэлым?
Тамара Габрусь
Беларускі архітэктурны краявід неад'емна звязаны з разлеглымі палацава- і сядзібна-паркавымі ансамблямі колішніх буйных магнатаў і заможнай шляхты. На працягу XVIII–XIX стст. краіна пакрылася густой сеткай манументальна-рэпрэзентацыйных панскіх рэзідэнцый, якія не толькі мелі значныя мастацка-эстэтычныя якасці, але часта з'яўляліся культурна-асветніцкімі асяродкамі. Аднак час і ліхалецці значна спустошылі скрыню нацыянальнага архітэктурна-мастацкага набытку народа.
Гэты раздзел кнігі — спроба стварыць своеасаблівы пантэон страчаных помнікаў палацава-сядзібнага дойлідства, збор звестак пра тыя архітэктурна-паркавыя каштоўнасці, што калісьці ўпрыгожвалі нашу зямлю, узбагачалі нацыянальную мастацкую і духоўную культуру.
У адрозненне ад замкаў і культавых збудаванняў, якія найбольш зазналі на гістарычным шляху глабальныя разбурэнні, творы палацава-сядзібнай архітэктуры па прычыне сваёй утылітарнасці, практычнай мэтазгоднасці, «апалітычнасці», пазарэлігійнасці падпалі ў асноўным пад знішчэнне толькі часам.
Але і войны не абміналі сваёй усёзнішчальнай хваляй гэтыя мірныя, утульныя і прывабныя куточкі краіны. Напалеонаўская навала 1812 г. знішчыла «беларускі Версаль» — палацава-паркавы ансамбль стылю ракако «Альба», загарадную рэзідэнцыю некаранаванага нясвіжскага караля Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Французамі знішчаны палацавы комплекс у Лахве (цяпер Лунінецкі р-н), спалены палац Бжастоўскіх у Міхалішках (Астравецкі р-н), сядзіба Тукалаў у Асцюковічах (Вілейскі р-н) і інш.
Секвестрацыя расейскім урадам мноства маёнткаў пасля паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гг. не адбілася ракавым чынам на мастацкім стане парадна-рэпрэзентацыйных комплексаў. Але шэраг сядзіб, былыя ўладальнікі якіх нейкім чынам далучыліся да паўстанняў, значна пацярпелі. У 1831 г. быў секвестраваны абшырны сядзібна-паркавы комплекс графа Людвіка Паца ў Гарадзішчах (Баранавіцкі р-н), пасля чаго прыйшоў у заняпад і згінуў. Пры ліквідацыі паўстання 1863 г., адным з кіраўнікоў якога быў Свентаржэцкі — багацейшы землеўладальнік на Ігуменшчыне, яго палац у Багушэвічах (Бярэзінскі р-н) быў спалены па загаду самога Мураўёва. Згарэлі ў 1863 г. палацы Горватаў у Прылуках (Менскі р-н) і Каменьскіх у Міневічах (Мастоўскі р-н).
Катаклізмы XX стагоддзя, як ніякога іншага, нанеслі ўрон палацава-сядзібнай архітэктуры. Моцны разбуральны ўдар па гэтай адметнай галіне беларускага дойлідства прыпаў на першую сусветную вайну, якая пагібельным смерчам пранеслася па старасвецкіх маёнтках. Шматлікія панскія сядзібы пераўтвараліся ў казармы, палявыя штабы, шпіталі, часам і проста станавіліся мішэнямі для гарматаў. Маляўнічыя прысядзібныя паркі былі перарыты акопамі, знявечаны бліндажамі. У выніку ваенных дзеянняў у 1914 г. згарэў адзін з буйнейшых у Беларусі палацаў — рэзідэнцыя магнатаў Сапегаў у Ружанах (Пружанскі р-н). Разруха і спусташэнні панавалі паўсюдна. У заходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, знішчалася ўсё, што толькі было магчыма знішчыць, астатняе вывозілася. На панскія сядзібы ляглі вярыгі кантрыбуцыі. Усходнія землі пад кантролем царскіх войскаў апусцелі як ад пагалоўнай мабілізаці, так і ад поўнага гаспадарчага хаосу. У 1914 г. была спалена цудоўная загарадная сядзіба апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Аўгустове пад Горадняй. Сам горад у 1915 г. страціў цудоўны барочны палац А. Тызенгаўза, які вызначаў галоўны парадны ансамбль Гарадніцы. Не менш выдатны помнік барочна-класіцыстычнай архітэктуры — палац Храптовіча ў Шчорсах (Наваградскі р-н) таксама зруйнаваны ў 1914 г. У будынку размяшчаўся нямецкі бліндаж, які быў знішчаны разам з палацам. Між іншым на франтоне палаца меўся лацінскі надпіс «Мір і свабода». У гады вайны разбураны палацы ў Асвеі (Верхнядзвінскі р-н) і Дабраўлянах (Мядзельскі р-н). Цудоўная сядзіба Яблонскай у вёсцы Востраў (Мядзельскі р-н) знішчана з-за праходзячых па яе тэрыторыі нямецкіх і расейскіх акопаў. Пасля ваенных дзеянняў ад цудоўнай сядзібы Верашчакаў у Тугановічах (Баранавіцкі р-н), якая трапіла ў прыфрантавую паласу, засталіся замшэлыя фундаменты былых будынкаў, жахлівыя фрагменты пейзажнага парку. Адначасова разам з сядзібай загінула гістарычная мясціна, звязаная з імем паэта А.Міцкевіча. У час першай сусветнай вайны праз вёску Пясечна (Пінскі р-н) таксама праходзілі нямецкія акопы. У выніку жорсткіх баёў быў знішчаны адзін з буйнейшых на Палессі сядзібна-паркавых ансамбляў, заснаваны яшчэ ў XVIII ст. Друцка-Любецкімі. У імперыялістычную вайну былі значна пашкоджаны сядзіба Віславухаў у Пярковічах (Драгічынскі р-н) і палацава-паркавы ансамбль Агінскага «Паўночныя Афіны» ў Залессі (Смаргонскі р-н); знішчаны сядзібы Плятараў у Дунілавічах (Пастаўскі р-н), Стржалкоўскіх у Міневічах (Мастоўскі р-н), Тадэвуша Агінскага ў Гануце (Вілейскі р-н), палац Марыяны і Ежы Абрамовічаў у Варнянах (Астравецкі р-н). Падчас першай сусветнай вайны пашкоджаны палац у Манькавічах (Столінскі р-н) — цудоўная архітэктурная фантазія пачатку XX ст. на тэму Нясвіжскага замка, які неўзабаве і сам пацярпеў (згарэў пабудаваны ў ім Святаполк-Мірскі палац).