Выбрать главу

Не паспеўшы ачуцца ад ліхалецця імперыялістычнай вайны, дваранскія гнёзды нападкала наступная трагічная падзея: рэвалюцыя 1917 г. Працэс руйнавання панскіх сядзіб распаляўся яшчэ ў першую расейскую рэвалюцыю 1905 г. Мясцовыя памешчыкі з наваколля Краснаполля тэлеграфавалі міністру ўнутраных спраў: «Сяляне знішчаюць маёнткі, вінакурныя заводы, сякуць лес, збіраюцца на мітынгі, паліцыя бяссільная». Калі па Расеі была разгромлена кожная пятнаццатая памешчыцкая сядзіба, то каля Краснаполля — кожная другая. Летам 1906 г. сяляне спалілі сядзібу памешчыкаў Бекмана ў вёсцы Яноўка, Блюмгера ў Малюшыне і шэраг іншых. Лозунг «Мір хацінам, вайна — палацам» рэвалюцыйнай масай быў успрыняты літаральна. Заклік «Паразітам-памешчыкам смерць, усім паразітам-памешчыкам усяго свету!», натуральна, адносіўся і да іх маёмасці. Маёнткі памешчыка Скірмунта ў Пінскім павеце (Парэчча, Моладава і інш.) як старшыні створанага ў сакавіку 1917 г. контррэвалюцыйнага Беларускага нацыянальнага камітэта былі разгромлены сялянамі і салдатамі. Вялікія выпрабаванні выпалі на долю Гомельскага палаца — у час контррэвалюцыйнага мяцяжу ў сакавіку 1919 г. у ім узнік пажар, у выніку якога згарэла шмат памяшканняў.

Цудоўны барочны палац Бжастоўскіх у Мосары (Глыбоцкі р-н) разбураны бальшавікамі ў 1917 г.; паўстаўшымі сялянамі была спалена сядзіба Міхала Карыбута Дашкевіча ў Горках (Гарадзенскі р-н). Рэвалюцыйна-бальшавіцкая стыхія сцёрла з зямлі цудоўны палац графа Манузі ў Бяльмонтах (Браслаўскі р-н). У сакавіку 1918 г. быў спалены сядзібны дом Храпавіцкіх у Каханавічах (Верхнядзвінскі р-н); разам з ім знішчана ўсё яго абсталяванне і зборы твораў мастацтва. Уладальнік сядзібы ў Дзям'янках (Добрушскі р-н), адстаўны расейскі генерал-губернатар М. Герард, падчас рэвалюцыі эміграваў за мяжу, а рэвалюцыйныя масы непаправіма пашкодзілі палац. Разрабаванню панскіх сядзіб пасадзейнічала дэкларацыя Народнага сходу Заходняй Беларусі 1939 г. аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель.

У Другую сусветную вайну разам з мноствам вёсак з твару беларускай зямлі зніклі прыгожыя плацава- і сядзібна-паркавыя ансамблі. У 1943 г. у выніку ваенных дзеянняў зруйнаваны цудоўны помнік архітэктуры класіцызму — палац Пуслоўскіх у Старых Песках (Бярозаўскі р-н). Падчас вайны знішчаны буйны палацава-паркавы комплекс памешчыка Скірмунта ў Моладаве (Іванаўскі р-н), барочныя архітэктурна-паркавыя комплексы ў вёсках Дубай (Пінскі р-н) і Гародна (Воранаўскі р-н), палац губернатара ў Віцебску, сядзіба выдатнага мастака І.Рэпіна ў Здраўнёве (Віцебскі р-н), палац Лявона Ашторпа ў Дудзічах (Пухавіцкі р-н), часткова разбураны сядзібны дом памешчыка Лубінскага ў Межаве (Варшанскі р-н). Гітлераўскія варвары пры адыходзе з Горадні ў 1944 г. падпалілі шэдэўр архітэктуры ракако — Новы замак, ад якога засталіся толькі сцены. Вялікія страты прынесла вайна Гомельскаму палацу, па-варварску разбуранаму фашысцкімі акупантамі. Пад канец вайны адыходзячы нямецка-фашысцкія захопнікі ўзарвалі палац Чапскіх у Прылуках (Менскі р-н). У гады вайны парушана сіметрычна-восевая цэласнасць буйнога палацавага комплексу памешчыка Э. Булгака ў Жылічах (Кіраўскі р-н) — страчана паўднёвае крыло аранжарэі і вуглавы флігель. Тады ж быў цалкам зруйнаваны манументальны класіцыстычны палац Тышкевічаў у Лагойску — культурны асяродак Міншчыны. Пры глабальным разбурэнні Менска ў гады вайны знік і палац магната Сапегі, у якім бываў Петр I у 1706 г.