У пасляваенныя гады панскія сядзібы хаця і не разбураліся мэтанакіравана, але прыходзілі ў заняпад ад бязлітаснай эксплуатацыі і нерацыянальнага выкарыстання. Напрыклад, цудоўны сядзібны дом у Радзівілімонтах (Клецкі р-н), які шмат дзесяцігоддзяў не толькі служыў вяскоўцам жыллём, але і выконваў ролю культурнага цэнтра, з пабудовай побач жалезабетоннага Дома культуры быў аддадзены забыццю і зараз мае варты жалю выгляд, знаходзіцца на мяжы поўнага разбурэння. З-за няшчаднай эксплуатацыі праіснавала толькі да 1953 г. сядзіба Замбрвіцкіх у Вязыні (Маладэчанскі р-н).
Мноства палацаў і сядзіб будавалася з дрэва — матэрыяла недоўгатрывалага, гаручага. Будынкі часта гарэлі, трухлелі ці замяняліся мураванымі. Так да нас не дайшлі палацы Кацярыны II у Мсціславе, Чартарыйскіх у Воўчыне (Камянецкі р-н), Радзівілаў у Чарнаўчыцах (Берасцейскі р-н), былога фаварыта Кацярыны II графа Зорыча ў Шклове і шмат іншых.
І толькі ў апошняе дзесяцігоддзе прымаюцца пэўныя намаганні па аднаўленню непаўторнай чароўнасці старасвецкіх маёнткаў — тых, што яшчэ захавалі сваю архітэктурна-планіровачную аснову. Але такіх засталося няшмат. Максімальнае захаванне сядзібна-паркавага асяроддзя, мэтанакіраванае культурна-масавае выкарыстанне гэтага тыпу архітэктурных помнікаў неабходна для захавання духоўнага здароўя грамадзяніна, для гарманічнага культурна-эстэтычнага развіцця асобы і народа наогул.
Каб атрымаць дакладнае ўяўленне аб страчаных магнацкіх палацах і шляхецкіх сядзібах, аднавіць іх сапраўдны вобраз, аўтару спатрэбілася здзейсніць шматлікія натуральныя даследаванні, правесці аналіз мноства літаратурна-архіўных крыніц. Асаблівую дапамогу ў гэтай справе аказала кніга Р. Афтаназі «Матэрыялы да гісторыі рэзідэнцый», з якой запазычана мноства гістарычных звестак, звязаных з лёсам памешчыцкіх маёнткаў, іх уладальнікамі. Візуальнае ўяўленне аб страчаных помніках дазваляюць скласці шматлікі іканаграфічны матэрыял, асабліва малюнкі мастака-краязнаўца XIX ст. Н. Орды, і архіўныя фотаздымкі.
Маёнтак Аляшэвічы (Шчучынскі р-н Гарадзенскай вобл.) у другой палове XVIII ст. з'яўляўся ўласнасцю рода Барановічаў. Яны заснавалі тут сядзібную рэзідэнцыю. Пасля маёнтак выкупіў Ян Незабытоўскі — фундатар фарнага касцёла ў Свіслачы (Гарадзенская вобл.). Ад яго ўладанне атрымаў у спадчыну сын Крыштаф — падкаморы наваградскі, а потым унук Канстанцін, чалавек багаты і адукаваны, які шанаваў мастацка-паэтычную эліту, заўзяты вандроўнік (наведаў Італію ў 1846–1848 гг.). Апошнім уладальнікам-мужчынам быў старэйшы з трох сыноў Канстанціна — Караль Станіслаў Незабытоўскі (1865–1952), вядомы грамадска-палітычны дзеяч, пасол у Расейскім дзяржаўным савеце, а потым міністр сельскай гаспадаркі і сенатар Польшчы. У 1920 г. у выніку фамільнага падзелу Аляшэвічы дасталіся малодшай дачцэ Караля Станіслава Ірыне (нар. 1907). Яна стала апошняй уладальніцай маёнтка, якім валодала да 1939 г. Пасля першай сусветнай вайны часткова разбураны і разрабаваны палац застаўся без дагляду. Да 1939 г. яго сцены яшчэ існавалі, але потым былі разабраны дашчэнту.
Першапачаткова старажытны палац Барановічаў нёс на сабе рысы позняга класіцызму. Пазбаўлены строгай і яснай кампазіцыі, ён адрозніваўся ўскладненай яруснасцю, шматпланавасцю. Дойлід шукаў новыя выразныя сродкі, адмаўляўся ад традыцыйных порцікаў і каланад, антаблементаў і франтонаў. Палац уяўляў сабой магутны мураваны будынак (таўшчыня сцен дасягала метра), падоўжна-простакутны ў плане, двухпавярховы ў цэнтры і аднапавярховы ў бакавых крылах. Скляпеністыя падвалы, у якіх размяшчаліся гаспадарчыя і службовыя памяшканні, выконвалі ролю высокага падмурка для верхняй часткі дома. Архітэктура будынка — моцныя плоскасныя сцены, расчлянёныя вокнамі з глыбокімі адхонамі, скляпенні падвалаў, сховішчы і патайныя праходы — сведчыць аб яго даволі старажытным паходжанні, магчыма з XVII ст.
У 1850–1855 гг. Канстанцін Незабытоўскі ажыццяўляе грунтоўную перабудову старасвецкай сядзібы па праекту архітэктара Адама Іджкоўскага. Кіраваў работамі вядомы на Гарадзеншчыне архітэктар Аляксандар Градзецкі, які пасля сканчэння ліцэя ў Крамянцы з 1832 па 1861 г. працаваў на Гарадзеншчыне. У выніку старажытны будынак барочнага стылю набыў выразныя рысы позняга класіцызму.